«Віншуем, Піпі!»: амбасада Швецыі ў партнёрстве з OZ распачынае творчы конкурс «Будзь як Піпі!»

03.05.2021 Конкурсы

Амбасада Швецыі распачынае конкурс для дзяцей «Будзь як Піпі!» ў межах праекта «Віншуем, Піпі!» ў гонар віншавання 75-годдзя Піпі Доўгаяпанчоха — галоўнага персанажа аднайменнага твора шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн. Удзельнікі творчага спаборніцтва атрымаюць каштоўныя прызы ад амбасады і спецыяльны прыз ад кампаніі OZ, якая выступае партнёрам актыўнасці.


Удзельнікам конкурса трэба прымерыць вобраз Піпі — супермоцнай дзяўчынкі з Швецыі, якая нават магла падняць каня! Праяўляйце кемлівасць і фантазію, каб стварыць такога каня сваімі рукамі. Арыгінальнае фота з ім дасылайце на pippi75minsk@gmail. com. Удзельнік павінны пазначыць сваё імя, свой узрост, кантактны тэлефон, згоду альбо нязгоду на публікацыю фотаздымкаў у сацыяльных сетках, якія будуць прымацца да 20 траўня. Самыя цікавыя фотаздымкі будуць уключаны ў відэаролік, які выйдзе 1 чэрвеня ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. Спецыяльны прыз ад OZ — разумны гадзіннік — атрымае ўладальнік самай крэатыўнай і душэўнай выявы.

На старонках сацыяльных сетак Амбасады Швецыі пад хэштэгам #CongratsPippi #CongratulationsPippi #Pipi75, акрамя конкурса, запланаваныя розныя актыўнасці ў гонар Піпі: чытанні «Піпі Доўгаяпанчоха» у перакладзе Алены Казловай, віктарыны і творчыя заданні.

Паводле прэс-рэлізу