«Вельмі страшна зрабіць інакш»

У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, скрадзены голас і страхі сістэмы распавядае Ганна — студэнтка і ўрбаністка.

pl1.JPG

Пра плакат. Мой плакат «Вярніце мой голас», вядома, кажа пра тое, што на выбарах мой голас не палічылі ці сфальсіфікавалі. Ніхто так і не пачуў, чаго я хачу і каго я абрала.

У мяне ў прамым і пераносным сэнсе скралі голас. Яго не проста не палічылі. Як дзяржаве, так і ўсім людзям, якія працуюць у гэтай сістэме, было ўсё роўна, што я думаю і што кажу. Да выбараў, падчас выбараў, пасля выбараў — ім абсалютна ўсё роўна.

Сістэма «для галачкі». У школе мяне вельмі прасілі, амаль з пагрозамі, уступіць у БРСМ. Але я адзіная з класа туды катэгарычна не ўступала. Памятаю, як прасілі, маўляў, «у цябе такая добрая наведвальнасць, калі ласка, я асабіста цябе прашу». Але я была катэгарычным дзіцем. Ва ўніверсітэце ўвесь час прымушалі хадзіць на нейкія незразумелыя прафсаюзныя мерапрыемствы пад пагрозай «двойкі» па прадмеце, праверкі дэкана. Я разумела, што ніхто мне не паставіць «два». Мне было вельмі шкада маіх аднакурснікаў, якія сапраўды на гэта вяліся.

Ва ўсёй гэтай сістэме, калі, напрыклад, хаджу на хакей, прылятае майму класнаму кіраўніку, які проста выконваў загад завуча. Калі не пракантралюе завуч школы, тады будзе лаяцца дырэктар, які не выканаў план ад Міністэрства адукацыі. То бок ва ўсёй гэтай сістэме досыць шмат звёнаў, і ніхто не мае права голасу, не мае ўплыву.

«Вярніце мой голас» — гэта не толькі пра выбары, не толькі пра прыгожы плакат. Гэта пра тое, што ва ўсёй дзяржаўнай сістэме ўсім усё роўна. Ніхто не хоча слухаць, што табе трэба, што ты хочаш. Усім толькі трэба рабіць для галачкі. Галачкі для Міністэрства адукацыі, галачкі для рэктара, галачкі для нейкага незразумелага бланка.

pl2.JPG

Страх рабіць інакш. Гэта, хутчэй за ўсё, страх, нежаданне. Вельмі страшна сказаць «не», вельмі страшна зрабіць штосьці інакш ва ўсёй гэтай сістэме, вельмі страшна мець уласнае меркаванне. Страшней і цяжэй за ўсё супрацьстаяць.

Калі я як вучаніца яшчэ магу сказаць «не», то ўжо мой класны кіраўнік не можа сказаць «не» вышэйшаму звяну. Бо тады гэты чалавек страціць працу, альбо стане ізгоем, альбо пазбавіцца падвышанага заробку. І падчас выбараў, калі кралі нашы галасы, на ўчастках сядзелі ўсё тыя ж настаўнікі, якім надзвычай страшна, якія проста не могуць зрабіць па-іншаму. А каб змяніцца і змяніць гэтую сістэму, трэба вельмі шмат сіл, вельмі шмат адвагі. Але ў людзей проста няма гарантыі лепшага жыцця пасля. Таму яны працягваюць рабіць тое, што рабілі ўсё сваё жыццё.

Крытычнае мысленне і змены. У нас няма навыкаў крытычнага мыслення, бо складана супрацьстаяць сістэме, у якой ты вырас, вучыўся, у якой працуеш. Як можна рабіць нешта іншае, калі ты нават не маеш уяўлення што гэта?!

Кірыл Стаселька, budzma.org