Беларускае грамадства бадай што ўпершыню за апошнія 20 гадоў сутыкнулася з такой з’явай, як страйкі. Магчыма, большасць беларусаў не да канца ўсведамляе сутнасць такога кшталту пратэстаў, мэты, магчымыя наступствы. Ад вулічных акцый страйкі адрозніваюцца абавязковай неабходнасцю персаніфікацыі ўдзельнікаў. Што дадае рызыкі апошнім.
Апошні раз наша грамадства сутыкалася з рэзанансным страйкам у 1999 годзе, калі ўсяго некалькі дзясяткаў салігорскіх гарнякоў зладзілі марш на Мінск. Усе ўдзельнікі акцыі былі затрыманыя.
Але ў выніку патрабаванні незалежнага прафсаюза ўлады выканалі — пенсіі шахцёрам былі павялічаныя амаль удвая.
Больш за 20 гадоў мінула з тых часоў, таму большасці беларусаў сёння не зразумелы (на мяжы непрыняцця) такі фармат узаемадзеяння пэўных колаў грамадства з дзяржаўнымі органамі.
Гэта відаць па рэакцыі на нядаўнія «італьянскія» страйкі літоўскіх мытнікаў, праз якія фактычна паралізоўваўся рух на мяжы. І ў выніку ўзнікалі нязручнасці ў вялікай колькасці падарожнікаў. Тым больш дзіўна для шараговага беларуса выглядалі страйкі еўрапейскіх авіядыспетчараў, што спынялі авіязлучэнне на цэлым кантыненце.
Сёння страйкі — рэаліі беларускіх пратэстаў. Адным з галоўных элементаў страйкаў ёсць салідарнасць і разуменне з боку грамадзянаў, нават калі ў большасці жыхароў краіны ўзнікаюць цалкам пэўныя нязручнасці. Яскравы прыклад — пратэсты транспартнікаў у Францыі, спыненне руху на некалькі дзён і тыдняў. Якія толькі з’ядналі грамадства, а не выклікалі незадаволенасць (прынамсі сярод большасці французаў).
У беларускай сітуацыі таксама вялікую ролю грае міжнародная салідарнасць. У прыватнасці тая, якая выказваецца прафсаюзнымі структурамі. Дзе добра, на ўласным досведзе, усведамляюць, што страйкі робяць актыўныя ініцыятары і каштоўная любая падтрымка.
Падтрымка прафсаюзаў з усёй планеты
Вельмі прыкра адзначаць, што амаль незаўважным для нашага грамадства прайшоў візіт кіраўніка польскага прафсаюза «Салідарнасць» (аб’ядноўвае 700 000 працоўных) Пятра Дуды ў верасні. Падчас сустрэчы з лідарам канфедэрацыі беларускіх незалежных прафсаюзаў ён падкрэсліў:
«Шмат людзей казалі мне не ехаць у гэтую паездку, бо мяне спыняць на мяжы, але я сказаў, што павінен быць там, я мушу выказаць салідарнасць».
Такая пазіцыя вартая павагі і падзякі з боку беларусаў.
Не менш сур’ёзнай праявай салідарнасці была таксама заява Канфедэрацыі працы Расіі, у якой падкрэсліваецца неабходнасць выканання базавых правоў чалавека, у тым ліку правоў на страйкі. У аб’яднанне ўваходзіць 2 млн транспартнікаў, рабочых і г. д.
Варта таксама згадаць найбольш уплывовыя структуры ў сусветным прафсаюзным руху, якія сталі на бок беларускіх рабочых. А менавіта — прафсаюз AFL CIO, які аб’ядноўвае 12 млн працаўнікоў у ЗША. І нямецкі DGB (6 млн сябраў). У яго звароце адзначаецца:
«Нямецкія прафсаюзы выказваюць салідарнасць са сваімі беларускімі калегамі, якія бяруць удзел у страйках і акцыях пратэсту, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі».
Прыблізна з такой самай пазіцыяй выступілі яшчэ некалькі дзясяткаў прафсаюзных арганізацый і аб’яднанняў з усёй планеты.
Падтрымка можа мець фінансавыя наступствы
Вынікам шматлікіх зваротаў з боку беларускіх і замежных арганізацый стаў разгляд сітуацыі і ліст, накіраваны 9 верасня чыноўнікам у Мінск ад кіраўніка Міжнароднай арганізацыі працы.
МАП мае статус спецыяльнага органа ААН па правах працоўных і аб’ядноўвае прадстаўнікоў прафсаюзных рухаў з розных краінаў.
Кіраўнік гэтай структуры Гай Райдэр звярнуў увагу на неабходнасць вызваліць затрыманых на мірных пратэстах, актывістаў рабочага руху, удзельнікаў выбарчай кампаніі. Асобна было адзначана:
«Ніхто не можа быць пазбаўлены свабоды альбо падвяргацца іншым санкцыям толькі па факце арганізацыі альбо ўдзелу ў мірных страйках ці пратэстах».
Міжнародная арганізацыя працы можа выдаваць рэкамендацыі краінам-удзельніцам, падпісантам міжнародных канвенцый у галіне аховы працы і рэгулявання ў гэтай сферы, праводзіць маніторынг сітуацыі. І заклікаць больш уплывовыя структуры ААН і іншыя сусветныя структуры рабіць прымусовыя захады ў дачыненні да парушальнікаў міжнародных нормаў.
Як, напрыклад, пасля выбараў 2006 года ў Беларусі. Менавіта зварот МАП да Еўрасаюза стаў нагодай для пазбаўлення беларускіх прадпрыемстваў гандлёвых прэферэнцый на еўрапейскіх рынках. Цалкам імаверна, што галоўным матывам для еўрапейскіх санкцый сталі вынікі выбараў прэзідэнта, а расследаванне арганізацыі працы ўціску на прафсаюзныя арганізацыі ў Беларусі фармалізавала рашэнне еўрапейскіх палітыкаў.
Таксама назіраюцца праявы салідарнасці, з якімі, здаецца, раней беларусы не сутыкаліся.
Напрыклад, нарабіў шуму зварот суполкі нямецкага прафсаюзу ver. di (гэта канфедэрацыя арганізацый з амаль 2 млн сябраў), якая заклікала супрацоўнікаў сэрвіснага цэнта Lufthansa не абслугоўваць самалёт Лукашэнкі, які прыляцеў на базу кампаніі.
У такога кшталту заявах акрамя элементу падтрымкі праглядаецца і своеасаблівы ціск на кіраўніцтва кампаніі, а розгалас у прэсе стварае дадатковы эфект для інфармавання заходняга грамадства аб падзеях у Беларусі.
У сваю чаргу прафсаюзны рух і грамадская супольнасць Нарвегіі вымусілі аднаго з галоўных пакупнікоў салігорскіх калійных угнаенняў кампанію Yara накіраваць дэлегацыю ў Беларусь, каб на месцы разабрацца ў сітуацыі з правамі шахцёраў. Па выніках паездкі нарвежцы паведамілі аб неабходнасці далейшага маніторынгу сітуацыі, а таксама наступнае:
«Yara шчыльна супрацоўнічае з прафсаюзамі Нарвегіі, а таксама з іншымі зацікаўленымі бакамі, у тым ліку „Беларуськаліем“, БКК, урадам Нарвегіі, актывістамі прафсаюзаў у Беларусі. Кампанія праінфармавала беларускія кампаніі аб праблемах з правамі асобы і працоўных, на якія звяртаюць увагу прафсаюзныя актывісты з Беларусі і Нарвегіі».
Можа падацца, што пазіцыя мае выключна фармальны характар. Але ў спалучэнні з санкцыямі і палітычнымі заявамі на Захадзе не дадае пазітыўнага фону Лукашэнку і яго атачэнню. А таксама можа стаць прычынаю для падобных дзеянняў з боку іншых кампаній у розных галінах эканомікі. А гэта дадатковая падтрымка беларускім рабочым актывістам, грамадзянам, якая так неабходная цяпер. І не толькі з боку замежнікаў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by