«Вольныя суботы, матывацыя і талент» — новы набор у Школу пісьменніка

3 кастрычніка адкрыецца новы навучальны год у Школе маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Ужо чацвёрты раз кіраўніцтва прымае заяўкі абітурыентаў, якія ідуць на электронную пошту ШМП праз увесь верасень.

У самую гарачую пару прыёму і адбору прэс-служба СБП сустрэлася з каардынатаркамі Школы Аленай Казловай і Юляй Цімафеевай, а таксама выкладчыцай Ганнай Бутырчык, каб пагаварыць пра тое, што чакае навучэнцаў сёлета.

Уявім сабе, што я малады літаратар, краем вуха ўпершыню пачуў назву “Школа маладога пісьменніка” і хачу даведацца, што гэта за яно і ці варта туды падавацца. Пакуль што ўсё выглядае надзвычай таямніча. Здаецца, што там сабе – пішацца і пішы сабе, навошта яшчэ нечаму вучыцца. Таму хацелася б пэўнай яснасці, што чакае навучэнцаў і як наагул вы бачыце мэты Школы?

Юля Цімафеева: “Школа маладога пісьменніка” працуе ўжо чацвёрты год. Заняткі будуць праходзіць два разы на месяц па суботах цягам чатырох акадэмічных параў: першыя тры заняткі – з выкладчыцамі Ганнай Бутырчык, Людмілай Рублеўскай і Наталляй Паваляевай, а чацвёртая “пара” – майстар-клас з запрошанымі гасцямі, вядомымі аўтарамі прозы і крытыкі. Перыяд навучання ў школе складае восем месяцаў. Думаю, на першай сустрэчы мы абмяркуем з навучэнцамі час правядзення, які ім лепш падыходзіць.

Ганна Бутырчык: Мэта школы – стварэнне пэўнага творчага асяроддзя, якое б давала натхненне і імпэт для стваральніцкай дзейнасці. Навучэнцы будуць знаёміцца з сусветна вядомымі пісьменніцкімі практыкамі, будуць выконваць шэраг творчых заданняў для таго, каб выпрацаваць свой уласны мастацкі стыль, будуць атрымліваць веды ў галіне тэорыі літаратуры ў найбольш папулярнай форме. На занятках абмяркоўваюцца вядомыя творы сусветнай і беларускай літаратуры, а таксама тэксты навучэнцаў. Я пераканана ў тым, што гэта будзе спрыяць больш адэкватнай ацэнцы сваёй уласнай мастацкай творчасці.

Адпаведна будуць арганізаваны заняткі. Як паказвае практыка, навучэнцы нашы з найбольшай цікавасцю ставяцца да практычных заняткаў, таму ў кожнай з выкладчыц маецца велізарнейшая колькасць практыкаванняў. Мы імкнемся не паўтараць іх з года ў год. Будуць размовы пра тое, што такое кампазіцыя, як ствараецца сюжэт, як пісаць дыялогі, як знайсці добрую назву для твора. І аж да некаторых рэдактарскіх выдавецкіх рашэнняў. Кожны занятак мае пэўную тэму. Мая задача, у першую чаргу, разбіраць і аналізаваць творы сусветнай і беларускай літаратуры і праз гэты аналіз паказваць асноўныя паняцці тэорыі літаратуры, магчымыя варыянты рашэння творчых задач. Людміла Рублеўская, зразумела, большую ўвагу звяртае на пісьменніцкія практыкі і ў яе ёсць мажлівасць у межах адной пары даць шмат заданняў. Наталля Паваляева таксама будзе спыняцца на тэорыі і на тых пісьменніцкіх знаходках, якія з’яўляюцца вяршынямі замежнага літаратарскага вопыту. Мы, рыхтуючы праграму, выкарысталі досвед шведскіх пісьменніцкіх школ, дзе гэтая справа пастаўленая на прафесійны ўзровень. Таксама вывучаем праграмы знакамітых creative writing courses, якіх вельмі багата ва ўніверсітэтах ЗША, Канады і Брытаніі. Шмат часу будзе прысвечана індывідуальнай працы з аўтарскімі тэкстамі навучэнцаў.

Ёсць дзве групы заданняў: заданні, якія выконваюцца непасрэдна падчас пары, вельмі кароткія і прыватныя. Скажам, даецца пэўная сітуацыя і яе трэба апісаць з той пазіцыі, якую прапануе выкладчык. Напрыклад, апішыце чалавека з аўдыторыі так, каб яго пазналі ўсе астатнія, але не называйце імя. Пасля гэтыя тэксты аналізуюцца. Ёсць заданні, якія выконваюцца навучэнцамі дома, больш складаныя. Зноў-такі, на практычных занятках разбіраць усе тэксты хатніх заданняў на наступнай пары немэтазгодна, бо папросту на ўсіх не хопіць часу. Таму адведзеныя асобныя суботы на разбор тэкстаў – і хатніх заданняў, і аўтарскіх твораў, якія напісаныя па-за Школай.

Ці разглядаюцца анкеты іншагародніх альбо Школа маладога пісьменніка разлічана толькі на мінскіх людзей?

Ганна Бутырчык: На другім і трэцім выпуску былі людзі з Гомеля, Гародні, Віцебска, нават з пасёлка Леніна на Магілёўшчыне – дзяўчына ездзіла праз Горкі і Магілёў. Былі з Меншчыны, з Заслаўя, Барысава.

Алена Казлова: У школе могуць навучацца іншагароднія, і такія выпадкі ўжо былі. Дапаможам, пракансультуем, як дабрацца да месца. Галоўнае, каб у чалавека меліся вольныя суботы, матывацыя і талент.

Якім чынам змяніліся ўмовы прыёму ў Школу маладога пісьменніка ў параўнанні з мінулым годам?

Юля Цімафеева: Раней у нас прапісвалася ўзроставае абмежаванне “да 25 гадоў”, бо хацелася папрацаваць менавіта з пачаткоўцамі. Сёлета верхняе абмежаванне вырашылі зняць, а ніжняя мяжа – 18 гадоў. Папросту, каб людзі паступалі паўнагадовыя, якія могуць самі за сябе адказваць. Быў толькі адзін выпадак, калі ў Школе займалася 14-гадовая дзяўчынка, адна з пераможцаў конкурса “Экслібрыс”. Але яна хадзіла на заняткі разам з бабуляй, даволі сталага веку жанчынай.

У заяўцы сказана, што “абітурыент” мусіць даслаць на электронную пошту ШМП матывацыйны ліст і мастацкія творы. Наколькі цяжка стаць навучэнцам школы і якім чынам адбываецца адбор?

Алена Казлова: 28 верасня, пасля таго як прыём заявак будзе завершаны, дзве каардынатаркі і тры выкладчыцы Школы збяруцца, каб пагаварыць пра заяўкі і творы прэтэндэнтаў. Яны прыйдуць, ужо маючы поўнае ўяўленне пра творы, і агучаць свае ацэнкі па кожнай заяўцы. Потым гэтыя балы суміруюцца, і лепшыя становяцца навучэнцамі. Група ў нас 20-25 чалавек. Як паказвае практыка, кожны год у нас ёсць конкурс і сапраўдны адбор. Але цягам першых некалькіх месяцаў найменш матываваная да працы частка людзей сыходзіць, і ў групе застаецца каля 15 чалавек, якія наведваюць заняткі пастаянна.

Шмат хто з вашых патэнцыйных навучэнцаў упершыню сустракаецца са словазлучэннем “матывацыйны ліст” і крышачку яго палохаецца. Магчыма, вы б маглі патлумачыць, якім чынам напісаць гэты ліст, каб адразу трапіць у школу?

Юля Цімафеева: Сапраўды, пры залічэнні ў Школу ўлічваецца не толькі мастацкі тэкст, але і матывацыйны ліст. Ён для нас таксама вельмі важны і пісаць яго зусім не складана. Мы хочам ведаць: а) чаму вы хочаце навучацца ў Школе маладога пісьменніка, б) чаго вы чакаеце ад яе і ці не сыдзеце вы адтуль праз два тыдні пасля залічэння. Матывацыйны ліст – гэта звычайная еўрапейска-амерыканская практыка.

Ганна Бутырчык: Матывацыйныя лісты для нас важныя яшчэ і таму, што мы можам паглядзець, наколькі нашы жаданні і інтэнцыі адпавядаюць інтэнцыям і чаканням навучэнцаў.

Алена Казлова: Мы шмат высілкаў укладаем у арганізацыю школы. Выкладчыцы сур’ёзна рыхтуюцца да кожнага занятку, таму навучэнцам трэба быць матываванымі да літаратурнай працы, да абавязковых практычных заданняў, напісання тэкстаў.

Ведаю, што на пачатку, на першым выпуску, былі і празаікі, і паэты. Цяпер жа навучацца прапануюць толькі аўтарам прозы. Чаму вы вырашылі адмовіцца ад прыёму паэтаў?

Ганна Бутырчык: Самая практыка навучання паэзіі абсалютна іншая. Хто з маладых можа вытрымаць такую колькасць інфармацыі па тэорыі літаратуры, вершазнаўства? Павінны быць дзве асобныя школы з рознымі праграмамі і выкладчыкамі. Гэта даволі працаёмка.

Юля Цімафеева: На той момант, тры гады таму, нам падавалася, што маладых паэтаў у Беларусі нашмат больш, як маладых празаікаў. Цяпер, пасля з’яўлення новых літаратурных прэмій, вага прозы значна вырасла. Але на кожнае пашырэнне патрэбны рэсурс, пакуль што такога рэсурсу няма.

Часам у інтэрнэце сустракаюцца пытанні: “А якія перспектывы адкрыюцца ў нас пасля заканчэння Школы маладога пісьменніка”, маючы на ўвазе, відаць, матэыряльныя выгоды. Насамрэч, кожны, хто трохі арыентуецца ў сучаснай культурнай сітуацыі, бачыць усю непрыбытковасць літаратуры. Але, магчыма, у вас ёсць свае адказы на гэтыя закіды?

Юля Цімафеева: Наш сертыфікат, безумоўна, не з’яўляецца аналагам дзяржаўнага дыплома пра набыццё адукацыі. У Школе маладога пісьменніка вы, па-першае, атрымаеце магчымасць пачуць кваліфікаваную ацэнку сваім творам; па-другое, камунікаваць з маладымі альбо не зусім маладымі людзьмі, якія займаюцца літаратурнай працай; па-трэцяе, пачуць вядомых беларускіх празаікаў, крытыкаў, літаратуразнаўцаў. Не так ужо і мала.

Ганна Бутырчык: Падчас навучання творы могуць рэкамендавацца ў друк. Было ў нас супрацоўніцтва з часопісам “Маладосць”, выходзілі творы ў “Нашай Нівай”, “Дзеяслове”. Выйшаў адзін зборнік твораў навучэнцаў “Параходзік сучаснасці”, а наступны ўжо здадзены ў друк. У выдавецтве “Мастацкая літаратура” нядаўна з’явіўся зборнік “Мой дзень пачынаецца”, дзе большасць аўтараў – нашы выпускнікі. Да таго ж, навучэнцы могуць удзельнічаць у публічных чытаннях, якія арганізоўвае “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, не толькі на выпускной вечарыне Школы маладога пісьменніка. Прынамсі, у мінулыя гады яны бралі ў мерапрыемствах СБП вельмі актыўны ўдзел.

Умовы паступлення глядзіце ТУТ

 

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org