Хіба самая беларуская страва, што на слыху — верашчака. Гэта своеасаблівая поліўка, адмысловая мачанка, якую падавалі да бліноў здаўна. Рэцэптаў верашчакі ёсць сотні, некаторыя вядомыя яшчэ з XVIII стагоддзя. Прапануем прыгатаваць гэтую страву па нескладаным рэцэпце з прадуктаў, што можна купіць у любой краме.
«За караля Саса лыжкай кілбаса»
Згодна з беларускім даследчыкам гісторыі кухні Алесем Белым, верашчака была тлустай мясной стравай, агульнай для народаў Рэчы Паспалітай. Пры двары караля Аўгуста III Саса быў славуты кухмістр Верашчака, які быў вынаходнікам пэўнага спосабу падачы каўбасы. Падавалі яе парэзанай у талерцы і перакладзенай кавалкамі сала з поліўкай. Елі гэтую страву лыжкаю, адкуль пайшла прымаўка: «за караля Саса лыжкай кілбаса». Верашчаку елі як самастойную страву, таксама маглі падаваць з блінамі ці хлебам.
Дадавалі ў верашчаку ўсё, што было ў хаце: мяса, сала, вяндліны, каўбасы, грыбы сушаныя ці свежыя, зеляніну, цыбулю, часнок, спецыі і соль. Камусьці падабаліся злучэнні пэўных прадуктаў, такім чынам складаліся сямейныя рэцэпты, якія ішлі потым у свет.
Чытайце яшчэ: «Дзярун-бургер» — альтэрнатыва «біг-маку», або Кулінарны эксперымент ад «Будзьма!»
Як прыгатаваць верашчаку на квасе з блінцамі?
Каўбасу пальцам пханую трэба адварыць да гатоўнасці, даць ёй астынуць і парэзаць на кольцы. Грудзінку ці сала парэзаць кавалкамі і выкласці на патэльню, каб вытапіўся тлушч, тады дадаць каўбасу, падсмажыць, каб мяса займела крыху залацісты колер.
Потым трэба дадаць пасечаную цыбулю. Цыбулі не шкадуйце, чым больш, тым смачней! Сумесь перцаў і каляндры растаўчыце ў ступе.
Лайфхак ад кухара: прынады лепш таўчы самім, такім чынам яны больш раскрыюць свой водар і смак.
Дадаем прынады ў страву, перамешваем, кладзем пару лаўровых лісткоў і некалькі цвічкоў гваздзікі — зноў-такі для водару і смаку.
Заліваем шклянкай квасу, дадаем часнок і крыху солі па смаку. Перамешваем і тушым каля 10 хвілін, не забываючы памешваць. Каб зрабіць верашчаку больш густой — дадаем муку, замешаную менавіта ў халоднай вадзе. Перамешваем яшчэ раз — і страва гатовая.
Чытайце яшчэ: Хлебны квас, узвар з чарэшні і клубнічна-вяршковы кактэйль. Гатуем смачныя летнія напоі разам з «Будзьма!»
З чым есці такую страву? З блінцамі! Бліны нашыя продкі гатавалі як штодня, так і згодна з аграрным календаром. Зараз акурат дажынкі, у гэты час гатавалі блінцы — страву з бульбы і мукі, яны надта нагадваюць сонейка, тут акурат і адсылка да аграрных традыцый продкаў.
На дробнай тарцы натаркуйце бульбы, дадайце некалькі лыжак мукі, убіце яйка, дадайце крыху малака і трошкі прысаліце, вымешайце да аднароднай масы і смажце на патэльні. Смажыць можна як на сале, так і на алеі.
Такую страву можна падаваць як сытны сняданак, абед ці нават на сяброўскую вячэру.
Смачна есці!
Нам спатрэбяцца на 4 порцыі:
Свіная грудзінка — 200 грамаў
Цыбуля — 200 грамаў
Бульба — 350 грамаў
Мука — 100 грамаў
Малако — 100 мілілітраў
Квас — 200 мілілітраў
Вада — 150 мілілітраў
Часнок — 4 зубчыкі
Адно яйка
Прынады і соль — па смаку
Чытайце яшчэ:
Гатуем з «Будзьма»! Смачны сняданак для вашай сям’і — бліны з мачанкай
АМ, budzma.org