Сёньня — роўна 80 гадоў з дня забойства чалавека, роля якога ў беларускай гісторыі ўсё яшчэ належным чынам не ацэнена і не асэнсавана. Гэта Раман Скірмунт.
Кім ён быў
Гісторыкі часта згадваюць, што адразу пасьля лютаўскай рэвалюцыі ў Менску быў утвораны Беларускі нацыянальны камітэт, які ўзяў на сябе ролю прадстаўніка інтарэсаў Беларусі і арганізатара яе далейшага палітычнага жыцьця — піша Свабода.
Значна радзей пішуць, што Камітэт гэты ўзначаліў нашчадак старажытнага роду, буйны землеўласьнік Менскай губэрні Раман Скірмунт.
Ад пачатку ХХ стагодзьдзя і да 1920 году Раман Скірмунт быў адным з самых актыўных, паважаных і вядомых палітыкаў Беларусі.
Яму давялося пабываць дэпутатам першай Дзяржаўнай Думы і членам Дзяржаўнай Рады Расеі, членам Рады БНР, надзвычайным паслом БНР ва Ўкраіне, консулам БНР у Польшчы, міністрам замежных спраў і прэм’ер-міністрам БНР.
Партыя Белай Русі і Літвы
У Рамана Скірмунта была стрыечная сястра Канстанцыя Скірмунт, гісторык і публіцыстка. Яны абое баранілі права народаў гістарычнай Літвы на нацыянальнае разьвіцьцё.
- У 1905 годзе Раман Скірмунт упершыню выступіў з ініцыятывай стварэньня Краёвай партыі Літвы і Русі.
- У 1906 годзе ён выступае ўжо за стварэньне Краёвай партыі Белай Русі і Літвы.
- У студзені 1907 году Канстанцыя Скірмунт выступіла з праграмнымі тэзісамі Краёвай партыі Літвы і Белай Русі, якая павінна была спрыяць паразуменьню трох мясцовых нацыянальнасьцяў — літоўцаў, беларусаў і палякаў.
Для гэтага трэба было, на думку Скірмунтаў, дамагчыся самакіраваньня Літвы і Беларусі з Соймам у Вільні і культурнымі цэнтрамі ў Коўні і Менску.
На жаль, на віленскім зьезьдзе 1907 году праграма Скірмунтаў пацярпела паразу, і Краёвая партыя Літвы і Белай Русі аказалася партыяй мясцовых палякаў. Скірмунт нават не ўвайшоў у яе склад.
Нараджэньне Беларусі ў душы грамадзяніна ВКЛ
Але ў дзень 80-годзьдзя трагічнай сьмерці Рамана Скірмунта найперш думаецца вось пра што.
Ягоны лёс, яго ідэйная эвалюцыя і яго нацыянальнае ўсьведамленьне ў пачатку ХХ стагодзьдзя зьяўляюцца яскравым і эталённым прыкладам абуджэньня старой Русі ў душы спольшчанага жыхара былога ВКЛ і нараджэньня там Русі новай — мадэрнай Беларусі.
У 1904 годзе Раман Скірмунт выдае публіцыстычную брашуру «Новыя лёзунгі ў справе адраджэньня літоўскай нацыянальнасьці», дзе разважае пра патрэбы этнічных літоўцаў.
А ўжо ў 1905 годзе з-пад пяра Скірмунта выходзіць брашура «Голас мінулага і патрэбы сучаснасьці», дзе ён упершыню праяўляе свой беларускі патрыятызм, хоць і ўжывае яшчэ тэрміны «Русь» і «русіны».
У гэтай брашуры Скірмунт піша пра адрозьненьне Літоўскай Русі ад Русі Маскоўскай, пра найважнейшую ролю старабеларускай мовы ў ВКЛ і пра мірнае сужыцьцё славян і балтаў. Ён заклікае зразумець, што Літва і Беларусь не зьяўляюцца часткамі Расеі і Польшчы.
Нацыянальны маніфэст Скірмунта
Гэтак я называю адно неверагоднае прызнаньне Рамана Скірмунта, якім ён дэманстратыўна разьмяжоўваецца з палякамі і польскай нацыянальнасьцю.
Вядома, што будучы абраным вясной 1906 году ў склад першай Дзяржаўнай Думы Расеі ад Менскай губэрні, Раман Скірмунт разам з князем Геранімам Друцкім-Любецкім, Мар’янам Масоніусам, Аляксандрам Лядніцкім, біскупам Эдвардам фон Ропам, Чаславам Янкоўскім, Баляславам Ялавецкім, ксяндзом Антонам Сангайлам і іншымі дэпутатамі ад беларускіх губэрняў адмовіліся ўвайсьці ў так званае Польскае кола і ўтварылі сваю асобную групу.
Сьведкі пісалі, што беларускія дэпутаты абзывалі палякаў «ляхамі», уступалі зь імі ў моўныя перапалкі і называлі сябе беларусамі польскай культуры.
Якраз да гэтага часу адносіцца вельмі важнае і яскравае сьведчаньне пра нацыянальную эвалюцыю Рамана Скірмунта і многіх іншых прадстаўнікоў тагачаснай беларускай арыстакратыі і шляхты, якое нам пакінуў адзін з бацькоў сучаснай Польшчы Раман Дмоўскі.
У жніўні 1906 году ў газэце «Dziennik Kijowski» Раман Дмоўскі наступным чынам апісаў свае разыходжаньні са Скірмунтам:
«Скірмунт перш-наперш не ўважае сябе за паляка. У гутарцы са мной ён заявіў, што ён беларус, які адно ўзгадаваны ў польскай культуры, ... што ён ня мае найменшай патрэбы залічаць сябе да народнасьці, зь якой яго зьвязвае толькі культура».
Заўважце! Скірмунт зрабіў гэтую заяву яшчэ да выхаду першых беларускіх газэт «Наша Доля» і «Наша Ніва». Гэта паказвае на неверагодную жывучасьць беларускай гістарычнай памяці, на моц і сілу нашай гістарычнай спадчыны.
***
7 кастрычніка 1939 году, пасьля захопу Заходняй Беларусі, бальшавіцкія камісары загадалі мясцовым актывістам расстраляць 71-гадовага былога прэм’ер-міністра БНР, уладальніка маёнтка Парэчча пад Пінскам Рамана Скірмунта. Пазьней беларускі палітык быў перапахаваны ў парку роднага Парэчча.