Kraj.by расказвае пра архітэктурныя помнікі. У паўночнай частцы Вілейкі за кіламетр ад новабудоўляў захаваўся старадаўні некропаль. Першыя пахаванні тут з’явіліся ў канцы XVII стагоддзя.
А, можа быць, і раней, калі ўлічыць, што на месцы могілак у 7-6 стагоддзі да нашай эры на ўсю моц кіпела жыццё.
Вядомыя-невядомыя могілкі
Да малавядомых ў горадзе могілак мы прабіраемся скрозь рамонкавае поле. Наш экскурсавод — навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава расказвае: з канца XVII стагоддзя некропаль быў грамадскімі каталіцкімі могілкамі. Мясцовыя называюць іх польскімі.
Рамонкавае поле
Вольга Коласава
— У Вілейцы афіцыйна існавалі тры пагосты: юдэйскі недалёка ад урочышча Дубаўка, праваслаўны — на вуліцы 1 Мая і каталіцкі — у паўночнай частцы горада. Да 60-х гадоў на поўначы горада былі толькі мэблевая фабрыка і некалькі будынкаў побач. А далей — пустка. Гэта цяпер ад новабудоўляў да пахаванняў — кіламетр. А калісьці магілы размяшчаліся наводшыбе. Могілкі наўмысна былі аддаленыя ад горада ў тым ліку і па гігіенічных меркаваннях, — удакладняе Вольга Коласава.
Характэрна і тое, што ў 7-6 стагоддзі да нашай эры на месцы пахаванняў віравала жыццё. Навуковы супрацоўнік распавядае, што цяперашні некропаль — былое старажытнае гарадзішча ранняга жалезнага веку.
— Гарадзішча паходзіць ад слова «гарадзіць». У старажытнасці людзі выбіралі пляцоўку на ўзвышшы, абносілі земляным валам і агароджвалі, каб абараніць ад нападу дзікіх жывёл. Звычайна гарадзішчы размяшчаліся на беразе рэк. Дарэчы, тут бярэ пачатак рака Пляснянка, таму нядзіўна, што побач існавала гарадзішча. З часам людзі выкарыстоўвалі падобныя месцы пад могілкі, — кажа Вольга Коласава.
Сур’ёзных раскопак, дадае наш экскурсавод, тут ніколі не было.
— Вядома толькі аб даследаваннях археолага Яраслава Звяругі, пасля якіх на гарадзішчы знайшлі шмат керамікі. Але такіх маштабных раскопак як на гарадзішчы ў Рэчках, тут ніколі не было, — удакладняе гісторык.
Прычым тут вуліца Гарадзішчанская ў новым мікрараёне?
Вольга Коласава распавядае, што да 1966 года паблізу гарадзішча існавала невялікая вёска з аналагічнай назвай. Да 1800 года маёнткам Гарадзішча каля Вілейкі валодалі Гарадзецкія і Спягольскія, а ў 1800-м — Ян і Аляксандр Спягольскія, Ян Бялевіч і Ігнат Кеўліч.
Да 1966 года тут была вёска Гарадзішча
Па словах навуковага супрацоўніка музея, да 1886 года маёнтак прылічваўся да прыходу куранецкага касцёла, а пасля — касцяневіцкага. І ўжо з будаўніцтвам Крыжаўздзвіжанскага храму ў горадзе пасля 1913 года маёнтак ўвайшоў у вілейскую парафію.
У той жа час на саміх могілках з 1683 года існаваў філіяльны касцёл. Святыню ўзвялі на каменным падмурку з бруса, а ў першай палове XIX стагоддзя перабудавалі, упрыгожыўшы інтэр’ер трыма алтарамі: галоўным, двух’ярусным і разьбяным.
Вось так выглядаў у пачатку 20 стагоддзя могілкавы касцёл у Гарадзішчы
— Крыжаўздзвіжанскага касцёла ў Вілейцы ў тую эпоху яшчэ не было, таму, не выключаю, што драўляны касцёл служыў і капліцай, дзе адпявалі памерлых, і святыняй, — кажа гісторык і ўдакладняе, што ў гады жорсткага ганення рэлігіі касцёл наўмысна падпалілі. Сёння на месцы святыні засталіся фрагменты каменнага падмурка і вялікі драўляны крыж.
Каля крыжа раней быў драўляны касцёл
Ад касцёла засталіся фрагменты каменнага падмурка
Колькі ў Гарадзішча ў XX стагоддзі было хат і якое было сельскае жыццё, у гістарычных дакументах не ўдакладняецца. Аднак вядома, што ў 1966 годзе Гарадзішча, як і дзесяткі іншых вёсак і невялікіх хутароў, рассялілі.
Прычына — ліквідацыя неперспектыўных населеных пунктаў у часы хрушчоўскіх рэформаў: хутары ссяляліся, а невялікія вёскі далучылі да іншых, удакладняе навуковы супрацоўнік музея.
Пахаванні на каталіцкіх могілках у гарадзішчы
Некаторыя магілы адрэстаўраваныя
Так, з карты населеных пунктаў Вілейскага раёна знікла і вёска Гарадзішча. А ў новым мікрараёне Паўночны-2 з’явілася самая вялікая вуліца — Гарадзішчанская, названая ў гонар старажытнага гарадзішча і, магчыма, сселенай вёскі.
Дрэва без галін і фамільны склеп
Некалькі гадоў таму каталіцкія могілкі ўзялі пад ахову. Сёння помнік археалогіі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Патрапіць на адны з найстарэйшых могілак горада можна з боку Свята-Ціханаўскай царквы або з трасы ў кірунку Порсы. Да могілак вядуць уздоўж поля і кустоў непрыкметныя гравійкі.
Уздоўж старадаўніх пахаванняў з каванымі і каменнымі крыжамі, чыгуннымі агароджамі і новымі сучаснымі надмагіллямі — свае дарожкі, якія месцамі сканчаюцца тупікамі з-за параснікаў.
— Цяжка ўсталяваць, колькі тут пахавана чалавек, — працягвае Вольга Коласава. — Калі зыходзіць з афіцыйных звестак, то адлік можна весці ад часоў існавання касцёла. Ён знаходзіўся практычна ў цэнтры некропаля. Але калі ўлічыць існаванне гарадзішча, то першыя пахаванні тут маглі з’явіцца сотні гадоў таму.
Вольга Коласава заўважае, што надмагіллі ўсталяваныя па хрысціянскіх канонах: калі праваслаўных хаваюць тварам на ўсход, то каталікоў — на захад. Практычна ўсе надмагіллі на старадаўніх могілках без фотаздымкаў. Недалёка ад рэшткаў касцёла спачывае род Бялевічаў, Сулістроўскіх і Спягольскіх. Тут жа пахаваны вядомы на Вілейшчыне род Любанскіх.
Магіла Канстанціна Сулістроўскага
— Дваранін Аляксандр Любанскі вядомы як заснавальнік першай ў Вілейцы прамысловай вытворчасці — лесапільнага завода, сёння гэта — ААТ «Буддэталі». Акрамя таго, ён быў спонсарам пры будаўніцтве Вілейскага касцёла і ахвяраваў сваю зямлю для яго ўзвядзення. Вядома, што Аляксандр ажаніўся на дваранцы Соф’і. Яна была родам з Навагрудскага раёна, але неўзабаве сям’я пераехала на яе радзіму. У фамільным склепе, мяркуючы па метрычных запісах куранецкагу касцёла аб пахаваннях у 1840-1860-х гадах, вядома, што ў маёнтку Любань памерлі і пахаваныя на могілках у Гарадзішчы ўдавец Ян Клячкоўскі, які пражыў 72 гады, а таксама дзевяцігадовы Сільвестр Стэмпкоўскі. У 1861 годзе тут жа пахаваны Віктар Любанскі. А сам Аляксандр пахаваны на радзіме жонкі, — удакладняе Вольга Коласава.
Фамільны склеп Любанскіх
Многім пахаванняў, працягвае гісторык, каля стагоддзя. Сустракаюцца і багатыя для той эпохі помнікі. Такія маглі дазволіць асобы з мясцовай шляхты і заказвалі іх звычайна ў майстроў у Вільні і Варшаве.
Увагу прыцягнулі помнік-абеліск з «кішэняй», верагодна, для свечкі, і каменная кампазіцыя ў выглядзе дрэва з адсечанымі галінамі як сімвал заканчэння роду. У памяць аб кім ўстаноўлена гэта дрэва, невядома.
— Звычайна такія сімвалічныя надмагіллі ставілі ў памяць аб апошнім у родзе чалавеку, які сышоў з жыцця, — дадае гісторык.
Вольга Коласава распавяла, што ў канцы 80-х гадоў разам з каляжанкай Наталляй Яфімавай яны сабралі імёны памерлых і пахаваных на каталіцкіх могілках. Нягледзячы на тое, што гаворка ідзе аб сотнях памерлых людзей, у спісе гісторыкаў — толькі 51 прозвішча, якія ў 1989 годзе ўдалося прачытаць.