Развіццё падзей у 2020-м і пасля стварыла ўнікальную сітуацыю з пункту гледжання спецыялістаў. Зараз беларускіх падлеткаў можна падзяліць на тры групы. Гэта падлеткі ўнутры Беларусі, гэта дзеці беларусаў-эмігрантаў і падлеткі, якія маюць бацькоў-палітвязняў. У чым асаблівасці кожнай з гэтых груп і як дапамагчы падлеткам і іх бацькам перажыць складаны ўзрост без цяжкіх наступстваў? Парадамі падзялілася псіхолаг Вольга Вялічка.
Псіхолаг Вольга Вялічка. Фота з асабістага архіва Вольгі Вялічкі
Нагодай для сустрэчы з Вольгай стаў выхад беларускай падлеткавай кнігі «Соня, стой!» Сашы Гук — гісторыя пра падлеткавыя мары, пераадоленне траўмы і каханне падчас пратэстаў.
Чытайце па тэме:
Ніякай магіі, апрача магіі моцы і слабасці асобы, альбо Чаму варта прачытаць кнігу «Соня, стой!»
Паразмаўлялі са спецыялісткай пра тое, што ж цяпер з беларускімі падлеткамі — усё, як звычайна, ці ў нас ёсць нейкія свае асаблівасці. Яна ўпэўнена, што падлеткавы ўзрост — гэта такі ўмоўна дзяржаўны іспыт ва ўніверы. Іспыт для бацькоў.
З першых дзён жыцця дзіцяці паміж ім і бацькамі фармуецца тое, што называецца тыпам прывязанасці.
Першы тып прывязанасці — норма
Бацькі тут устойлівыя эмацыйна, а калі няўстойлівыя (здараецца ў жыцці ўсякае), то яны ўмеюць адбудоўвацца назад у гэтую норму. Яны ўмеюць выказваць патрабаванні дзецям, разумеюць, што такое пакаранне дзяцей (абмежаванне не праз прыніжэнне), умеюць падтрымліваць дзяцей, вылаўліваць эмоцыі. Такія бацькі ад пачатку разумеюць, што іх задача выхаваць дзіця так, каб яно навучылася потым жыць без іх.
Дзіця з нармальным тыпам прывязанасці разумее, што ёсць розныя людзі ў гэтым жыцці і свеце, што з адным можна камунікаваць так, з другім — так. Яны не баяцца быць аднымі, яны не шукаюць палёгкі ў «хуткай дапамозе»: у алкаголі, рэчывах і падобным. Гэта даволі ўстойлівыя людзі з высокім узроўнем эмпатыі.
Другі тып прывязанасці — які шукае
У пачатку было ўсё добра, маці давала бяспеку, добры эмацыйны стан і г. д. А потым нешта здарылася, і гэтая фігура маці стала адчужанай, аддаленай і г. д.
Вялікія знешнія выпрабаванні пераключаюць жанчыну з мацярынства на забеспячэнне прыстойных умоваў жыцця. І тады вось так: спачатку дзіцё атрымлівала любоў і ласку, а потым рэзка гэта абарвалася.
У дарослым жыцці гэта будуць людзі, каторыя ўсім усё хочуць даказаць. Яны да ўсіх чапляюцца, яны адны не тое, што быць не хочуць, яны адны быць не могуць, шукаюць падтрымкі. І не могуць самастойна амаль нічога вырашыць, калі ёсць праблема, то ім трэба багата часу на яе вырашэнне, яны абапіраюцца на іншых асоб, яны маніпулююць усімі відамі маніпуляцый — гэта добра засвоена ў дзяцінстве. Бо так было трэба прыстасоўвацца, каб выжыць і любові дабраць, колькі атрымаецца дабраць.
Трэці тып прывязанасці — пазбягаючы ці трывожна-пазбягаючы
Калі ў дзяцінстве маці была адразу халоднай. Магчыма, дзіця атрымоўвала фізічную бяспеку, але яно не атрымоўвала эмацыйнай бяспекі, эмацыйнай сувязі. І тады такое дзіця — закрытае, яно таксама будзе шукаць выйсце праз маніпуляцыі, але маніпуляцыі больш з ухілам у ціск.
У дарослым жыцці гэта будуць вельмі закрытыя людзі, ведаеце, такія самастойныя людзі, якія мала просяць дапамогі, якія ўсё сам-сам — пакуль не лягуць. Людзі не вельмі эмпатычныя, якія складана разумеюць эмоцыі іншых людзей, даволі эгаістычныя. І людзі трывожныя. Трывога іх будзе ісці побач ценем усё жыццё, часта забягаючы наперад самога чалавека.
Дарэчы, у гэтай кнізе «Соня, стой!», якая і стала нагодай нашай размовы, апісаны пазбягаючы тып. Там жа Соня рэзка так на тату абрынулася. На жаль, як мне, то не хапіла тэмы пра тату ў кнізе. Увогуле, мне падаецца, што кніга напісаная мужчынам, бо вельмі ж так праглядаецца мужчынская лінія. І мне падаецца, што першы сэксуальны досвед так апісаў бы менавіта мужчына. Але не буду спойлерыць, чытачы разбяруцца.
Ілюстрацыя з кнігі "Соня, стой!"
Як уплываюць бацькі і іх развіццё
Развіццё — гэта ўменне пераадольваць канфлікты, стрэсы і крызісныя моманты. Узроставыя крызісы — непазбежныя, яны павінны нас рухаць наперад да больш глыбокага разумення, што такое жыццё.
У падлеткавай тэме трэба разумець першае. Што гэта ўсё тое, што мы пасеялі. 10-15 год мы сеялі і цяпер збіраем. І не перасеіць — нельга пражыць свае 15 год другі раз.
Таму і кажуць: тут і цяпер. Зразумець памылкі, раскласці ўсё па кроках — гэта магчыма і трэба. І тэрапія гэта робіць. Магчыма зрабіць высновы і перабудаваць свае падыходы да жыцця. Але ўсё гэта ўжо праца з наступствамі, гэта — не тут і цяпер.
Псіхолаг Вольга Вялічка. Фота з асабістага архіва Вольгі Вялічкі
Наколькі падлеткам будзе лёгка пераадолець свой узроставы крызіс, залежыць ад таго, ці траўмаваныя былі бацькі. Але мы — пакаленне, якое вучыцца не толькі ў бацькоў.
Большасць з нас — 35-45 — вырасла за савецкім часам, нашы бацькі дакладна з гэтага часу. У пэўныя моманты ім было вельмі складана закрываць нават базавыя патрэбы дзяцей. Пастаянны недахоп часу на дзяцей з-за перагружанасці працай. Дэфіцыт усяго — гэта таксама забірала час і эмацыйныя рэсурсы бацькоў. Нашы бацькі не ўмелі гаварыць пра эмоцыі і паказваць іх. Таму мы выраслі, забраўшы падыходы папярэдняга пакалення. Там было галоўнае: апраніся, абуйся, паеш, запляціся і ў школу. Вывучы ўрокі. Будзеш троечнікам — пойдзеш вуліцы месці. Але сацыяльны кантэкст, эканоміка моцна змяніліся з часам. Гэта ўсё паўплывала на тое, што
сёння мы — упершыню ў гісторыі чалавецтва — маем такую сітуацыю, калі пакаленне бацькоў будзе вучыцца не толькі ў мінулага пакалення, але і ў пакалення дзяцей. Я маю такі прыклад: гаварыць сваім дзецям «я цябе люблю» навучылі нас дзеці, а не дзяцей мы, бацькі. І нават дзядоў і бабуль навучылі.
Якіх падлеткаў мы маем сёння, на 2024 год
Усё было б нічога, каб не падзеі 2020 года.
Пасля падзей 2020-га, як я лічу, у кароткай перспектыве самай складанай, самай уразлівай групай сталі акурат падлеткі.
У гэтым узросце яны патрабуюць дастатковай увагі. А мы, бацькі, пасля падзей 2020-га былі і ёсць настолькі разгубленымі, настолькі несабранымі і настолькі напужанымі, што ў нейкія пэўныя моманты былі больш уцягнутыя ў грамадска-палітычнае жыццё, чым у жыццё дзяцей.
Мы былі на мітынгах, у турме, на сутках. Альбо ўсе ў траўме. Таму беларускія падлеткі з гэтым 2020-м спраўляліся самі як маглі. А што такое — як маглі? Наступствы ад «як маглі» — непазбежныя.
Калі мы, дарослыя, прыходзілі і абмяркоўвалі гвалт, беззаконне, абразу — мы былі вельмі ўзбуджанымі, уразлівымі, абуранымі, трывожнымі і злымі. І мы пра гэта гаварылі — мы ж умеем гаварыць, і яно ў нас адносна ўляглося. А падлеткі не навучаныя яшчэ гаварыць. У іх і так страхі ёсць, і так бурболіць увесь гэты гарманальны фон — і наверх яшчэ ўсё гэта наша дарослае 2020 года. Мы ўсе былі не вельмі каб падрыхтаваныя да гэтага года.
Малюнак: counselling-directory.org.uk
Тры групы беларускіх падлеткаў
Якіх падлеткаў я цяпер назіраю? Тут таксама ёсць тры групы, са сваім агульным і адрозным.
Падлеткі ўнутры Беларусі
Ідэалогія, якая цяпер пануе ў нашай краіне, з усяго кепскага, што там ёсць, робіць найгоршае: фармуе ў несфармаваных маладых людзей няздольнасць самастойна прымаць рашэнні і адказваць за іх.
То-бок ім гавораць умоўна: «Прыйшлі, пастроіліся і роўненька сталі». Паўсюль прымушэнне і ўсяісная піянерская лінейка. У падлеткавым жа ўзросце закладаецца дарослае бачанне таго, якія ёсць сітуацыі і якое выйсце з розных сітуацый шукаць. А калі ты не маеш варыянтаў, бо табе проста «сказалі», то гэта зразае крута ўменне шукаць выйсце і несці адказнасць за тое ці іншае дзеянне.
Што мы бачылі і сёння бачым (і ў будучым пабачым) у тых жа міліцэйскіх структурах і падобных, у школах і г. д.: «Нам жа сказалі». І яны насамрэч вераць у тое, што так павінна быць, бо з маленства падпарадкоўваліся загадам, бо гэта аксіёма — сказалі дарослыя, а потым начальнікі, значыць, гэта трэба рабіць.
Усе гэтыя лозунгі, гатовыя рамачныя рашэнні, якія ўкручваюцца чалавеку ў галаву, не даюць праз адсутнасць крытычнага мыслення сфармаваць чалавеку свае ўнутраныя ўяўленні.
Рэкамендацыі бацькам падлеткаў, якія цяпер у Беларусі:
• Не даваць гатовых рашэнняў,
• абмяркоўваць з падлеткамі сітуацыю,
• выслухоўваць, як яны яе бачаць, і што б яны ў гэтай сітуацыі маглі зрабіць самастойна.
Падлеткі, якія з бацькамі выехалі з краіны
Тут было і ёсць вялікай праблемай тое, што бацькам трэба было ў іншай краіне занава збудаваць сваё жыццё. І бацькі былі занятыя пошукам кватэры, працы, медычнымі страхоўкамі, уладкаваннем дзяцей у садкі ды школы — і ўвесь гэты час падлеткі заставаліся сам-насам з сабою.
Пакуль бацькі вымушаны наладжваць жыццё ў новай краіне, дзеці застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. Малюнак: chcmarblefalls.com
Падлеткі могуць рэзка рэагаваць у такіх сітуацыях: «Вы мяне дасталі, я нічога не хачу, нікуды не хачу ісці вучыцца». Яны могуць быць вельмі эпатажныя ў паводзінах і адзенні. Заходзяць у адну пазіцыю — і ўпарта на ёй стаяць. У іх такія аргументы: «Вы мяне не разумееце», яны абвінавачваюць усіх і ўсё: «А чаму мы ў гэтай Літве, а не ў Германіі?», «Я вас нікуды везці мяне не прасіў (ла)», «Вы ні на што не здольныя і ўвогуле тут ніхто», «Вы самі вінаватыя».
Другая полюсная пазіцыя, калі дзеці кажуць: «У мяне ўсё добра, не перажывайце, не вельмі ведаю, што мне трэба, але ўсё добра». Гэта калі дзеці не паспелі прайсці падлеткавы перыяд — і адразу сталі дарослымі. Вось такія полюсы я пастаянна назіраю зараз у сваёй практыцы.
Яшчэ больш небяспечны варыянт, калі дзеці, што называецца, хутка сталі дарослымі. «Мама, тата, не хвалюйцеся, у мяне ўсё атрымоўваецца, я ўсё зраблю, усё добра», а мама і тата кажуць: «Ведаеце, у нас такі харошы дзіцёнак, у яго нават не было падлеткавага ўзросту». Гэта самае небяспечнае з таго, што можа быць.
Бо жыццём, прыродай гэты падлеткавы крызіс так пабудаваны і так апісаны, што кожны чалавек мусіць праз яго прайсці. І калі ёсць адхіленні ад гэтай крызіснай нормы, скажам так, то будуць наступствы.
І наступствы пасля непражытага крызісу будуць больш складанымі, чым наступствы такога вось буйнога, гучнага, паказальнага крызісу.
Дзеці палітзняволеных
Такія падлеткі праходзяць праз пэўныя стадыі — спачатку агрэсіі, такой вялікай злосці на свет, на бацькоў, на жыццё і г. д. Тое, што адбылося, яны спрабуюць перанесці праз агрэсію. Потым разумеюць, што гэта не надта працуе, і тады яны рэзка пасля агрэсіі закрываюцца.
Што мне кажуць такія дзеці: «Я не хачу пра гэта гаварыць, у мяне ўсё нармальна». То-бок яны як бы пралятаюць гэты падлеткавы ўзрост. Яны губляюць сваю апорную дарослую фігуру ці абодвух і стараюцца такую фігуру збудаваць у сабе ці праз сяброў, звычайна не вельмі сацыяльна ўладкаваных сяброў. У такім варыянце ёсць зразумелыя рызыкі.
Малюнак: thrivingcenterofpsych.com
Парады бацькам, што апынуліся ў набліжэнні падлеткавага шторму
• Звяртацца да спецыялістаў
У мяне толькі адна прапанова да бацькоў. Калі вам баліць зуб, патрываеце вы крыху, закінеце таблетак боль прыглушыць, але ж усё роўна пойдзеце да стаматолага, так? Сэрца забалела? Да кардыёлага. Ёсць адукаваныя адмыслоўцы, яны называюцца псіхолагі.
Кнігу "Соня, стой!" пра дзяўчыну-падлетка можна набыць па спасылцы
Кнігу "Соня, стой!" пра дзяўчыну-падлетка можна набыць па спасылцы
Крызіс — праяўленне падлеткавага ўзросту, дзе патрэбная знешняя дапамога. Але гэта пра тое, калі зусім ужо невыносна бацькам.
Для таго, каб падлеткавы крызіс прайшоў нармальна, трэба зразумець, што дзеці сёння не такія, якімі былі мы ў гэтым узросце.
Той досвед не працуе на сто адсоткаў, старыя схемы амаль не працуюць. Цяперашнія дзеці хочуць, а некаторыя і патрабуюць прагаворвання эмоцый, умення адлюстроўваць, паказваць, падсвятляць эмоцыі, умення размаўляць пра ўсё тое, што нам, бацькам, нецікавае.
• Сачыць за інфармацыйнай прасторай дзіцяці
У падлеткаў ёсць намер зарабляць грошы, і сёння гэтаму спрыяе ўся інфраструктура. Прыкладам, усе гэтыя лічбавыя прасторы. І там не паўсюль ёсць праверка. Бацькі павінны разумець, што кантроль за інфапрасторай, за тэлефонам, планшэтам ці ноўтбукам мусіць ажыццяўляцца.
Адзін са спосабаў сачыць за інфармацыйнай прасторай пдлеткаў - шчырыя размовы. Малюнак: counselling-directory.org.uk
Якім чынам ажыццяўляцца кантроль — гэта выбар бацькоў:
• Жорсткі кантроль
Гэта можа будавацца жорстка на кантролі: «пакажы!», што не вельмі спрыяе даверу.
• Адмысловыя праграмы
Якія абмяжоўваюць ці адсочваюць крокі падлетка ў сеціве.
• Шчырыя размовы
Гэта проста ўменне шчырай размовы наконт таго, як уладкаваны свет, якія ёсць небяспекі ў ім, як гэта ўсё працуе. Зразумела, добра б і дарослым пры гэтым разумець, як уладкаваны свет.
І не трэба давярацца старой прымаўцы «Жыццё навучыць», бо тут вельмі няпэўны прагноз, бо можа і не навучыць.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org