Чаму дапамагаць украінцам — так важна? І ці абавязкова быць чыноўнікам ці мільянерам, каб зладзіць дапамагу на сотні і тысячы людзей? Ці можам мы сёння, калі ў суседзяў вайна, святкаваць Дзень перамогі? Пра гэта і не толькі ў гутарцы з Паўлам Кірылёнкам, які проста цяпер валанцёрыць на карысць уцекачоў-украінцаў у Каталоніі, распавядае сайт 1387.
На фота: Павел з валанцёркамі. Гэтае ды іншае фота — з сацсетак героя.
Наш суразмоўца нарадзіўся ў Бабруйску, але 22 гады таму мусіў з’ехаць з Беларусі пасля ўдзелу ў «Маршы свабоды-1999». Спачатку атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі, адтуль перабраўся ў Каталонію, дзе і жыве апошнія 15 год.
У Барселоне Павел разам з жонкай спярша меў невялікі арт-бізнес, а пасля перайшоў у сферу турызму. Апошнія некалькі год ён працуе гідам-экскурсаводам па Каталоніі, у тым ліку ў тэме гастранамічнага турызму. Ад 22 сакавіка — працуе ў валанцёрскім цэнтры дапамогі бежанцам, які сам і арганізаваў.
— Напэўна, я скажу банальнасць, але калі пачалася вайна ва Украіне, не толькі ў мяне, а шмат у каго было адчуванне: трэба нешта рабіць! Бо проста глядзець на тое, што адбывалася, немагчыма. Сітуацыя цяжкая, асабліва на фоне разумення таго, што краіна, з якой я паходжу, у гэтай вайне дэ-факта з’яўляецца агрэсарам. З такім цяжка прымірыцца, — тлумачыць Павел.
— Яшчэ адзін штуршок дало тое, што вельмі шмат уцекачоў з Украіны пачалі прыязджаць у Каталонію. Гэта людзі, што засталіся без жытла, якія беглі ад бамбаванняў, і нічога не маюць. У асноўным гэта жанчыны з дзецьмі.
Так, для іх ёсць пэўная падтрымка з боку дзяржавы, але яна мае свае дзіркі. Мясцовыя ўлады не робяць усё, што належыць. Уцекачы маюць патрэбу ў пэўных базавых рэчах, у некаторых выпадках ім банальна не стае харчавання...
Я наагул не веру ў дзяржаву — гэта мая асабістая пазіцыя. А веру ў дапамогу простых людзей. Гэта больш эфектыўна, калі адзін дапамагае другому.
Пачаў з таго, што зрабіў пост у фэйсбуку, кшталту: «Грамада, ёсць праблема, якую трэба вырашыць». І шмат з тых, хто жыве ў Барселоне, адгукнуліся, так пачалася наша валанцёрская дзейнасць. Выявілася, што многія з дыяспараў — беларускай, украінскай, расейскай, хочуць нешта рабіць, бо адчуваюць прыблізна тое ж, што і я: трэба дзейнічаць!
Нельга сядзець і рабіць выгляд, што жыццё ідзе, як і раней.
Акрамя дапамогі ўкраінцам, Павел запусціў важны для ўсіх нас праект — суполку ў тэлеграм «Беларусы з Украінай». Яе мэта — расказваць пра добрыя справы, якія робяць нашы суайчыннікі — валанцёраць, данацяць, абараняюць мірных жыхароў.
— Я зрабіў такі канал, бо ў пачатку вайны сітуацыя была маральна вельмі цяжкая. Многія ўкраінцы лічылі беларусаў агрэсарамі, пыталі: «За што ж вы так з намі абышліся, чаму з вашай тэрыторыі на нас лятуць ракеты, самалёты, заходзяць расейскія войскі?» Было зразумела, што трэба неяк паказаць — гэта не беларусы робяць, бо мы не хочам ваяваць з Украінай, а гэта ўлады падтрымліваюць расейскую агрэсію.
Калі суполка «Беларусы з Украінай» стала крыху папулярнай, з’явіліся людзі, якія захацелі ёй займацца. То бок, асабіста цяпер яе не вяду. А пасля ўжо ствараліся шматлікія ініцыятывы на гэтую ж тэму, што мелі на мэце паказаць: звычайныя беларусы не хочуць ваяваць, а наадварот, падтрымліваюць украінцаў.
На фота: «Учора 122 сям’і прыйшлі па дапамогу, плюс-мінус 450 чалавек. Белыя паперкі — анкеты-заяўкі на атрыманне неабходнага. Вось-вось стартуюць моўныя курсы ды іншыя гурткі і заняткі для бежанцаў і іх дзяцей. Працуем далей!»
— Ці атрымалася пераканаць украінцаў у тым, што звычайныя беларусы для іх не ворагі? Думаю, атрымалася. Але разумею, што гэта адбылося не дзякуючы майму ТГ-каналу ці валанцёрству. Перш за ўсё дзякуючы таму, што з’явіўся батальён Каліноўскага, хлопцы з якога ваююць на баку Украіны, а таксама дзякуючы рэйкавым партызанам, у тым ліку бабруйскім. Інфармацыя пра іх вельмі добра распаўсюджвалася па ўкраінскіх СМІ, і ўсё гэта паказала — народ разам з імі. Бо ў Расеі нічога падобнага не было, яны не вялі рэйкавыя войны, не стварылі батальён, які б дапамагаў украінцам.
На фота: чарга ў цэнтр дапамогі ўцекачам.
— Часу ў мяне не хапае ні на што, бо ёсць праца, ёсць сям’я, ёсць валанцёрства. Усё складана. Але так атрымалася, што я запусціў пэўныя працэсы, і лік ідзе на сотні людзей, якія ўдзельнічаюць у нашым руху і лічаць мяне ўмоўным лідарам. Яны хочуць, каб я рабіў пэўныя рэчы, таму я не магу ўсё гэта кінуць і сказаць: «А давайце далей самі, а я тут пайду сабе на жыццё зарабляць». Не, я так не магу зрабіць, бо існуе праблема, якую трэба вырашаць.
Гэта трэба рабіць не толькі таму, што мая радзіма — суагрэсар. А проста таму, што мы мусім дапамагаць тым, хто мае патрэбу.
[...]
— Кожны і кожная з уцекачоў ад вайны, якім мы сёння дапамагаем — гэта асобная, шчымлівая гісторыя. 90 адсоткаў — жанчыны з дзецьмі, гэта акурат тая сацыяльная група, якой вельмі патрэбная дапамога.
У нас ёсць валанцёры, якія самі тыдзень таму беглі ад вайны, сядзелі ў бамбасховішчах, а сёння прыходзяць да нас і кажуць: «Мы хочам нешта карыснае рабіць».
Напрыклад, маладая сям’я з Марыупалю, месяц яны былі пад акупацыяй, прайшлі ўсю гэтую жудасную гісторыю з бамбаваннем, з тым, што ім даводзілася гатаваць ежу на вогнішчах у дварах... Яны дабіраліся да Каталоніі праз захопленыя расейцамі тэрыторыі, праз неверагодную небяспеку для жыцця. І першае, што яны зрабілі — прыйшлі да нас, каб дапамагаць іншым!
Гэта прыклад таго, як людзі застаюцца героямі ў самых цяжкіх сітуацыях.
І такіх гісторый вельмі шмат.
Пастаянна чуеш гэтыя размовы. Людзі з Адэсы абмяркоўваюць, які раён бамбілі ўчора, які сёння, у каго дзе бацькі жывуць... Гэта цяжка, але гэта дае разуменне: тое, што мы робім — мае сэнс.
На фота: Экскурсія на стадыён Камп Ноў для ўкраінскіх дзетак-уцекачоў. Яе сумесна зладзілі барселонскія валанцёры.
— Безумоўна, гумар дапамагае не зляцець з катушак. Неяк прыходзіць да нас у валанцёрскі цэнтр сям’я ўцекачоў, паглядзелі і кажуць: «У вас тут так добра ўсё арганізавана, амаль як у нас у харкаўскім бамбасховішчы!»
І я таксама спрабую з усіх цяжкіх сітуацый выходзіць менавіта праз гумар. Не лічу, што ёсць нейкія забароненыя тэмы, на якія нельга жартаваць, таму што смех — ратуе. Ён дазваляе спраўляцца з цяжкімі сітуацыямі. І, магчыма, гэта нас, бабруйцаў, робіць падобнымі да адэсітаў.
Пазітыў неверагодна важны, трэба яго захоўваць.
— Ці можна цяпер беларусам святкаваць Дзень перамогі, калі побач ідзе крывавая вайна, на якой гінуць мірныя жыхары? Канечне, не.
Таму што дэ-факта мы самі з’яўляемся краінай-агрэсарам.
Беларускія ўлады пачалі рабіць культ з гэтага свята, паразітаваць на тэме перамогі, яшчэ раней за расейскія. І гэта праблема, бо яны з памятнай даты зрабілі сорам, і прыстойнаму чалавеку ўжо немагчыма гэта святкаваць.
Нам казалі, што трэба памятаць пра вайну, каб яна не паўтарылася, але выявілася, што гэта абсалютная хлусня!
Узгадваю, як у дзевяцігадовым узросце мяне прынялі ў піянеры, і мы хадзілі да ветэранаў... Ужо тады я разумеў, што ўсё гэта проста рытуал, фальш. Адзіная мэта якога — кантроль над розумам людзей. Мы ўсе ведаем гісторыю Другой сусветнай вайны, ведаем, што там адбывалася, і не маем сумневаў у тым, што гэта жудасна. Але рабіць з гэтага свята, культ?
Парадокс у тым, што чым далей дата вайны, тым з большым размахам святкуюцца Дні перамогі. Я ніколі не мог зразумець, чаму так? Чаму мой дзядуля, які прайшоў вайну, ніколі гэты дзень не святкаваў, а наступныя пакаленні — рабілі гэта з такім пафасам?
Гэта навязванне ідэалогіі «пераможцаў» — абсалютная маніпуляцыя. Гісторыя мусіць быць гісторыяй, а не культам. Яе трэба вывучаць. Асэнсоўваць. Сакралізацыя вайны выглядае вельмі небяспечнай.