Пад канец XVIII ст. пасля падзення Рэчы Паспалітай увесь еўрапейскі рэгіён, абазначаны ў спецыяльнай літаратуры як Цэнтральна-Усходняя Еўропа, апынуўся ў складзе трох дзяржаў: дзвюх імперый — Аўстрыйскай і Расійскай — і Прускага каралеўства, якое прагнула таксама стаць імперыяй. Якая нацыянальная палітыка вялася ў гэтых імперыях? Наколькі яна была спрыяльнай альбо неспрыяльнай у дачыненні да народаў, што насялялі імперыі? Параўноўваем 2 мадэлі — «аўстрыйскую» і «расійскую».
Народы пачынаюць абуджацца да нацыянальнага жыцця
Новыя ўладары апынуліся перад складанай праблемай — як быць, што рабіць з этнічнай мазаікай гэтага памежнага з азіяцкім усходам рэгіёна.
Народы Аўстра-Венгрыі
Менавіта ён станавіўся першай ахвярай рэгулярных нашэсцяў вандроўных плямёнаў з глыбіняў Азіі, пачаўшы ад IV–V стст.: гунаў, авараў, полаўцаў, балгар, венграў. Міграцыі з перанаселенай Заходняй Еўропы, пераважна, немцаў у ХІ—ХІІІ стст., турэцкая экспансія ад сярэдзіны XІV ст. да канца ХVІІ ст., меншыя лакальныя міграцыі прывялі да размывання этнічных межаў, узнікнення шматлікіх выспаў аднаго народа сярод этнічнай прасторы другога.
Да ХІХ ст. у шматнацыянальных дзяржавах было прасцей — ад усіх патрабавалася адно плаціць падаткі і захоўваць вернасць дынастыі. Усё змянілася ў ХІХ ст., якое гісторыкі называюць «векам нацыяналізмаў». З’явіліся ідэолагі нацыяналізму — «будзіцелі», якія пачалі агітаваць сялянскія масы далучацца да іхняга нацыянальнага праекта. Многія народы пачалі абуджацца да нацыянальнага жыцця, галоўным крытэрыем нацыянальнага падзелу і прыналежнасці стала мова.
Мара імперый — утрыманне культуры падуладных народаў на ўзроўні фальклору
Імперскія ўрады былі вымушаныя выпрацоўваць адмысловую нацыянальную палітыку з галоўнай мэтай — утрымаць народы пад сваёй уладай. Прычым гэтая палітыка ўвесь час мусіла змяняцца, дапасоўвацца да новых гістарычных рэалій. Напрыклад, пасля рэвалюцыйных падзей 1848 г., названых «Вясной народаў». Часам такія змены-павароты бывалі даволі крутымі. Калі расейцы задушылі паўстанне 1830–1831 гг. на «сваіх» землях Рэчы Паспалітай, то рэпрэсіі супраць палякаў разгарнулі не толькі яны, але і суседнія Прусія ды Аўстрыя.
Часам у адной дзяржаве ў яе аўтаномных частках праводзілася моцна адрозная нацыянальная палітыка, як напрыклад, у каронных землях Аўстрыі і Венгерскім каралеўстве. Або расейская палітыка ў Польскім каралеўстве і Віленскім генерал-губернатарстве, спрыяльная польскасці да 1830 г., а пасля паўстання рэзка антыпольская.
Мэтай і марай імперый было ўтрыманне развіцця падуладных народаў на ўзроўні фальклору (так засталося і ў савецкай імперыі). Хай сабе таньчаць ды спяваюць ў сваіх сялянскіх строях у прызначаны час і ў адведзеным месцы. А пра г.зв. высокую культуру няхай і не мараць! Аднак сярод паняволеных народаў былі не толькі адно «сялянскія» з асіміляванай арыстакратыяй, але і такія як венгры ці палякі, якія мелі развітую высокую культуру і «свежую» памяць пра ўласную дзяржаўнасць. Як быць з імі?
Агулам з усяго комплексу і вопыту самых розных прыёмаў і методык імперскай нацыянальнай палітыкі даследчыкі вылучылі дзве мадэлі: расейскую і аўстрыйскую (бо большасць абшару Цэнтральна-Усходняй Еўропы знаходзілася ў гэтых дзяржавах).
«Аўстрыйскай мадэль» нацыянальнай палітыкі
У «аўстрыйскай мадэлі» (не дзейнічала ў Венгрыі) не ўжывалася паняцце «дзяржаўны народ».
Аўстрыйскі імператар у Львове, сустрэча з мясцовымі. 1880 г. Фота: Нацыянальны музей у Кракаве
У канстытуцыі Аўстрыйскай імперыі 1867 г. быў уведзены запіс: «Усе народы ў дзяржаве раўнапраўныя і кожны мае непарушнае права абароны і развіцця сваёй нацыянальнасці і мовы». Насамрэч у практыцы бывала па-рознаму (па факце дамінавала нямеччына), але такі падыход усё-такі ствараў спрыяльныя ўмовы для кшталтавання ўласнай нацыянальнай тоеснасці. Такая ж палітыка праводзілася і ў рэлігійных справах.
«Расійская мадэль» нацыянальнай палітыкі
«Расійская мадэль» зусім іншая — ёсць прывілеяваны дзяржаўны народ і дыскрымінаваныя «інародцы». Не было гаворкі пра раўнапраўнасць нацыянальнасцяў, а раўнапраўнасць асобы была магчымая толькі праз асіміляцыю да паноўнага народа.
В. Верашчагін. Карціна 1870 г. — заваёва Бухары Расіяй
Нацыянальная палітыка была шчыльна звязаная з рэлігійнай — мелася пануючае веравызнанне — праваслаўе. Дзяржава праводзіла палітыку дыскрымінацыі «інародцаў» і асіміляцыі ў дзяржаўны народ. Палітыка гэтая магла розніцца адносна канкрэтных нацыянальнасцяў (напрыклад, палякам дазвалялі навуку рэлігіі на роднай мове, а ўкраінцам і беларусам — не).
Якраз расійская мадэль нацыянальнай палітыкі практыкавалася ў Венгерскім каралеўстве ў складзе Аўстра-Венгрыі ў ХІХ ст. і ў міжваенны перыяд у наваствораных дзяржавах Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
Вынікі на прыкладзе Украіны
Практычныя вынікі выкарыстання дзвюх мадэляў у адной краіне сёння добра бачныя на прыкладзе Украіны. Заходняя былая «аўстрыйская» з дамінацыяй украінскай мовы і культуры, грэка-каталіцкай царквы і ўсходняя «расійская» — моцна зрусіфікаваная, настолькі, што расійцы залучаюць яе ў «рускі мір» сілай зброі.
А ўсё-такі шкада, што Беларусь не трапіла пад Аўстрыю, хоць бы кавалак... Мяжа ж праходзіла па ўскрайку Берасця.
Украіна 2012–2013 гг. Мова ў школах. Крыніца: language-policy.info
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org