Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Верхнядзвінскім раёне. Частка другая

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Сёння прапануем наведаць Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці па наступным маршруце: Верхнядзвінск — Каханавічы — Асвея — Сар’я — Росіца — Вопытная — Бігосава — Бароўка. Тут пабачым цэрквы, касцёлы, старасвецкія сядзібы, прыродныя помнікі, местачковую забудову канца пазамінулага стагоддзя, магілы нашых славутых землякоў. Гэтым разам пазнаёмімся з маляўнічымі вёскамі Асвея і Сар’я.


1.jpg
 Фота: planetabelarus.by

Асвея

Далей прапануем рушыць у гарадскі пасёлак Асвея, які месціцца на беразе другога па велічыні возера Беларусі — Асвейскага. Паводле археалагічных даследаванняў, першае паселішча на месцы сучаснай Асвеі вядома не пазней за Х стагоддзе. У пісьмовых жа крыніцах Асвея згадваецца ўпершыню ў 1503 годзе. У Асвеі часта змяняліся гаспадары, першым вядомым быў полацкі ваявода Станіслаў Глябовіч, пасля тут гаспадаралі магнаты Кішкі, пасля род Сапегаў.

Чытайце таксама: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Верхнядзвінскім раёне. Частка першая

2.jpg
Фота: planetabelarus.by

Найбольш актыўнага развіцця Асвея дасягнула, калі гаспадарамі тут з’яўляўся род Гільзанаў. Менавіта за Гільзанамі ў Асвеі была ўзведзена рэзідэнцыя, вялікі пейзажны парк пры ёй. Палац быў пабудаваны ў 1782 годзе ў стылі класіцызм, калі маёнтак Асвея належаў мінскаму ваяводзе Яну Аўгусту Гільзену.

3.jpg
Асвея, Напалеон Орда, 1875

3-1.jpg
Фота: @tomkad

3-2.jpg
Фота: @tomkad

Сёння ад сядзібнага комплексу, зруйнаванага ў 1914 годзе, засталіся толькі крушні: сцены колішняй Блакітнай залі, здзічэлы парк. Але нягледзячы на гэта, былы палацава-паркавы ансамбль з’яўляецца вельмі каларытным месцам для ўсіх падарожнікаў.

4.jpg
Фота: planetabelarus.by

4-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

4-2.jpg
Фота: @tomkad

Настойліва раім пашпацыраваць па парку, тут захавалася вялікая колькасць экзатычных і мясцовых дрэваў ды хмызоў. Парк, закладзены ў другой палове XVIII стагоддзя, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

5.jpg
Фота: planetabelarus.by

5-1.jpg
Фота: fotobel.by

Быў у Асвеі і ўласны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, будаўніцтва якога фундаваў Ян Аўгуст Гільзен у 1782 годзе па праекце архітэктара Антонія Парака. Касцёл быў мураваным, узведзены ў стылі барока. Пры касцеле быў кляштар Сёстраў Міласэрнасці, які да нашых дзён не захаваўся. У 1836 годзе пасля паразы паўстання 1830–1831 гадоў кляштар у Асвеі быў скасаваны.

6.jpg
Асвея, Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, Напалеон Орда, 1876

6-1.jpg
Фота: wikimedia.com

6-2.jpg
Фота: wikimedia.com

Да нашых дзён захаваўся будынак шпіталю пры колішнім кляштары Сясцёр Міласэрнасці, узведзены ў 1759 годзе. Ён таксама ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

7.jpg
Фота: fotobel.by

7-1.jpg
Фота: fotobel.by

Сам касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў зруйнаваны ў 1937 годзе савецкімі ўладамі. На месцы касцёла ўтварыўся штучны пагорак з цэглы ды будаўнічага друзу, на якім у некаторых месцах і сёння можна пабачыць рэшткі падмуркаў ды сценаў.

8.jpg
 Фота: fotobel.by

8-1.jpg
Фота: fotobel.by

Ёсць у Асвеі і праваслаўны храм Святога Георгія, узведзены ў стылі народнага дойлідства з дрэва. Вядома, што царква была першапачаткова пабудавана ў колішняй Дрысе (сёння Верхнядзвінску) у другой палове ХІХ стагоддзя, і да канца ХХ стагоддзя размяшчалася на мясцовых могілках. Але ў 1990-я гады была разабрана і перавезена ў цэнтр Асвеі.

8-2.jpg
 Фота: planetabelarus.by

8-3.jpg
Фота: @tomkad

Храм з’яўляецца самым паўночным культавым будынкам у Беларусі. Магчыма, такі статус наклаў адбітак і на знешні выгляд храма: будынак мае нязвыкла высокі двухскатны дах, што з’яўляецца неабходнай умовай для таго, каб снег своечасова абсыпаўся з даху і залішне не абцяжарваў яго.

9.jpg
Фота: fotobel.by

9-1.jpg
Фота: fotobel.by

Ёсць у Асвеі і свая прыродная славутасць — другое па велічыні плошчы возера Беларусі — Асвейскае. Возера належыць да басейна ракі Дрыса, размяшчаецца на самай поўначы Беларусі, амаль ля мяжы з Пскоўскай вобласцю Расіі.

10.jpg
Фота: planetabelarus.by

Плошча возера 52,8 км, а максімальная глыбіня — 7,5 м. Возера Асвейскае знакамітае вялікімі запасамі рыбы, ягоныя берагі карыстаюцца папулярнасцю сярод аматараў прыроднага адпачынку. Возера з’яўляецца цэнтральнай часткай заказніка «Асвейскі».

11.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сар’я

Далей прапануем рушыць у адно з самых прыгожых месцаў на поўначы Беларусі, у вёску Сар’я Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Тут захавалася вельмі маляўнічая царква, колішні касцёл, які сёння перададзены праваслаўным, узведзены ў неагатычным стылі з чырвонай цэглы.

12.jpg
Фота: planetabelarus.by

12-1.jpg
Фота: planetabelarus.b
y

Сар’я ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1506 годзе як уласнасць роду Сапегаў. У 1753 годзе вядома, што Сар’я была выкуплена Лапацінскімі.

13.jpg
Сар’я, Напалеон Орда, 1873

13-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

У 1850 годзе Ігнат Дамінік Лапацінскі фундаваў будаўніцтва ў Сар’і мураванага рыма-каталіцкага храма, які быў асвечаны ў 1857 годзе. Касцёл быў узведзены Ігнатам Лапацінскім у памяць пра ягоную каханую жонку Марылю, якая заўчасна пайшла з жыцця.

14.jpg
Сар’я, 1913

Аўтар праекта — прускі архітэктар Густаў Шахт. Касцёл мусіў увасабляць сваёй формай вытанчаную прыгажосць маладой жонкі Лапацінскага Марылі ды глыбіню ягоных пачуццяў. У другой палове ХІХ стагодззя была модная неаготыка, таму выбар стылю не стаўся праблемным пытаннем. У 1865 годзе, пасля Студзеньскага паўстання, касцёл быў сканфіскаваны расійскімі ўладамі з фармулёўкай «за хараство».

15.jpg
Фота: planetabelarus.by

15-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

У 1935 годзе храм быў зачынены, пасля Другой сусветнай вайны будынак выкарыстоўваўся як склад, пасля як забаўляльная ўстанова. У канцы 1980-х гадоў храм быў часткова рэканструяваны, але не адноўлены да канца. Насупраць колішняга касцёла на месцы родавых могілкаў роду Лапацінскіх цяпер пастаўлены мемарыяльны камень.

16.jpg
Фота: planetabelarus.by

У 1989 годзе храм быў вернуты каталікам, але ў 1990 годзе расійская праваслаўная царква зноў запрэтэндавала на храм, тады касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі быў перайменаваны на Успення Святой Багародзіцы ды зноў перайшоў ва ўласнасць праваслаўных.

17.jpg
Фота: planetabelarus.by

17-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сар’янскі касцёл унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як помнік сакральнай архітэктуры рэспубліканскага ўзроўню. Мясцовы касцёл — адзін з самых выразных прыкладаў неагатычных храмаў у Беларусі. Месцічы з захапленнем ды гонарам называюць яго «каменны крышталь» ці «каменныя карункі».

18.jpg
Фота: planetabelarus.by

Была ў Сар’і ў Лапацінскіх і свая сядзіба, але яна да нашых дзён не захавалася. З усяго сядзібна-паркавага ансамблю мы сёння можам пабачыць толькі парадную браму ХІХ стагоддзя пабудовы ды фрагмент мясцовага пейзажнага парку, закладзенага адначасова з колішняй сядзібай напрыканцы XVIII стагоддзя.

19.jpg
Фота: planetabelarus.by

Парк быў закладзены з улікам асаблівасцей мясцовага ландшафту: з аднаго боку ён абмежаваны ярам, займае авальны ўчастак на абодвух берагах ракі Сар’янка. Рака Сар’янка, якая жывіцца са шматлікіх крыніцаў і ручаёў, падзяляе парк на дзве часткі, якія спалучаны паміж сабой падвесным мостам, што з’яўляецца вельмі папулярным месцам для фотасэтаў сярод падарожнікаў.

20.jpg
Фота: planetabelarus.by

На сёння ў парку налічваецца каля 30 розных пародаў дрэваў: ліпа, клён, ясень, вяз, серабрыстая таполя, лістоўніца польская. Памер парку каля 15 гектараў. Асноўнай перлінай сярод дрэваў тут з’яўляецца даволі рэдкая для Беларусі хвоя веймутава. На тэрыторыі парку зафіксаваныя віды флоры і фаўны, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі: першацвет вясновы, пралеска высакародная, жывакост высокі. З чырванакніжных птушак сустракаюцца зімародак і аляпка.

21.jpg
Фота: planetabelarus.by

Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. 

ПЖ, Budzma.org