Працягваем вандроўку па Аршаншчыне. Падарожнікаў, што завітаюць сюды, чакае шмат цікавага. Блізкасць да ўсходніх межаў дае пра сябе ведаць, збольшага з мясцовых архітэктурных цікавостак засталіся толькі крушні, але і яны выглядаюць вельмі маляўніча і адлюстроўваюць сумную, але рэчаіснасць. Такім чынам, сёння наведаем гарадскі пасёлак Межава з рэшткамі сядзібна-паркавага ансамблю апошніх гаспадароў колішняга мястэчка Лубенскіх, крушнямі Пакроўскай царквы канца ХІХ стагоддзя і вёску Солаўе з маляўнічымі руінамі царквы Святой Тройцы.
Фота: planetabelarus.by
Чытайце яшчэ: Што паглядзець у Аршанскім раёне. Частка 1
Межава
Наступным прыпынкам на Аршаншчыне прапануем зрабіць вёску Межава, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца 7 кастрычніка 1501 года ў Літоўскай метрыцы як зямля, нададзеная ў пажыццёвае валоданне князем Аляксандрам Пятру Фурсу. Назва Межава, найбольш верагодна, што паходзіць ад слова «мяжа», некалі тут праходзіла нейкая мяжа, на якой і было заснавана паселішча перад тым, як атрымаць сваю назву. Вядома, што старажытнае паселішча на месцы сучаснага Межава ўзнікла значна раней, пра тое сведчыць вялікая колькасць крывіцкіх курганоў, знойдзеная археолагамі ў ваколіцах колішняга мястэчка.
Фота: poshyk.info
Пятро Фурс атрымаў Межава ва ўласнасць, калі ў дзяржаве ўжо год як працягвалася чарговая вайна з Масковіяй, якая моцна спустошыла навакольныя землі. Але Межава не аднаразова аднаўлялася нанова і ўжо напрыканцы XVIII стагоддзя ўзгадваецца як мястэчка, што належала роду Сапегаў.
Пасля падзелу Рэчы Паспалітай, калі тэрыторыя сучаснай Беларусі патрапіла ў склад Расійскай імперыі, Кацярына ІІ падаравала Межава, як і вялікую колькасць навакольных паселішчаў, свайму фаварыту Грыгорыю Пацёмкіну. У гэты час мясцовы буйны землеўладальнік Францішак Ксаверы Любамірскі выменяў Межава ў Пацёмкіна на маёнтак Дуброўна. Род Любамірскіх быў адметны тым, што найперш праз Францішка Ксаверыя, які атрымаў ад Кацярыны ІІ тытул расійскага генерал-лейтэнанта і князя, адным з першых перайшоў у падданства Расійскай імперыі.
Фота: radzima.org
Пасля смерці Францішка Ксаверыя Любамірскага Межава па спадчыне перайшло да ягонага сына Канстанціна. Ён на той час служыў у царскім войску, а калі сышоў са службы ў 1830 годзе, распачаў у Межава будаўніцтва бровара. Вядома, што ў 1850 годзе вінакурняй кіраваў Ілля Шафман. Браварня шмат разоў перабудоўвалася і функцыянавала нават за савецкім часам. Зараз будынак амаль цалкам зруйнаваны.
Фота: planetabelarus.by
Калі Межава перайшло да Любамірскіх, тут ужо была ўзведзена драўляная ўніяцкая царква, асвечаная ў гонар Пакравоў Святой Багародзіцы. Але пасля скасавання Расійскай імперыяй уніі ў 1939 годзе царква была перададзена праваслаўным, як і ўсе іншыя грэка-каталіцкія цэрквы на тэрыторыі Беларусі.
У 1886 годзе ў Межава распачалося будаўніцтва новай праваслаўнай царквы ўжо ў рэтраспектыўна-рускім стылі, каб наблізіць беларускую праваслаўную архітэктурную традыцыю да расійскай. Такія цэрквы ў народзе празвалі «мураўёўкамі» ў гонар генерал-губернатара Мураўёва, які даў загад адносна будаўніцтва падобных цэркваў па ўсёй тэрыторыі Беларусі пасля паўстання 1863–1864 гг. Пасля прыйсця савецкай улады Пакроўскі храм быў зачынены і ў будынку размясцілася мясцовая школа. Па Другой сусветнай вайне царква была перададзена праваслаўным вернікам, але праз дзесяць год зноў была ліквідаваная. Сёння ў Межава мы можам пабачыць гэтую царкву ў вельмі занядбаным стане, які з кожным годам пагаршаецца.
Фота: planetabelarus.by
Месцічы пагаворваюць, што старажытныя храмы будаваліся на месцы старых язычніцкіх капішчаў, часта на ўзвышшах, побач з крыніцамі, якія надзяляліся гаючымі ўласцівасцямі. Храм у Межава мясцовыя жыхары шануюць і як хрысціянскую святыну, і як месца моцы. Колькі год таму зрабілі талаку, павыносілі смецце з тэрыторыі колішняга храма ды выпадкова знайшлі старажытны каменны крыж, які паклалі ў алтарную частку царквы. Той крыж там можна пабачыць і сёння.
Пасля смерці Канстанціна Любамірскага Межава перайшло ва ўласнасць да ягонай дачкі Ганны Канстанцінаўны, якая пабралася шлюбам з графам Францішкам Лубенскім. За іх сынам, апошнім гаспадаром Межава Леонам Лубенскім, напрыканцы ХІХ стагоддзя тут распачалося будаўніцтва мураванай сядзібы ў стылі мадэрн. Сядзібны дом захаваўся і па сёння, але ў перабудаваным выглядзе пасля апошняй вайны, у набліжаным да сталінскага ампіру варыянце.
Фота: planetabelarus.by
Фота: poshyk.info
Сёння ў будынку сядзібы месцяцца праваслаўны прыход храма Серафіма Сароўскага, дзе на вялікія святы збіраюцца вернікі, ды тры крамы. Першае, што пабачаць наведвальнікі побач з колішнім палацам — каменны крыж, усталяваны адразу насупраць уваходу. Месцічы гавораць, што рэліквію ўзнялі ў 2005 годзе з рэчкі Адроў, якая працякае побач з суседняй вёскай Пількавічы. Пагаворваюць, што першапачаткова на крыжы быў бачны надпіс, але яго так і не здолелі расчытаць. Існуе дзве асноўныя версіі паходжання гэтай рэліквіі. Паводле першай, крыж быў надмагіллем жаўнера, які загінуў падчас Паўночнай вайны. Згодна з другой, гэта яшчэ больш старажытны памежны знак, які мог стаяць на межах земляў Друцкага і Віцебскага княстваў.
Фота: planetabelarus.by
Сядзібна-паркавы ансамбль складаўся з самога палаца, парку, бровара і гаспадарчых пабудоваў. Месца для сядзібы было абранае надзвычай маляўнічае на схілах лагчыны, утворанай крыніцай Варанец і ракой Аршыца. Прысядзібны пейзажны парк, закладзены ў 1901 годзе, і сёння лічыцца адным з самых прыгожых месцаў Аршаншчыны ды з’яўляецца прыродным помнікам мясцовага значэння, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Да нашых дзён тут захавалася маляўнічая сетка паркавых сцежак, каменная пляцоўка для танцаў, кампазіцыі з хмызоў ды дрэваў. З экзотаў тут можна пабачыць лістоўніцу еўрапейскую, піхту сібірскую, дугласію шэрую і іншыя цікавыя хваёвыя дрэвы, якім больш за сто год.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Солаўе
Далей прапануем рушыць у вёску Солаўе. Пра яе вядома вельмі няшмат. Солаўе ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1595 годзе ў складзе маёнтка Селішча Аршанскага павета. Ужо ў XVIII стагоддзі вёска ўзгадваецца як частка Дубровенскага графства, якое належала роду Сапегаў.
Фота: valatsuga.by
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай і ўваходжання ўсходніх земляў сучаснай тэрыторыі Беларусі ў Расійскую імперыю, вялікая колькасць мясцовых маёнткаў была падорана Кацярынай ІІ Грыгорыю Пацёмкіну. З 1792 года Солаўе перайшло ва ўласнасць Любамірскіх, якія прынялі падданства Расійскай імперыі, і ўваходзіла ў іх маёнтак Межаўскі ключ разам з суседняй вёскай Малое Солаўе.
Сёння Солаўе варта наведаць аматарам «заброшак» ды маляўнічых крушняў дзеля атмасферных фотаздымкаў. Тут захаваліся рэшткі цікавай царквы, нетыповага помніка рэтраспектыўна-рускага стылю, а з некаторымі гатычнымі рысамі. Храм Святой Тройцы быў узведзены ў 1858 годзе з цэглы, яшчэ да масавага ўзвядзення на тэрыторыі Беларусі «мураўёвак». Кампазіцыйна крыжова-купальная царква складалася з прамавугольнага прытвора, кубападобнай малітоўнай залі, пяціграннай апсіды з бакавымі рызніцамі. Для рэтраспектыўна-гатычнага стылю ў храме найбольш характэрнымі з’яўляюцца вокны. Але сёння тут цяжка прасочваецца ранейшая прыгажосць: некалі велічны будынак імкліва занепадае.
Фота: valatsuga.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ