Зіма не нагода адкладаць знаёмства з турыстычнымі цікавосткамі нашай краіны. Калі не фізічна, то хаця б віртуальна раім працягнуць вандраваць разам з намі. Гэтым разам даследуем Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці. У першай частцы нашага падарожжа наведаем адну з дзвюх захаваных у Беларусі цэркваў абарончага тыпу ў Сынкавічах і вёску Дзярэчын з маляўнічым неагатычным касцёлам ды праваслаўным храмам канца ХІХ стагоддзя.
Фота: planetabelarus.by
1. Сынкавічы
Асноўным турыстычным аб’ектам вёскі Сынкавічы з’яўляецца Свята-Міхайлаўская царква абарончага тыпу. Падобных цэркваў у Беларусі ўсяго дзве: у Мураванцы, што на Шчучыншчыне, і тут, у Зельвенскім раёне. Наконт даты будаўніцтва храма вядзецца шмат дыскусіяў, але дакладна вызначыць яе пакуль не атрымалася. Частка даследчыкаў мяркуе, што царква ўзведзена ў 1407 годзе Вітаўтам, які паспяхова даў рады ўцячы з сутарэнняў Крэўскага замка і ў ваколіцах Сынкавічаў хаваўся ад пераследу Ягайлы, каб не быць забітым, як бацька Кейстут. Іншая частка гісторыкаў схіляецца да больш позняга перыяду будаўніцтва храма, недзе ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Але як бы там ні было, сынкавіцкая царква дакладна з’яўляецца адной з самых старажытных культавых пабудоваў Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Што датычыцца стылю, то ў шэрагу працаў, прысвечаных храму, можна сустрэць вызначэнне «беларуская готыка», калі ў адной пабудове арганічна спалучаюцца некалькі стыляў у розны час пануючых на тэрыторыі краю — готыка і рэнесанс, традыцыі старажытнарускага манументальнага дойлідства, рысы руска-візантыйскага стылю. Свята-Міхайлаўская царква — гэта царква абарончага тыпу, характэрнымі рысамі якога з’яўляюцца: масіўныя вежы, байніцы разнастайнага памеру пад розныя віды зброі, наяўнасць на фасадзе «ліхтарыка» — вакна, праз якое сачылі за наваколлем, адкуль можа прыйсці пагроза. Тры апсіды храма нетыпова спалучаныя адным дахам, таўшчыня сценаў царквы складае паўтары метры. У часы Сярэднявечча навакольныя жыхары мелі магчымасць схавацца ў будынку і вытрымаць аблогу.
Фота: planetabelarus.by
Фота: hawat.by
За сваё працяглае жыццё царква мела шмат перапланаванняў і перабудоваў. Так, у 1760 годзе да храма дададзены бабінец, а ў 1891 годзе ля царквы ўзведзена званіца, што было характэрна для праваслаўных храмаў тагачаснай Расійскай імперыі, але зусім не спалучалася з архітэктурным стылем сынкавіцкай царквы. І сучасная рэстаўрацыя званіцы падкрэсліла гэтае разыходжанне ў стылях яшчэ больш.
Свята-Міхайлаўская царква, 1890
Фота: planetabelarus.by
Унутры царквы варта звярнуць увагу на абраз Маці Божай, які, як кажуць месцічы, дапамагае ў самых цяжкіх выпадках. Цудадзейны абраз з’яўляецца копіяй іконы «Усецарыца», напісанага ў XVIII стагоддзі на гары Афон. У сынкавіцкую царкву ён патрапіў у 2006 годзе. Сёння абраз можна апабачыць на левай калоне, непадалёк ад іканастаса.
Дзярэчын
Апошняй на сёння наведаем вёску Дзярэчын, якой больш за 600 год: першая пісьмовая згадка пра Дзярэчын датуецца пачаткам ХV стагоддзя. Вядома, што ў 1416 годзе князем Вітаўтам за адданую службу Дзярэчын быў падараваны роду Копачаў. Найбольшага росквіту Дзярэчын дасягнуў, калі тут гаспадарыў род Сапегаў, а да іх паселішча перайшло ў XVII стагоддзі.
Дзярэчын, рынак, 1939
Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя ў Дзярэчыне можна было пабачыць рознай ступені захаванасці велічныя мураваныя будынкі касцёла і кляштара дамініканаў у стылі барока і палацава-паркавы ансамбль Сапегаў у стылі класіцызм, узведзеныя ў сярэдзіне XVIII стагоддзя.
Дзярэчын, палац Сапегаў, да 1935, В. Паркат
Дзярэчын, крушні касцёла і кляштара дамініканаў, да 1939
Касцёл і кляштар дамініканаў працягвалі дзейнічаць і пасля ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай, але пасля паўстання 1830–1831 гг. ордэн дамініканаў быў скасаваны Расійскай імперыяй нібы за падтрымку інсургентаў, а пасля Студзеньскага паўстання 1863–1864 гг. зачынілі касцёл, які, выпадкова ці не, але згарэў у 1866 годзе. Неўзабаве касцёл, старадаўняя брама і верхні ўзровень колішняй прыкасцёльнай званіцы былі разабраныя на цэглу. А па Другой сусветнай вайне савецкія ўлады цалкам знішчылі кляштарны корпус і рэшткі званіцы.
Дзярэчын, крушні касцёла і кляштара дамініканаў, 1900
Узвядзенне дзярэчынскага палацава-паркавага ансамблю ў 1786 годзе ў стылі класіцызм фундаваў канцлер Аляксандр Сапега. Будынак быў перароблены ў жылую рэзідэнцыю з першапачатковай вайсковай навучальнай установы, так званай «Акадэміі», спраектаванай вядомым архітэктарам Янам Самуэлем Бекерам. Вядома, што Сапега перанёс асноўную рэзідэнцыю з Ружанаў у Дзярэчын. Як выглядаў будынак, можам меркаваць сёння паводле малюнка Напалеона Орды і фота Яна Булгака. Палацава-паркавы ансамбль быў настолькі велічным, што ў розных крыніцах яго часам называюць Малым Версалем.
Дзярэчын, дамініканскі кляштар, Напалеон Орда, 1877
Дзярэчын, палац Сапегаў і кляштар дамініканаў, Напалеон Орда, 1877
Дзярэчын, палац Сапегаў, Ян Булгак, 1930
Сын Аляксандра Сапегі Францішак працягнуў справу бацькі па перамяшчэнні родавай рэзідэнцыі ў Дзярэчын, перавёз сюды старажытны архіў Сапегаў, каля 3000 рэдкіх выданняў кніг на французскай, лаціне і на іншых мовах, тут жа была размешчана шыкоўная галерэя разнастайных прадметаў мастацтва лепшых еўрапейскіх майстроў.
Дзярэчынская Тэрпсіхора, Партрэт Пелагеі Розы Сапегі (Патоцкай), жонкі Францішка Сапегі, маці Каятана Сапегі, мастак Э. Л. Віжэ-Лебрэн (1793)
Сын Францішка Сапегі Яўстах Каятан Сапега браў актыўны ўдзел у Лістападаўскім паўстанні 1830–1831 гг., за што палац, які быў перададзены яму ў спадчыну, быў секвестраваны расійскімі ўладамі. Яўстах не прыняў прапанову Мікалая І аб вяртанні маёнткаў узамен на падданства Расійскай імперыі. Яўстах Каятан, не згубіўшы годнасці, эміграваў на Захад, але маёнткі Сапегаў сталі ўласнасцю расійскіх чыноўнікаў. У прыватнасці, дзярэчынская сядзіба патрапіла спачатку да сенатара Казначэева, а пасля да генерал-лейтэнанта Зэйме. На пачатку ХХ стагоддзя дзярэчынскі палац быў перароблены ў казармы для вайскоўцаў. Сядзібна-паркавы комплекс у Дзярэчыне быў цалкам знішчаны па Другой сусветнай вайне.
Яўстах Каятан Сапега
Памятная шыльда Каятану Сапегу ў дзярэчынскім касцёле
Калекцыя каштоўнасцей з сядзібы, бібліятэка пасля Лістападаўскага паўстання, вядома, была разрабаваная. У 1832 годзе з Дзярэчына ў Пецярбург было вывезена больш за 30 куфараў скрадзеных каштоўнасцей, сярод якіх былі карціны, габелены, шкло, кнігі, скульптуры, мэбля і іншыя. Расійскі цар Мікалай І асабіста сачыў за размеркаваннем «сканфіскаванага». Нешта перадаў Эрмітажу, у Акадэмію мастацтваў, частку вырак на распродаж, а рэшту, што не ўяўляла каштоўнасці паводле меркавання імператара, загадаў знішчыць.
Фота: planetabelarus.by
Сёння ў Дзярэчыне ўзгадкі пра Сапегаў варта шукаць у касцёле Унебаўзяцця Панны Марыі, пабудаваным у 1913 годзе ў неагатычным стылі з чырвонай цэглы. Сюды перанесена, але ўмуравана ў падлогу падчас рэстаўрацыі касцёла шыльда 1772 года з эпітафіяй, прысвечанай роду Сапегаў, у якой згадваюцца імёны выбітных прадстаўнікоў знакамітага роду, калісьці пахаваных у крыпце мясцовага дамініканскага касцёла, пра незайздросны лёс якога распавядалі вышэй. Яшчэ ў касцёле захаваўся звон, выраблены таксама ў 1772 годзе Янам Тамашэвічам, пра што сведчыць надпіс на ім.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Сам касцёл быў ліквідаваны савецкімі ўладамі ў 1950-х, тут месцілася крама, пасля будынак перадалі пад патрэбы мясцовага калгаса. Храм быў вернуты вернікам толькі ў 1990-я. З ягонай рэстаўрацыяй звязаная шчымлівая гісторыя кахання. У 1843 годзе немцамі на прымусовыя працы была вывезена мясцовая жыхарка Ірэна Жукоўская. З палону яна была вызвалена французскім войскам, сярод жаўнераў якога быў і французскі кінематаграфіст Жан Керхнер, будучы нарачоны Ірэны. Увесь час, што жыла ў Францыі, Ірэна Жукоўская марыла наведаць Дзярэчын, касцёл, дзе была хрышчана, што за савецкім часам «жалезнай заслоны» было немагчыма.
Фота: planetabelarus.by
Ужо пасля смерці жонкі, у 1990 годзе, Жан Керхнер даў рады наведаць Дзярэчын і пабачыў там напаўразбураны за гады гаспадарання савецкай улады храм. У памяць пра жонку Жан вырашыў прафінансаваць аднаўленне храма, за што месцічы яму ўдзячныя па сённяшні дзень.
Жан Керхнер
Шыльда ў касцёле
Яшчэ ў Дзярэчыне сёння варта звярнуць увагу на праваслаўны храм Перамянення Гасподняга, узведзены ў стылі эклектыка ў 1866 годзе, ужо пасля Студзеньскага паўстання, на месцы колішняй уніяцкай царквы.
Фота: vedaj.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ