Алесь Тодараў разбіраецца на budzma.org з тым, чым вядзенне дзённіка можа быць карысным для нас і якія тэхнікі існуць.
Пачнем з вызначэння, а што ж такое наогул дзённік і для чаго яго заводзіць. Калі разважаць строга навуковымі катэгорыямі, то дзённік — гэта адзін з відаў мемуарнай літаратуры, калі чалавек занатоўвае ў тым ці іншым выглядзе сваё жыццё і ўсё, што лічыць важным для сябе самога.
Крыніца: lifehacker.ru
Калі ж гаварыць простымі словамі, то вядзенне дзённіка — гэта даволі просты спосаб задаваць складаныя пытанні. Напрыклад, Кэтлін Адамс, аўтарка знакамітай кнігі «Дзённік як шлях да сябе. 22 практыкі для самапазнання і асабістага развіцця», лічыць дзённікі бясплатным варыянтам псіхатэрапеўта. Паводле яе, прымяняючы адну з прапанаваных практык, можна пазбавіцца ад многіх глыбокіх псіхалагічных траўмаў і праблем.
Тое падцвярджаюць і навукоўцы. Так, паводле даследавання Арызонскага ўніверсітэта, рэгулярнае вядзенне дзённіка дазваляе палепшыць самаадчуванне пасля падзей, якія пакідаюць моцны адбітак на псіхіцы чалавека. У такім варыянце пісаць можна што заўгодна і як заўгодна, галоўнае — ператварыць гэта ў звычку.
Можна задацца справядлівым пытаннем: а навошта наогул патрэбен дзённік эмоцый? Адказ банальны — гэта добрая практыка самапазнання, якая дазволіць вам лепей пазнаёміцца з самім сабою, вызначыць свае «светлыя» і «цёмныя» бакі.
Крыніца: trikky.ru
Робячы запісы можна навучыцца кантраляваць і разумець свае эмоцыі. Можна таксама прасачыць, якія з іх пераважаюць цягам дня, тыдня, месяца, года. Дакладна вызначыць трыгеры, якія выклікаюць тыя ці іншыя пачуцці. Можна вызначыць таксама ўласныя патрэбы і прыярытэты, пазбавіцца ад чужога ўплыву, даведацца болей аб сваёй асобе.
Каб гэта адбылося можна рабіць розныя захады. Калі маеце вольны час, то можна весьці дзённік нават цягам дня, запісваючы ў яго свой эмацыйны стан. Але гэта ўжо для надта занураных у сябе асобаў. Куды лепей спрабаваць аналізаваць нейкую сітуацыю і ваш адказ на яе. Як бачыце яе менавіта вы, а як яна выглядае з умоўна «нейтральнай» пазіцыі. Акрамя сваіх эмоцый і перажыванняў, у дзённіку можна запісваць таксама і думкі, якія ўзнікаюць у гэты момант.
Калі весці дзённік працяглы час, то ў пэўны момант вы зможаце прасачыць мадэлі рэагавання, якія ўвесь час паўтараюцца. А адсачыўшы трыгеры, якія іх выклікаюць, можна змяніць звыклыя схемы сваіх паводзінаў, што дазволіць вам выйсці за рамкі і стаць больш гнуткім у вашым паўсядзённым жыцці. Больш за тое, калі вы навучыцеся рэфлексаваць і аналізаваць сваё жыццё, то рана ці позна вы навучыцеся ўздымацца над сітуацыяй і глядзець на яе цвяроза.
Прыгадаем радкі са знакамітага дзённіка вядомага польскага пісьменніка Вітальда Гамбровіча, якога ў пэўным сэнсе можна лічыць сапраўдным нонканфармістам:
«Я асмялеў таму, што мне абсалютна не было чаго губляць — ні ўшанаванняў, ні заробкаў, ні сяброў. Я павінен быў знайсці сябе і на сябе ж абаперціся, таму што ні на каго іншага абаперціся я не мог. Мая форма — гэта мая адзінота».
Дзённікі пісалі і класікі беларускай літаратуры: Якуб Колас, Кузьма Чорны, Максім Танк, Вячаслаў Адамчык, Іван Шамякін, Рыгор Барадулін ды іншыя творцы. Кожны з іх па свойму цікавы і раскрывае асобу аўтара. Калі маеце час ды натхненне, можаце павучыцца ў тых, хто ствараў нашую культуру ў ранейшыя часы.
Вядзенне запісаў дапамагае навучыцца расстаўляць прыярытэты, думаць ясна і засяродзіцца на сапраўды важных справах замест другарадных і неабавязковых. Яшчэ дзённік дапамагае лягчэй спраўляцца са стрэсавымі сітуацыямі і трывогай і нават павялічвае актыўнасць імунных клетак. Прынамсі такую інфармацыю можна адшукаць у сеціве, або прычытаць у тэматычнай літаратуры.
Рэгулярны зварот да дзённіка развівае доўгатэрміновую памяць, дапамагае заўважыць патэрны мыслення, дае час на рэфлексію. А пры правільным падыходзе становіцца крыніцай натхнення і нават стымулюе вышэйшыя разумовыя функцыі мозга.
Калі вы творчая асоба, то дзённік можа стаць гарантавана вашым надзейным сябрам, які ні пры якіх абставінах нікому не раскажа вашых таямніцаў. Але ў такім разе не варта моцна заглыбляцца ў яго, каб жыццё не ператварылася ў адно пісанне дзённіка.
Крыніца: interesnyefakty.org
Вядзенне дзённіка з’яўляецца адным з прызнаных метадаў, які дазваляе стаў упэўненым у сабе чалавекам.
Неверагодна, але пры дапамозе звычайнага сшытку, нататніка або дадатку ў смартфоне можна звярнуць ментальныя горы. Дастаткова толькі ў канцы кожнага дня знайсці колькі хвілінаў, а мо і крыху болей, каб зафіксаваць свае сённяшнія дасягненні.
Пад словам «дасягненні» варта, натуральна, разумець не нейкія глабальныя рэчы, але прыемныя дробязі, што ўздымаюць настрой. Нават у самай малапрыемнай сітуацыі ёсць такі моманты: ранні ўздым, усмешка прыгожай дзяўчыны, цікавая кніга і гэтак далей.
Асноўнае правіла — павінна быць не менш за пяць такіх запісаў у дзень. Натуральна, што лепей, калі такіх невялічкіх допісаў будзе болей. Потым можна пераходзіць да больш складаных тэкстаў, разважаючы ўжо над тым, што адбываецца з вамі тут і цяпер.
Весці дзённік даволі проста, але многія кідаюць гэтую справу, бо не бачаць у ёй рацыянальнасці. Але гэта абсалютна памылковае меркаванне і да разумення гэтага лёгка прыйсці — напрыклад, калі перачытаць свой дзённік за прамінулыя гады. Жыццё прыгадваецца значна лягчэй, нашмат цікавей і бліжэй, нават чым перагляд сваіх допісаў ды фота ў сацыяльных сетках.
1. Дзённік дазваляе дасягаць пастаўленых мэтаў.
2. Дзённік дазваляе захоўваць вашыя ідэі.
3. Вядзенне дзённіка падвышае самадысцыпліну.
4. Дзённік дапамагае фармуляваць і агучваць думкі.
5. Дзённік дапамагае пазбаўляцца ад негатыву.
Алесь Тодараў, budzma.org