«Ці можна ствараць (пісаць песьні, раманы, карціны) у адрыве ад роднае краіны? Ад сапраўднага беларускага кантэксту?» На гэтыя пытанні спрабуе адказаць Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org
Лявон Вольскі
Калі ты жывеш за мяжою, цябе атачае іншая рэчаіснасьць, якой ты, як ні круці, прасякаесься. А тая, беларуская, пакрываецца смугою, і ты ўжо не бачыш дэталяў, адценьняў, блікаў, неабходных для творчага чалавека-беларуса. Так?
Такое пытаньне мне часьцяком задаюць журналісты. Дый ня толькі журналісты, а і ўсялякія знаёмыя-прыяцелі.
Крывавая сістэма каардынатаў беларускай дзяржавы
Так атрымалася, што большая частка майго творчага жыцьця прайшла падчас аўтарытарызму. І гэта, сапраўды, была рэчаіснасьць, якая натхняла, падкідала тэмы, давала штуршок. Гэтая крывая сыстэма каардынатаў у дзяржаве нібыта сама заклікала: змагайся са мною, крытыкуй мяне, глядзі, якая я пачварная!
Не, натуральна, ёсьць такія творцы, якія дэкляруюць: «Мы не сьпяваем пра палітыку». Я іх ніколі не асуджаў, творчы чалавек мае права абмежаваць кола тэмаў для сваёй творчасьці. Хаця для мяне гэта дзіўна — навошта сябе абмяжоўваць? Атрымліваецца, я магу сабе дазволіць сьпяваць ня толькі пра каханьне, прыроду, чалавечыя стасункі, але і пра дыктатуру, на тле якой мы жывем, і пра вайну, якую разьвязаў «вялікі брат» («сястра»), і яшчэ шмат пра што, чаго сабе ня можа дазволіць артыст, які «не сьпявае пра палітыку» (пад «палітыкай» тут маецца на ўвазе неабыякавае стаўленьне да таго, што адбываецца ў краіне і любая форма грамадзянскае актыўнасьці). Але такі шлях саабмежаваньняў і ўнутранае цэнзуры — гэта зусім не маё. Таму я заўсёды казаў тое, што думаю, у песьнях, у апавяданьнях, у інтэрвію і ў сацыяльных сетках.
Ясна, што дзяржава не магла на гэта не рэагаваць. Зьявіліся «чорныя сьпісы», негалосныя забароны на выступы. Цягам дзесяцігоддзяў у Беларусі нельга было зайграць паўнавартасны (не падпольны) канцэрт. Кароткія пэрыяды «адлігаў» толькі падкрэсьлівалі правіла: забароны вернуцца. І яны вярталіся штораз у больш жорсткай форме.
З гэтага боку нічога не зьмянілася. Як у якім 2011-м было нельга, так і цяпер.
Сыстэма дзяржаўнага прэсынгу працуе дзесядзігодзьдзямі. Малюнак Лявона Вольскага
Дзяржаўны прэсынг, разьліты ў паветры
У РБ з культурай заўжды былі своеасаблівыя стасункі. Розныя службы былі сканцэнтраваныя на тым, каб толькі, крый Божа, не прапусьціць штосьці небясьпечнае, недазволенае, непажаданае праз свой фільтр. Перад канцэртам арганізатар мусіў прыніжальна несьці ў аддзел культуры ня толькі сьпіс песень, але й тэксты, якія ўпаўнаважаныя асобы ўважліва вывучалі на наяўнасьць рознага кшталту «непатрэбшчыны», а на самім канцэрце прысутнічалі прадстаўнікі аж некалькіх кантрольных ворганаў, каб пасьля мерапрыемства прынесьці справаздачу ў сваё ведамства. Той самы арганізатар шчодра частаваў «кантралёраў» напоямі ды закускамі «за шчот завядзенія», каб справаздача ў выніку атрымалася хаця б нэйтральнай.
Я памятаю, «Крамбамбуля» грала на адным фэстывалі ў сталіцы РБ (падчас чарговае «адлігі»). У працэсе канцэрту проста на сцэне мы вырашылі замяніць адну песьню са сьпісу на іншую. Нам падалося, што гэтая болей пасуе да бягучага моманту. Весела адыйгралі свой сэт, а ў гэты час за сцэнаю разыгрывалася трагедыя — зьбялелы арганізатар казаў нашай мэнэджэрцы: «Ну, усё! Нам гамон. Гэта быў апошні наш фэстываль». І гэта праз адну замененую песьню.
З аднаго боку, рэчаіснасьць натхняла на творчасьць, зь іншага — дзяржаўны прэсынг, літаральна, разьліты ў паветры, запрыгоньваў і скоўваў кайданкамі рухі. Нават падчас «адлігаў». Маральна гэта было вельмі няпроста.
28 гадоў жыцьця «пад каўпаком» і адчуваньне беларускай рэчаіснасьці
Тое, што «каб адчуваць беларускую рэчаіснасьць, трэба жыць у Беларусі» — нейкая бязглуздая думка.
За 28 гадоў жыцьця «пад каўпаком» я дасканала вывучыў усе нюансы, усе адценьні, усе пахі і адценьні шэрага. Хопіць на доўгія гады. Тым болей, нічога глябальна не зьмянілася.
- Улада цяпер агрэсіўнейшая — дык і раней можна было нарвацца на роўным мейсцы, цяпер проста болей шанцаў.
- Пазачыняліся клюбы — іх і раней было, у лепшыя часы, тры на двухмільённы горад. Паўсюль расейскія выканаўцы — яны і раней актыўна ў нас гастралявалі і зьбіралі поўныя арэны. Бо людзі глядзяць расейскія каналы, а на расейскіх каналах сьпяваюць расейскія артысты. А беларускія сьпяваюць адно ў інтэрнэце.
- Атмасфэра татальнага прыгнёту? Яна й раней была, вы проста яе не заўважалі (прымушалі сябе не заўважаць).
Калі раптам мяне перастане натхняць Беларусь...
А новыя творцы ў Беларусі ўсё адно будуць зьяўляцца. І пісаць песьні, і граць, і сьпяваць. І запісваць альбомы. Бо, калі табе 18 гадоў, ты ня думаеш пра пэрспэктывы. Ты проста пішаш песьні і хочаш даць іх людзям. І хтосьці будзе «не сьпяваць пра палітыку», а хтосьці вырашыць сьпяваць пра ўсё, без самацэнзуры.
А я, калі раптам мяне перастане натхняць Беларусь, гэтае каралеўства крывых люстраў, падвоеных стандартаў і гульні ў адну браму,
пакідаю за сабою магчымасьць сьпяваць пра каханьне, прыроду і чалавечыя стасункі. У адрыве ад беларускае рэчаіснасьці.
Хаця гэта наўрад ці.
Лявон Вольскі, Budzma.org