Калі ўважліва вывучаць жыццё і творчасць Дуніна-Марцінкевіча і яго калег, можна знайсці шмат паралеляў з сённяшнім днём. Але давайце спачатку. Піша Крысціна Бандурына на сайце «Новы Час».
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фота: zviazda.by
Вінцэнт (або, як яго яшчэ часта называюць у рускамоўным сегменце інтэрнэту, Вікенцій) Дунін-Марцінкевіч паходзіў з беларускай шляхты. Існуе версія, што гэты род мае дацкія карані (на гэта паказвае прыстаўка «Дунін»), аднак невядома, ці меў хтосьці яшчэ да нашага героя ў родзе гэтую прыстаўку. Аднак не выклікае аніякіх сумневаў прозвішча «Марцінкевіч», якое належыць да герба «Лебедзь». На момант, калі нарадзіўся будучы творца, род ужо збяднеў, таму доля Дуніну-Марцінкевічу выпала не самая лёгкая. Але ён з ёю спраўляўся як мог — напрыклад, сам заклаў сядзібу, дзе выраслі сямёра яго дзяцей.
Фальварак Люцынка, дарэчы, знаходзіўся ў Мінскім павеце (цяпер — Валожынскі раён). Закладзены ў 1840 годзе, ён праіснаваў ні многа ні мала паўстагоддзя, пакуль не згарэў у 1890 (паводле іншых звестак — у 1891) годзе. Цяпер непадалёк ад таго месца знаходзіцца сядзіба «Марцінова Гусь», у якой ёсць невялікі музей пісьменніка.
Верагодна, у планах Дуніна-Марцінкевіча было стаць лекарам, але нешта пайшло не так: па прафесіі ён не прапрацаваў ніводнага дня, затое меў сёй-той чыноўніцкі досвед — напрыклад, з восем гадоў жыцця ён аддаў Мінскай крымінальнай палаце. Кар’ера чыноўніка скончылася для Дуніна-Марцінкевіча самым эпічным чынам: малады сакратар адваката Бараноўскага закахаўся ў яго 16-гадовую дачку Юзэфу і выкраў яе з бацькоўскага дому. Бараноўскі быў супраць гэтага шлюбу, бо лічыў свайго сакратара галадранцам, а маці Юзэфы нават спрабавала аспрэчыць законнасць шлюбу, але нічога не выйшла.
З семярых дзяцей, якія нарадзіліся ў Вінцэнта і Юзэфы, самай вядомай з’яўляецца дачка Каміла Марцінкевіч (па мужы — Асіповіч), таленавітая і смелая, яна пайшла па слядах бацькі, была піяністкай, кампазітаркай і рэвалюцыянеркай, узначальвала рух «жанчын у чорным» і была сасланая ў Сібір.
Амаль 20 гадоў было наканавана Дуніну-Марцінкевічу пражыць у шлюбе з каханай Юзэфай. Яна памерла ў 1856 годзе, не паспеўшы пабачыць ні росквіту таленту мужа, які быў без перавелічэння першым прафесійным пісьменнікам Беларусі, ні мужнасці сваёй дачкі, сапраўднай беларускі.
Свой маёнтак даваў Дуніну-Марцінкевічу разгарнуць талент напоўніцу. Там ён напісаў свае лепшыя творы, там пачаў ладзіць тэатр — на жаль, падпольны, забаронены, але не абы-які: у трупе было каля 20 чалавек, уключна з самім драматургам і яго дзецьмі, а таксама меліся хор і аркестр. Хор быў сялянскі, і гэта важная дэталь, якая вызначае ледзьве не ўвесь шлях пісьменніка: менавіта селянін быў яго ўлюбёным героем, носьбітам найвышэйшых маральных якасцей, менавіта селянін на роднай, «мужыцкай», мове прамаўляў жыццёвыя пастулаты самога Дуніна-Марцінкевіча, яго нелюбоў да імперыі і царскіх халуёў.
Нелюбоў, у прынцыпе, была ўзаемнай: царская Расія напоўніцу спытала з непакорлівага творцы за яго супраціў. Падчас паўстання 1863-1864 гадоў, у якім прымала ўдзел Каміла Марцінкевіч, паэта і драматурга абвінавацілі ў распаўсюджанні антыўрадавых ідэй (чытай, сённяшніх «экстрэмісцкіх матэрыялаў»), за што Дунін-Марцінкевіч адседзеў — дзе б вы думалі? — на Валадарцы! Так-так, у тым самым Пішчалаўскім замку, дзе і цяпер сядзяць палітвязні. Пасля турмы яго перавялі пад нагляд паліцыі — і нагляд гэты не здымалі да самай смерці класіка.
У прынцыпе, гэта не перашкаджала яму ствараць. Рызыкну нават выказаць здагадку, што паліцэйскі нагляд толькі падбухторваў Дуніна-Марцінкевіча да супраціву, які і без гэтага быў зусім не дзіцячым. Чаго вартая толькі адна «Ідылія» («Сялянка»)! Толькі ўдумайцеся: першая п’еса, пастаўленая на публічнай сцэне, дзе гучала беларуская мова — у імперыі, на зямлі, якая яшчэ не адышла ад польскага ўплыву і ўжо зазнала расійскі! Ці, напрыклад, «Люцынка, або Шведы на Літве» — не імперыю апяваў Дунін-Марцінкевіч, не сілу і святасць цара, а слаўнае ліцвінскае мінулае, якім ганарыўся і спадкаемцам якога з’яўляўся. Пераемнасць гэтую ён захаваў нават у вершах, назваўшы свой зборнік вершаў «Дудар беларускі» — з відавочнай адсылкай да Францішка нашага Багушэвіча.
Наватар у тэатры, ён быў стваральнікам новых жанраў і ў літаратуры: з-пад яго пяра выйшлі вершаваныя апавяданні і аповесці, ён пісаў балады. Дунін-Марцінкевіч пераклаў на беларускую знакамітага «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. І калі вам яшчэ патрэбныя доказы таго, што культура нясе пагрозу любому рэжыму, вось вам «прывітанне» з ХІХ стагоддзя: беларускі пераклад «Пана Тадэвуша» быў забаронены царскай цэнзурай, і гэты лёс паўтарыла «Пінская шляхта» — самая вядомая п’еса Дуніна-Марцінкевіча, у якой той ад душы прайшоўся па чынавенстве, так званых «суддзях» і шляхце, якой пасля паўстання Каліноўскага «страх паралізаваў вочы». П’еса была напісаная ў 1866 годзе, але апублікавалі яе ўпершыню толькі ў 1918-м, калі самога Дуніна-Марцінкевіча ўжо не было ў жывых. І гэты лёс, дарэчы, напаткаў многія творы класіка.
Выдатна валодаючы некалькімі мовамі, у тым ліку, напрыклад, французскай, і маючы вялікі літаратурны талент, Дунін-Марцінкевіч мог стаць каштоўным набыткам якой заўгодна краіны, але застаўся беларусам — ад самага пачатку і да канца. І нам пра гэта варта памятаць.