Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Верхнядзвінскім раёне. Частка першая

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Сёння прапануем наведаць Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці па наступным маршруце: Верхнядзвінск — Каханавічы — Асвея — Сар’я — Росіца — Вопытная — Бігосава — Бароўка. Тут пабачым цэрквы, касцёлы, старасвецкія сядзібы, прыродныя помнікі, местачковую забудову канца пазамінулага стагоддзя, магілы нашых славутых землякоў. Гэтым разам спынімся непасрэдна ў Верхнядзвінску і ў вёсцы Каханавічы.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Верхнядзвінск

У нашай вандроўцы па Верхнядзвінскім раёне спачатку скіруемся непасрэдна ў раённы цэнтр Верхнядзвінск, які мае гістарычную назву Дрыса, адпаведна, колішняя назва ваколіцаў — Дрысеншчына. Сам горад быў перайменаваны адносна нядаўна, за савецкім часам у 1962 годзе.

2.jpg
Фота: planetabelarus.by

Першыя згадкі пра Дрысу ў пісьмовых крыніцах як умацаванага паселішча на месцы ўпадзення ракі Дрыса ў Дзвіну датуюцца 1386 годам. Тады ўзгадваецца і Дрысенскі замак — адзін з фарпостаў Полацкага княства, пабудаваны на месцы, дзе рака Дрыса ўпадае ў Дзвіну. Узвядзенне Дрысенскага замка было моцным штуршком да развіцця паселішча не толькі як фартыфікацыі, але і як важнага эканамічнага цэнтра Полаччыны.

3.jpg
Дрыса, 1878

4.jpg
Фота: planetabelarus.by

У першай палове XVI стагоддзя Дрыса была гандлёвым цэнтрам на Дзвіне, уладаннем вялікіх князёў. Мясцовае насельніцтва займалася ў асноўным купляй-продажам лесу. Падчас Лівонскай вайны ў 1563 годзе адноўлены Дрысенскі замак, як і сама Дрыса, былі разбураны маскоўскім войскам. Сёння ад замка не засталося ніякіх бачных прыкметаў, апроч Дрысы і Дзвіны, плыні якіх зліваюцца ў сваім ранейшым месцы.

5.jpg
Фота: planetabelarus.by

5-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

У 1777 годзе Дрыса атрымала статус горада. У 1781 годзе, ужо пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай і патрапляння пад уладу Расійскай імперыі, паселішча атрымала герб: «У залатым полі Пагоня з чырвоным шчытом, на якім срэбны падвойны крыж». У 2002 годзе гістарычны герб Дрысы быў зацверджаны, толькі трошку зменены, з яго былі прыбраныя імперскія сімвалы: карона і двухгаловы арол.

6.jpg
Герб Дрысы, 1843

6-1.jpg
Герб Дрысы, 2002

З архітэктурных цікавостак у Верхнядзвінску варта звярнуць увагу на два храмы, пабудаваныя ў ХІХ стагоддзі: касцёл Нараджэння Панны Марыі і царкву Святога Мікалая.

7.jpg
 Фота: planetabelarus.by

8.jpg
Фота: planetabelarus.by

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваны ў стылі класіцызм у 1809 годзе, быў адноўлены ў 1867 годзе. Першы вядомы касцёл з’явіўся тут у 1734 годзе і быў драўляным. Побач з касцёлам у 1860 годзе былі ўзведзены плябанія, флігель, капліца, стайня ды свіран. У 1899 годзе плябань згарэла, новая, якую мы можам пабачыць і сёння ў Верхнядзвінску, была ўзведзена на пачатку ХХ стагоддзя. За савецкім часам будынак храма выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, толькі ў 1990 годзе ён быў вернуты вернікам.

9.jpg
Дрыса, касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, 1905

10.jpg
Інтэр’ер касцёла, 1911

10-1.jpg
 Фота: fotobel.by

Царква св. Мікалая ў Верхнядзвінску была пабудаваная ў 1819 годзе ў стылі класіцызм. Знешне даволі сціплая, моцна адрозніваецца ад цэркваў, якія будаваліся на паўстагоддзя пазней, пасля Студзеньскага паўстання, так званых мураўёвак. Унутры царквы варта звярнуць увагу на абраз «Маці Божая Вастрабрамская» ХІХ стагоддзя, абразы XVIII стагоддзя «Евангелісты Матфей і Лука» і «Раство Маці Божай».

11.jpg
Фота: planetabelarus.by

12.jpg
Фота: fotobel.by

У Верхнядзвінску не варта абмінаць увагай і местачковую забудову канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Тут захавалася некалькі будынкаў азначанага перыяду, сярод якіх і будынак сучаснага Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея ў стылі мадэрн. Музей размясціўся тут пасля 2015 года. На пачатку ХХ стагоддзя тут быў дом і майстэрня вядомага ва ўсёй Еўропе майстра абутку яўрэйскага паходжання.

13.jpg
Фота: planetabelarus.by

14.jpg
Фота: fotobel.by

15.jpg
Фота: fotobel.by

Асноўнай прыроднай адметнасцю Верхнядзвінска з’яўляецца рака Дзвіна, на якой ён пабудаваны. З ёй звязаныя яшчэ дзве мясцовыя цікавосткі, наяўнасцю якіх можа пахваліцца далёка не кожны горад Беларусі: мост, які лічыцца адным з самых высокіх у нашай краіне, вышынёй 25 метраў, і добраўпарадкаваны пляж на беразе Дзвіны з чысцюткім пяском, дзе можна прыемна адпачыць улетку.

15-1.jpg
 Фота: planetabelarus.by

Пры жаданні затрымацца даўжэй у Верхнядзвінску заночыць тут можна ў гасцініцы «Ніка», з адносна свежым рамонтам дзесяцігадовай даўніны, кошты нумароў стартуюць ад 35 BYN. З месцамі, дзе падсілкавацца ці выпіць кавы, таксама тут не мусіць быць праблемаў: ёсць і сталоўка, і рэстарацыя, і пара кавярняў.

15-2.jpg

Каханавічы

16.jpg
Фота: yandex.by

Далей прапануем рушыць у вёску Каханавічы, вядомую дзякуючы дзейнасці аднаго з першых беларускіх фалькларыстаў Ігната Храпавіцкага. Упершыню Каханавічы ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах у XVII стагоддзі як уладанні Лавейкаў. Каля 1628 года Хрысціна Лавейка ўзяла шлюб з Яўстахам Храпавіцкім. Пасля Каханавічы належалі Нававачынскім, якія ў 1698 годзе фундавалі тут будаўніцтва першай царквы Пятра і Паўла, пасля Рудамінам-Дусяцкім, якія прадалі Каханавічы зноў Храпавіцкім. У 1823 годзе Яўстах Храпавіцкі збудаваў тут рыма-каталіцкую капліцу Маці Божай. Ніводзін храм, на жаль, да нашых дзён не захаваўся.

17.jpg
Петрапаўлаўская царква, Каханавічы, пасля 1911

Быў у Каханавічах і палацава-паркавы ансамбль, узведзены Яўстахам Храпавіцкім у першай палове ХІХ стагоддзя. Палац апісваецца як збудаваны з маронага дрэва на высокіх скляпеннях, меў па бакавых восях кароткія крылы, што ўтваралі разам з галоўным прамавугольным корпусам літару «С» (Chrapowicki), а таксама трохсценны рызаліт пасярэдзіне, што дазваляла бачыць палац у плане як літару «Е» (Eustachy).

18.jpg
Сядзіба Храпавіцкіх, Каханавічы, 1912

18-1.jpg
Сядзіба Храпавіцкіх, Каханавічы, 1912

Інтэр’еры палаца ўражвалі сваёй шыкоўнасцю, сцены і столі пакояў былі ўпрыгожаны жырандолямі, габеленамі, аздоблены дрэвам розных гатункаў і колераў, прамавугольнымі і квадратнымі кафлямі. Пакоі абаграваліся высокімі плоскімі печамі, складзенымі таксама з белай кафлі, дэкараванай разьбянымі медальёнамі.

19.jpg
Сядзіба Храпавіцкіх, Каханавічы, інтэр’ер, 1910

Большасць пакояў была аздоблена ў стылі ампір. На жаль, палац не захаваўся да нашых дзён, быў спалены пасля 1918 года. Сёння ў Каханавічах ад усяго ансамблю часткова захаваўся толькі парк. У тыльнай частцы парку па сённяшні дзень можна пабачыць старыя ліпавыя прысады.

20.jpg
Фота: glubinka.by

21.jpg
Фота: glubinka.by

22.jpg
 Фота: vitvesti.by

Значная постаць для беларускай культуры Ігнат Храпавіцкі быў сынам Яўстаха Храпавіцкага, менавіта ён атрымаў у спадчыну і маёнтак бацькі ў Каханавічах. Ігнат займаўся не толькі збіральніцтвам фальклору, але і быў уплывовым грамадскім дзеячам, літаратарам. У 1843 годзе Ігнат Храпавіцкі выдаў навуковую працу «Погляд на паэзію беларускага люду» — першы самастойны філасофскі погляд на паэзію беларускага народа, першае даследаванне сувязі нацыянальнага самаўсведамлення праз спазнанне сутнасці фальклорнай спадчыны. Вядома, што Храпавіцкі пісаў вершы. Адзіным захаваным да нашых дзён з’яўляецца верш «Дзвіна», які быў напісаны па-польску, але неаднаразова перакладзены на беларускую мову.

23.jpg

23-1.jpg

У Каханавічах месцічы ўсталявалі памятны камень Ігнату Храпавіцкаму, добраўпарадкавалі ягоную магілу і магілу ягонай жонкі Саламеі, якія таксама варта наведаць.

24.jpg
Фота: planetabelarus.by

Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. 

ПЖ, Budzma.org