Позняя вясна — час, калі хочацца сабраць блізкіх і сяброў на пікнік і прыгатаваць нешта смачнае на вуліцы. Добры аналаг шашлыкам — вэнджаныя стравы. Budzma.org распавядае, як прыгатаваць традыцыйную смачную і карысную беларускую закуску — вэнджанае вуха.
Умацоўваюць косткі і амалоджваюць
Нашыя продкі вэндзілі рыбу і мясныя прадукты, каб захаваць іх на больш працяглы час. Безумоўна, вэнджанне надавала прадуктам асаблівы смак. Вэнджаная рыба ці сала або паляндвіца — сапраўдны далікатэс. Менш вядомая, але не менш смачная страва — вэнджаныя свіныя вушы.
Лічылася, што страва гэтая не толькі смачная, але і карысная. Ужыванне свіных вэнджаных вушэй умацоўвае косткі, спрыяе хуткаму гаенню раны ці траўмаў, амалоджвае і не псуе фігуры. Навукоўцы пацвярджаюць гэтую тэорыю — свіныя вушы ўтрымліваюць кальцый, магній, ёд, фосфар, калаген і амаль не ўтрымліваюць вугляводаў.
Як завэндзіць свіныя вушы?
Перад тым, як вушы гатаваць, іх трэба падрыхтаваць. Абсмаліць з дапамогай гарэлкі, або дома з дапамогай газавай пліты. Затым — счысціць нагар (лепш за ўсё гэта рабіць ножыкам), вуха добра прамыць. Калі ўпэўніліся, што валасы і нагар выдалены з вуха — пачынаем варыць. Варыцца вуха прыкладна дзве гадзіны, для пікантнасці варта дадаць некалькі гарошынак духмянага або чорнага перцу, лыжку солі і пару лісткоў лаўрушкі.
Калі вуха зварылася, яго трэба дастаць і даць астыгнуць, каб не апячы рукі падчас націрання вуха марынадам. Потым пасыпаць вуха молатым перцам і соллю па смаку, паліць алеем і добра нацерці.
Загадзя трэба распаліць вяндлярню. Вэндзіць стравы лепш за ўсё на шчапе з вішні ці грушы, ні ў якім разе нельга ўжываць шчапу з хвойных дрэваў. Вяндлярню зараз можна набыць амаль у любой прадуктовай краме ў аддзеле для пікнікоў.
Вуха пакласці ў распаленую вяндлярню на гадзіну. Гатовае вуха парэзаць палоскамі. Ужываць смачней з чырвоным хрэнам ці гарчыцай. Такім чынам можна гатаваць не толькі свіныя вушы, але сала ці рыбу.
Смачна есці!
Алесь Масевіч, budzma.org