Нават калі б яна напісала ўсяго адзін верш, то ўвайшла б з ім у гісторыю беларускай літаратуры. «Салідарнасць» расказвае пра аўтарку легендарных «Ручнікоў» Веру Вярбу.
Фота: nlb.by
14 студзеня нарадзілася Вера Вярба: адна з самых яскравых беларускіх паэтак мінулага стагоддзя, перакладчыца, аўтарка песні «Ручнікі», якую выконваў ансамбль «Песняры» — а многія дык наогул лічылі народнай.
Анягож, тыя самыя радкі «У суботу Янка ехаў ля ракі. Пад вярбой Алёна мыла ручнікі...» — аўтарства Веры Вярбы. Хоць насамрэч яна і не Вера, і не Вярба. А хто ж?
Гертруда Маркава — такое сапраўднае імя і прозвішча паэткі — з’явілася на свет 14 студзеня 1942 года (дарэчы, у адзін дзень з паэткай Канстанцыяй Буйло, толькі з розніцай у паўстагоддзя) пад Талачыном, у вёсцы Высокі Гарадзец.
Пра бацьку яе Пятра Маркава вядома няшмат, бо той загінуў пад Смаленскам у 1941-м — а маці неўзабаве пераехала з дачкой у Мінск, працавала інжынерам.
Пасля школы дзяўчынка паступіла на філфак БДУ, — а куды яшчэ, калі яе вершы ўжо друкаваліся ў часопісах «Вясёлка», «Маладосць», «Полымя» ды іншых? Яшчэ да заканчэння інстытута яна дэбютавала з паэтычным зборнікам «Вочы вясны», які добра прынялі крытыкі. Больш за тое, у свой выпускны год паэтка была прынятая ў Саюз пісьменнікаў БССР.
Менавіта такую характарыстыку даў ёй вопытны літаратар Мікола Аўрамчык — з ім таленавітая дзяўчына перасяклася яшчэ школьніцай, калі рабіла першыя крокі ў літаратуру і прыносіла свае вершы ў рэдакцыю «Маладосці».
«Яна вельмі смелы чалавек была і вельмі своеасаблівы чалавек. Вельмі дзёрзка трымалася, магла і жартаваць, і кпіць з нашых хлопцаў, з паэтаў — тым больш», — прыгадваў ён.
Тое самае, па словах пісьменніка, адносілася і да творчага стылю аўтаркі — у яе атрымалася быць ні да кога не падобнай.
«Не заўважыць гэтага прыходу нельга было, бо Вера была трапяткой, тоненькай, прыгожай, і вершы яе адразу ж былі непадобныя да іншых», — пагаджаўся з такой ацэнкай Генадзь Бураўкін.
І дадаваў, што акрамя вялікага таленту, у паэзіі Веры Вярбы былі лірычнасць, эмацыйнасць і жаноцкасць — тое, чаго не ставала беларускай пасляваеннай паэзіі.
Фота з фонду Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры
«Для мяне гэта быў сымбаль жаночай прыгажосці ў паэзіі», — скажа пазней ейны калега па часопісе «Беларусь» Адам Глобус.
Многія яе творы, як адзначалі крытыкі і літаратуразнаўца, былі напісаныя ў інтанацыях народных песень — мо таму так «зайшлі» некалькім пакаленням яе «Ручнікі»?
Пра гэты верш, які паэтка напісала яшчэ ў 17 год, а таксама пра добрую і дрэнную славу, якую ён прынёс аўтарцы, варта згадаць асобна.
«Ручнікі» паклаў на музыку Мікалай Пятрэнка, выкладчык Полацкай педвучэльні і самадзейны кампазітар. А першымі выканаўцамі песні стаў жаночы дуэт — Тамара Дзядко і Валянціна Альхоўская з Лёзна заспявалі пра Янку і Алёну на абласным конкурсе самадзейнасці ў Віцебску.
Песню не проста заўважылі — яе пачалі спяваць на святах і фестывалях па ўсёй краіне.
«Ручнікі» пачуў і Уладзімір Мулявін — і быў так натхнёны, што зрабіў новую аранжыроўку, і ў выкананні «Песняроў» кампазіцыя стала сапраўдным хітом. Рэфрэн з яе дагэтуль, здаецца, не ведае толькі зусім лянівы слухач.
Студыйны запіс «Ручнікоў», 1971 год
Але ж... Менавіта з-за гэтай папулярнасці многія чамусьці вырашылі, што словы і музыка — народныя, так абвяшчалі на канцэртах і друкавалі ў песенных зборніках, так амаль дзесяць год прадавалася вялікая пласцінка «Песняроў». І спатрэбілася нямала часу, каб аднавіць справядлівасць.
Хоць не ўсім, трэба зазначыць, была даспадобы як папулярнасць Веры Вярбы, так і яе манера — незалежная, прамая, са схільнасцю казаць, што думае, у вочы нават там, дзе было б лепш прамаўчаць, любоўю пасмяяцца з іншых і з сябе самой.
Максім Танк, напрыклад, апісаў паэтку так: «Яе ручнікі даўно паплылі, а яна ўсё стаіць на беразе і рагоча». Што з гэтага рэальна, а што зайздрасць — пытанне адкрытае.
А вось так верш Веры Вярбы ў праекце #незагаснуцьзоркіўнебе прачытала паэтка і журналістка Сабіна Брыло.
Дык адкуль і чаму ўсё ж узяўся псеўданім — Вера Вярба? Прыдумала яго паэтка далёка не адразу. А склалася абранае творчае імя з дзвюх крыніц.
Імя — ад Веры Харужай, якой аўтарка шчыра захаплялася, лічыла ідэалам, прысвяціла ёй паэму «Каліна» і нават падрыхтавала кінасцэнар пра жыццё і гібель віцебскай падпольшчыцы (аднак фільм па ім не знялі).
Прозвішча ж — яна вырашыла, што гэта будзе адно з дрэваў. Паводле некаторых крыніц, спачатку хацела стаць Бярозкінай, але ці то адгаварылі, ці сама перадумала. І стала Вярбой — у народнай творчасці гэта сімвал смутку, плачу, а ў яе вершах — яшчэ і лірычнай пяшчоты, і сувязі з роднымі каранямі.
Дарэчы, ёсць версія, што літаратурны псеўданім паэтка ўзяла вымушана, бо ўладкавалася на сур’ёзную пасаду — цэлым старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры ўпраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта па друку БССР. Якая ўжо тут жаноцкая лірыка пад сваім прозвішчам.
Зрэшты, у шэрагах чынавенства Вярба прабыла нядоўга, потым перайшла ўжо на пісьменніцкую працу — у газету «Літаратура і мастацтва», далей у часопіс «Беларусь».
Такой убачыў паэтку мастак Арлен Кашкурэвіч, які афармляў і яе кнігі. 1967 год. Малюнак і здымак з фонду Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры
Пасля дэбюту ў Веры Вярбы адзін за адным выйшаў шэраг паэтычных зборнікаў: «Белыя пісьмы», «Высакосны год», «Сіняя бухта», «Альфа», «Яраслаўна», «Мая маленькая планета».
Але далёка не ўсе іх крытыкі прымалі станоўча, паэтка сутыкнулася з шэрагам разгромных рэцэнзій на старонках рэспубліканскай прэсы, а адзін з падрыхтаваных ужо зборнікаў, «Снежань», так і не ўбачыў свет, бо атрымаў адмоўныя водгукі ад тых, чыё меркаванне было для яе важным.
Зрэшты, рэалізавалася яна і ў іншым кірунку — перакладчыцкай працы. Вера Вярба перакладала на беларускую мову з украінскай, рускай, літоўскай, яўрэйскай, узбекскай. Адна з самых вядомых і ўдалых яе работ — пераклад аповесці «Дзікі сабака Дзінга, або Аповесць пра першае каханне» (1975).
Іван Пташнікаў, Вера Вярба, Іван Чыгрынаў. 1962 год. Фота з фонду Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры
Таксама яна спрабавала сябе і ў прозе — напрыклад, прысвяціла колькі нарысаў шахцёрам Салігорска, сярод якіх пражыла пэўны час. Але прызнавалася, што празаічныя творы, прынамсі для яе, пісаць значна больш складана, чым паэзію.
Але, магчыма, галоўным «праектам» для паэткі стаў яе сын. Калі пра мужа Веры Вярбы шырокай публіцы вядомае толькі прозвішча — Сакалоў, а пра рамантычныя адносіны — намёкі паміж радкоў («быў, калі прызнацца, скупы любові правіянт»), то сваю любоў да сына яна вымаўляла не саромеючыся, на поўны голас, прысвяціўшы яму нізку вершаў і фактычна цэлы паэтычны зборнік, і значэнне мацярынства не дала б прынізіць нікому, бо з вобразам мацярынства ў яе наўпрост звязаны і вобраз маці-радзімы:
— Што ты зрабіла для народа?..
Я гадавала вам дзіця. («Белыя пісьмы»)
Пасля сыходу з часопіса «Беларусь» Вера Вярба перастала пісаць. Апошні яе зборнік — сімвалічна, што называўся ён «Апошні верасень» — выйшаў у 1995 годзе. І больш не было нічога: ні вершаў, ні дзённікаў ці ўспамінаў пра іншых творцаў, ні аўтабіяграфіі. Хоць ёй, «эфектнай жанчыне», якая абуджала пачуцці ад любові да злосці, відавочна было б пра што распавесці.
Рэдкі здымак з архіву Сяргея Панізніка: пантофлік Веры Вярбе на вясёлых пасядзелках літаратараў цалуе не хто іншы, як Яраслаў Еўдакімаў. 2004 год. Фота: mijory.by
Яна перабралася жыць з тлумнага Мінска на дачу ў Крыжоўцы, жыла фактычна ў самоце, разводзіла кветкі, трымала маленькі агарод.
Уласна, тут яе і знайшоў сын у ліпені 2012 года. І дзіва, што песня на верш паэткі дагэтуль гучыць і прыводзіць у захапленне слухачоў, і што нават з гэтым адным вершам яна ўвайшла б у гісторыю беларускай літаратуры — а вось з ушанаваннем памяці бяда.
Пахаваная Вера Вярба на могілках у Калодзішчах пад Мінскам. Фота: bellit.info
На філфаку БДУ, які калісьці скончыла Гертруда Маркава, дагэтуль звесткі аб ёй пададзены бюракратычна-куртатыя, да таго ж з памылкай. Мемарыяльная дошка, памятны знак на малой радзіме? Не, не чулі...