Мікалай Статкевіч стаў лаўрэатам прэміі Homo Homini, якую 11 сакавіка ўручылі ў Празе на адкрыцці аднаго з найбуйнейшых фестываляў дакументальнага кіно пра правы чалавека «Jeden svět». Узнагароду ад ягонага імя прыняла жонка палітыка Марына Адамовіч.
Цырымонія прайшла ў прасторы Pražská křižovatka ў прысутнасці сотняў людзей.

Марына Адамовіч на ўручэнні прэміі ў прасторы Pražská křižovatka. Фота: Павал Хадзінскі для Budzma.org
У чэшскай праваабарончай арганізацыі People in Need, якая прысуджае гэтую прэмію, патлумачылі, што адзначылі «непахісную адвагу Статкевіча і выключны ўклад у дэмакратычны рух у Беларусі».

Марына Адамовіч. Фота: Павал Хадзінскі для Budzma.org

Прастора цырымоніі. Фота: Павал Хадзінскі для Budzma.org
«Больш за трыццаць гадоў, нягледзячы на турэмнае зняволенне і рэпрэсіі, Мікалай Статкевіч няўхільна адстойваў права беларусаў жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне. Ягоная мужнасць у супрацьстаянні аўтарытарнаму кіраванню натхняе і нагадвае пра тое, што міжнародная салідарнасць з тымі, хто плаціць асабісты кошт за свабоду, мае глыбокі сэнс», — заявіла дырэктарка цэнтра People in Need па правах чалавека і дэмакратыі Надзія Іванова.

Прастора цырымоніі. Фота: Павал Хадзінскі для Budzma.org

Марына Адамовіч. Фота: Павал Хадзінскі для Budzma.org
Арганізацыя People in Need дзейнічае з 1992 года і займаецца гуманітарнай дапамогай, абаронай правоў чалавека і падтрымкай дэмакратычных каштоўнасцяў. Узнагарода Homo Homini існуе з 1994 года — адна з самых прэстыжных праваабарончых прэмій. Яе атрымліваюць людзі, чыя асабістая мужнасць і паслядоўнасць становяцца сімвалам супраціву рэпрэсіям і барацьбы за свабоду.

Марына Адамовіч з узнагародай. Фота: Павал Хадзінскі для Budzma.org
Для беларусаў гэтая прэмія ўжо не ўпершыню становіцца знакам міжнароднай падтрымкі і салідарнасці. Раней лаўрэатамі Homo Homini станавіліся Алесь Бяляцкі (2005), а таксама прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца (2020).

Марына Адамовіч з узнагародай. Фота: Павал Хадзінскі для Budzma.org
У 2021 годзе Мікалая Статкевіча асудзілі на 14 гадоў калоніі паводле палітычна матываваных абвінавачанняў. У верасні 2025-га ён выйшаў на волю разам з іншымі палітвязнямі, але адмовіўся ад прымусовага вывазу з краіны і не пакінуў Беларусь. Пасля гэтага палітык зноў знік у сістэме зняволення. У лютым 2026 года стала вядома, што пасля інсульту яго вызвалілі, і цяпер ён праходзіць аднаўленне дома.
Павал Хадзінскі, budzma.org