• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
20.02.2019 | Гісторыя

Віктар Шалкевіч знайшоў сваякоў у Расеі, высланых зь Беларусі 120 гадоў таму за веру

Ларыса Назарэнка і Віктар Шалкевіч (у цэнтры)

Бард, актор, шоўмэн Віктар Шалкевіч нечакана пабагацеў на сваяцкія сувязі. Перад нядаўнім 60-гадовым юбілеем яго адшукала маскоўская прадпрымальніца Ларыса Назарэнка – паведамляе Свабода.

Яе продкі паходзяць з Поразава на Горадзеншчыне, роднай вёскі Шалкевіча, і былі ў сваяцтве зь ягонымі прадзедамі. 16 лютага Ларыса Назарэнка была ў ліку ганаровых гасьцей на юбілейным канцэрце папулярнага выканаўцы ў менскім Палацы прафсаюзаў. А ўвесну яны зьбіраюцца разам наведаць гістарычную радзіму.

Віктар Шалкевіч
Віктар Шалкевіч

Паводле Віктара Шалкевіча, у ХІХ стагодзьдзі шэраг поразаўскіх сем’яў у літаральным сэнсе пацярпелі за веру, калі расейская акупацыйная ўлада пачала гвалтам пераводзіць беларускіх уніятаў і каталікоў у праваслаўе. Хто не падпарадкоўваўся пад угаворамі і бізунамі, быў высланы ў Сыбір.

Ларыса Назарэнка не такая катэгарычная ў высновах, але пасьля вывучэньня зьвесткаў пра сваіх продкаў у архівах савецкіх спэцслужбаў гэтаксама прыходзіць да высновы: пераезд зь Беларусі ў Сыбір ня быў добраахвотны.

Шалкевічы і Пінюты ў сыбірскай тайзе

Узор беларускай вясковай архітэктуры ў Сыбіры
Узор беларускай вясковай архітэктуры ў Сыбіры

Ларыса Назаранка нарадзілася ў 1965 годзе ў расейскім Навасыбірску, ад 1991 году жыве і працуе ў Маскве. Яе родзічы паходзяць з тайговага паселішча Нованікалаеўка (пазьней было перайменаванае ў Барысаглебскае), што за 300 кілямэтраў ад Новасыбірску. Гэтую вёску ў канцы ХІХ стагодзьдзя заклалі сем’і з Горадзеншчыны. Амаль усе прозьвішчы тут бяруць пачатак з поразаўскага радаводу — Шалкевічы і Пінюты.

Ларыса Назаранка кажа, што зацікаўленьне гісторыяй свайго роду прыйшло да яе не адразу. Разам з родным братам яе дзед Казімір Пінюта ў 1938 годзе быў расстраляны нібыта за «шпіёнскую дзейнасьць». Сіратой засталася 9-месячная Ніна, маці Ларысы. Калі на пачатку 1990-х савецкі рэжым сканаў, сям’я паспрабавала знайсьці праўду ў архівах.

 

«Нам даслалі паперу: Пінюта Казімір Антонавіч расстраляны паводле 58-га артыкулу (тады масава вынішчалі „шпіёнаў“ сярод этнічных палякаў, румынаў, немцаў ды іншых). Быў рэабілітаваны праз адсутнасьць складу злачынства, — расказвае Свабодзе Ларыса Пятроўна. — Вядома, хацелася ведаць больш, але на ўсе запыты прыходзіў аднолькавы адказ: зьвесткі не захаваліся. Толькі ў 2016 годзе мне ўдалося трапіць у архівы ФСБ у Новасыбірск, дзе знайшліся дакумэнты 1922 году. Па тых нумарах я зноў зьвярнулася ў грамадзянскі архіў і неўзабаве здабыла інфармацыю пра сям’ю».

Забарона на выезд з Сыбіры

Беларуская вёска ў Прыбайкальлі: хата, закладзеная беларускім дойлідам
Беларуская вёска ў Прыбайкальлі: хата, закладзеная беларускім дойлідам

​У архіўных матэрыялах ёсьць інфармацыя пра тое, што 14 траўня 1899 году Магдалена Янаўна Шалкевіч і яе муж Пінюта Антон Ёсіфавіч разам зь дзецьмі былі высланыя зь мястэчка Поразава. У «мігранцкім абозе» было і некалькі іншых сем’яў, практычна ўсе паміж сабой сваякі.

У дакумэнтах запісаны падрабязны маршрут, колькасьць людзей і іх узрост. Увесь шлях заняў некалькі месяцаў, па дарозе памерла гадавалая дачка Шалкевічаў-Пінютаў.

Першапачатковым адрасам быў вызначаны Томск, дзе знаходзіўся перавалачны пункт, адтуль іх арганізавана выправілі ў глуш, дзе вакол была толькі тайга. Самавольна пакідаць новае месца жыхарства забаранялася. Але ў пачатку 1920-х зьявілася надзея пабачыць радзіму.

«Калі ў 1921 годзе была падпісаная Рыская мірная дамова, па якой да Польшчы адышлі Горадня разам з Поразавам, сасланым даслалі дакумэнты аб аднаўленьні польскага грамадзянства. Натуральна, сем’і вырашылі вяртацца. Падалі заявы ў органы камуністычнай улады, каб атрымаць дазвол на выезд. Я потым знайшла ў архіве тыя дакумэнты, на ўсіх паперах праштампавана: адмовіць, адмовіць, адмовіць… Проста не далі выехаць з Сыбіры. Ня толькі нашай сям’і — усім. А летам 1937-га зьявіўся сумна вядомы ўказ Сталіна пра палякаў, пачаліся расстрэлы».

З чым беларусы ехалі ў Сыбір. Рэчы перасяленцаў у краязнаўчым музэі беларускай вескі Тургенеўка ў Сыбіры
З чым беларусы ехалі ў Сыбір. Рэчы перасяленцаў у краязнаўчым музэі беларускай вескі Тургенеўка ў Сыбіры

11 жніўня 1937 году выйшаў ухвалены Іосіфам Сталіным апэратыўны загад НКВД СССР № 00485 «Аб ліквідацыі польскіх дывэрсійна-шпіёнскіх групаў і арганізацый польскай ваеннай арганізацыі».

У першую чаргу мелі быць арыштаванымі і пакаранымі асобы са структур НКУС, Чырвонай арміі, вайсковых заводаў і абаронных цэхаў, а таксама на чыгуначным, водным і паветраным транспарце, у электрасілавой гаспадарцы, на газавых і нафтаперагонных комплексах. Затым «усе астатнія», занятыя ў прамысловасьці, саўгасах, калгасах ды іншых установах.

Як прымушалі пераходзіць у праваслаўе

Ларыса Назаранка не бярэцца сьцьвярджаць, што яе продкі пацярпелі менавіта за каталіцкую ці ўніяцкую веру. Але ў гэтым абсалютна не сумняваецца яе беларускі сваяк Віктар Шалкевіч. Пра тое, як «жалезнымі шомпаламі» расейскія ўлады пераводзілі ў праваслаўе на «паўночна-заходніх» землях, у Лёндане пісала газэта расейскай рэвалюцыйнай міграцыі «Колокол» Аляксандра Герцэна. Менавіта ў такім кантэксьце назва мястэчка Поразава трапіла на старонкі «Колокола».

 

Добраахвотна зь Беларусі паехалі ў Сыбір крыху пазьней, ужо пасьля абвяшчэньня аграрнай рэформы прэм’ера расейскага ўраду Пятра Сталыпіна ў пачатку ХХ стагодзьдзя.

«У Поразаве спрадвеку былі зьмяшаныя каталіцка-ўніяцкія сем’і. Ніхто не пераймаўся: хадзілі да царквы, да касьцёла, усё было гарманічна. А калі зьявіліся расейцы, першай справай узяліся за духавенства. Сьвятары супраціўляліся, іх білі, саджалі на хлеб і ваду, высылалі на перавыхаваньне ў праваслаўныя кляштары. Дайшла чарга да парафіянаў. Таксама цяжка ішло, бо прысылалі такіх гадкіх папоў, што страх Божы. П’юць, кураць, гуляюць. Парафіянам было агідна, на споведзь, прычасьце ішлі не да іх, а да касьцёла (уніяцкай царквы ўжо не было). Адсюль уся буча і пачалася».

Вяртаньне праз стагодзьдзе ў Поразава

Касьцёл у гонар сьвятога Арханёла Міхаіла ў Поразаве
Касьцёл у гонар сьвятога Арханёла Міхаіла ў Поразаве

​Ацэньваючы ступень крэўнасьці зь Віктарам Шалкевічам, Ларыса Назаранка адсылае да часоў вымушанай міграцыі — іх прабабкі і прадзеды былі сваякамі адразу па дзьвюх лініях, Шалкевічаў і Пінютаў.

«Калі я даведалася, адкуль яны менавіта, што гэта за месца такое Поразава, пачала шукаць канцы ў сацыяльных сетках, — расказвае суразмоўца. — Спачатку знайшла хлопца з прозьвішчам Пінюта, а ён ужо накіраваў на Шалкевіча. Натрапіла на артыкул, дзе Віктар якраз згадваў пра сваіх сваякоў: і прозьвішчы, і мястэчка сьведчылі, што супадзеньняў занадта шмат, наўрад ці гэта выпадковасьць. Я напісала, і ён адразу адказаў. Дамовіліся сустрэцца; праўда, у мяне ўсё не атрымлівалася. А тут якраз падышоў канцэрт да яго 60-годзьдзя, пад імпрэзу пляны нарэшце рэалізавалі».

Цяпер у найбліжэйшых плянах Ларысы Назаранкі і Віктара Шалкевіча — сумесны выезд у Поразава, дзе за 120 апошніх гадоў ніхто з вымушаных перасяленцаў так і не пабываў.

«Адна справа — штосьці ведаць па сямейных аповедах, і зусім іншае — мець адпаведнае сьведчаньне. Але ў архівах проста ня хочуць шукаць: лягчэй напісаць, што нічога не захавалася. Гэта была самая вялікая праблема. Вядома, калі бярэш у рукі старыя дакумэнты, усьведамляеш гэтыя цяжкія лёсы, сьлёзы на вачах наварочваюцца. Тое, што выяжджалі не добраахвотна, відавочна. Нават зыходзячы з таго, што ў такую сыбірскую глуш з маразамі сам па сабе не паедзеш. Сама ў дзяцінстве даймала маму: там так дрэнна і холадна, дзе бабуля жыве», — гаворыць Ларыса Назаранка.

Сюжэт, варты працягу ў кіно

Сямейныя сакрэты Ларыса Назарэнка спрабавала высьветліць і раней, але кажа, што раскрывацца не хацелі нават сваякі, настолькі былі прыгнечаныя несправядлівасьцю лёсу.

«Цікавілася: „Чаму бабуля так дзіўна размаўляе — нешта шэкае, чэкае?“ Мама адказвае: „Ды таму, што непісьменная“. А паколькі „шэкаў-пшэкаў“ увесь пасёлак сасланых, думала, што гэта такая „вясковая мова“. Іншымі словамі, шмат што ўтойвалася нават у сям’і. Ужо не кажу пра тое, чаму не вярнуліся. Ніхто на гэтую тэму са мной нават не гаварыў. Толькі калі ў архівах пабачыла, што папраўдзе хацелі ад’ехаць, але камуністы не дазволілі, нахлынулі такія эмоцыі, што першай справай узялася і зрабіла карту паляка. Хоць такім чынам рэалізавала дзедаўскую мару вярнуцца да каранёў».

 

Віктар Шалкевіч да новай сустрэчы з крэўнай ставіцца адказна: ён перакананы, што поразаўскі сюжэт варты кінэматаграфічнага ўвасабленьня.

«Вядома, я б хацеў пра гэта зьняць як мінімум дакумэнтальны фільм, — прызнаецца Шалкевіч. — Усё дзеля гэтага мабілізаваў бы, бо Ларыса фактычна першая зь ліку высланых і іх спадкаемцаў, хто за 120 гадоў ступіць на поразаўскую зямлю. Старонка змаганьня з уніятамі ў Беларусі папросту выкрасьленая, забытая. Гета, Галакост — так, трагедыя. Але зь уніяцкіх вернікаў зьдзекаваліся ня меней, чым з габрэяў — ні за што, проста за веру. Таму і павозім яе ўсюды, і імшу адслужым. Калі гэта было, што людзі аж з Сыбіры праз 100 гадоў успомнілі, хто яны і адкуль…»

Ад каралеўскага мястэчка да сельсавета

Поразава (старая назва — Поразаў) — гарадзкі пасёлак у Сьвіслацкім раёне на рацэ Росі. Упершыню згадваецца ў XV стагодзьдзі як каралеўскае мястэчка Ваўкавыскага павету Наваградзкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.

У 1506 годзе вялікі князь Аляксандар надаў Поразаву Магдэбурскае права, у 1616-м паселішча займела ўласны герб — у блакітным полі постаць Панны Марыі зь дзіцяткам Ісусам на руках.

Звон на касьцёле ў гонар сьвятога Арханёла Міхаіла ў Поразаве
Звон на касьцёле ў гонар сьвятога Арханёла Міхаіла ў Поразаве

У самым канцы XVIII стагодзьдзя па выніках трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Поразава апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, пачаўся працэс русыфікацыі і пераводу вернікаў у праваслаўе.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Поразава абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Ненадоўга: ужо 1 студзеня 1919-га ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР. А згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году адышло да міжваеннай Польскай Рэспублікі ў складзе Беластоцкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Поразава зноў вярнулі ў склад БССР, падчас Другой сусьветнай вайны, да ліпеня 1944 году ўключна, яно знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Цяпер гэта цэнтар сельсавета.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

Хэмінгуэй, Кляшторны і страчанае пакаленне, скалечанае вайной. Новае відэа ад Андрэя Хадановіча

Андрэй Хадановіч у новым відэа расказвае пра вялікага і скандальнага Эрнэста Хэмінгуэя, яго першы раман «І ўзыходзіць...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Цялеснасць, сэксуальнасць і мова. Артур Камароўскі – пра паэзію, новую кнігу і пра сябе, як пра Corpus vile

У Артура Камароўскага ў лютым 2023 выйшла другая кніжка вершаў. У зборніку ёсць лірычная і паўдакументальная паэзія,...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Прыўкрасныя, нязручныя, заганныя. Тры важныя «другасныя» гераіні белліту

Шлях аналітыка — рушыць у глыбіню тэксту: чытаць патаемнае, прапісваць невідавочнае. Ну і крыху павучаць. Аналітычная...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Запрацаваў рэсурс па лічбавай, фізічнай і псіхалагічнай бяспецы

Створаны рэсурс па ахове акаўнтаў, фізічнай і псіхалагічнай бяспецы biaspeka.me. «Дзелімся з вамі кароткім...

Апошнія навіны

    Грамадства Літаратура
    Хэмінгуэй, Кляшторны і страчанае пакаленне, скалечанае вайной. Новае відэа ад Андрэя Хадановіча
    Грамадства
    Цялеснасць, сэксуальнасць і мова. Артур Камароўскі – пра паэзію, новую кнігу і пра сябе, як пра Corpus vile
    Літаратура
    Прыўкрасныя, нязручныя, заганныя. Тры важныя «другасныя» гераіні белліту
    Грамадства
    Запрацаваў рэсурс па лічбавай, фізічнай і псіхалагічнай бяспецы
    Грамадства
    У мастачкі Нікі Сандрас здарылася кровазліццё ў мозг. Ёй патрэбна дапамога
    Літаратура
    Літрадыё вярнулася
    Афіша
    У Юрмале пакажуць выставу, прысвечаную беларускім пратэстам
    Грамадства Літаратура
    Кнігу Андрэя Федарэнкі «Пра аднаго пісьменніка» цяпер можна паслухаць
    Гісторыя
    Тамаш Грыб — міністр БНР, муж Паўліны Мядзёлкі і Палуты Бадуновай
    Грамадства Мастацтва
    «Малюю наша жыццё». У Рызе пройдзе выстава карцін з серыі «Коцікі Свабоды»
    Грамадства
    Па манетах можна пазнаваць свой край: гісторыя аднаго хобі
    Культура
    Гомель здзіўляе кніжнымі рарытэтамі
    Каляндар
    Каляндар з 20 па 26 сакавіка. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Гісторыя
    Ведаеце, на якой мове насамрэч размаўлялі ў Беларусі ў канцы 18 стагоддзя?
    Кіно
    Леанід Каліценя: «У спакойныя часы мы намагаліся данесці фільм да гледача, а ён такі: ды ладна, што там беларусы могуць здымаць? А вось зараз запыт на беларускае кіно ад беларусаў – вялізарны»

Афіша

  • 21.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Імпрэза да Сусветнага дня паэзіі ЮНЕСКА ў Берліне

  • 21.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 21.03 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 21.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 21.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 21.03 — 26.03«Штучны інтэлект: мастак ці машына?»: выстава ў Мінску
  • 21.03 — 26.03Выстава «Джаз! Каты! Вясна!» у Мінску
  • 21.03 — 26.03Выстава «Веснавыя святы, абрады і звычаі беларусаў» у Гродне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «У Беларусі і так страшна жыць, а калі ты яшчэ ўжываеш беларускую мову, то адчуваеш дадатковую рызыку»
    • Абламейка: «У беларусаў па вялікім рахунку няма сяброў на гістарычным полі»
    • У мастачкі Нікі Сандрас здарылася кровазліццё ў мозг. Ёй патрэбна дапамога
    • Падземнае мора Анемпадыстава
    • Ведаеце, на якой мове насамрэч размаўлялі ў Беларусі ў канцы 18 стагоддзя?
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип