Творы Дуніна-Марцінкевіча, Геніюш, Арсенневай, Някляева нядаўна трапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пра гэта разважае ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org Лявон Вольскі. Іранічна і з пазітыўнымі высновамі, як напраўду ўмее знаны музыка.
Каго яшчэ ў экстрэмісты?
Дунін-Марцінкевіч — экстрэміст. Небясьпечны для дзяржавы. І ягоныя творы трэба выкрасьліць са школьнае праграмы. А «Пінскую шляхту» — забараніць ставіць на сцэнах беларускіх тэатраў. Не дарэмна ж ён пасьля 1963 году быў пад сьледзтвам і знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Экстрэміст!
Багушэвіч — экстрэміст. Ён удзельнічаў у паўстаньні супраць вышэйшаю сілаю нам дадзенае расейскае адміністрацыі і цара-бацюхны. Ягоныя вершы выражаюць незадавальненьне расейскай уладай, урадам і законамі і падбухторваюць народ да чарговага паўстаньня. Забараніць!
Багдановіч — экстрэміст. Гэта ён напісаў нацыяналістычны верш «Пагоня», на які моляцца ўсе змагары. Толькі за адзін гэты твор яго неабходна выкінуць са школьнай праграмы й улучыць у чорны сьпіс.
Купала — экстрэміст. Ён выкарыстоўваў у творчасьці забароненыя словы «Жыве Беларусь!», што можа быць прыроўнена як мінімум да адзіночнага пікету. Выкрасьліць і забараніць!
Колас — экстрэміст. Чаго вартая толькі цытата: «Ведаем ціск маскалёў»! Той, хто выкарыстоўвае слова «маскаль», варты чорнага сьпісу й нябыту, а ня званьня клясыка беларускай паэзіі і мейсца ў падручніку па беларускай літаратуры. Не дарэмна гэты «літаратар» адседзеў калісьці тэрмін на Валадарцы! Забараніць, скасаваць, сьцерці, выкрасьліць!
А Танк! «Пад сьцягам бел-чырвона-белым // Чакае перамога нас». Тыповыя змагарскія радкі! І што, такога чалавека пакідаць у падручніках?
Ці гэтыя рэпрэсаваныя ў 37-м, пра якіх так плача змагарска-нацыяналістычная тусоўка. Што яны, так ужо бязьвінна пацярпелі? Не, бацька народаў Сталін так проста людзей не страляў. Значыцца, было за што. Дый вядома за што — за нацдэмаўшчыну.
А пазьнейшыя — Бураўкін, Барадулін, Гілевіч... Гэта ж махровыя нацыяналісты! Можна было б тут прывесьці дзясяткі цытатаў, але — раптам гэты тэкст прачытае малады неакрэплы арганізм і ўспрыме цытату як штуршок, як нагоду да дзеяньня? Таму проста паверце на слова.
Ці трэба нам беларуская мова і беларускамоўныя паэты-змагары
Наагул выбар беларускае мовы як мовы творчасьці — гэта ўжо выклікае падазрэньне. Ты жывеш у дзяржаве, дзе пераважная большасьць карыстаецца ў камунікацыі расейскай мовай. Усё нармальна, усе задаволеныя. Дык на халеру, прабачце, ты пачынаеш пісаць вершы на малазразумелай, архаічнай, сялянскай, грубай і беднай на словы і выразы беларускай? Можа, ужо ў гэтым крыецца экстрэмізм, ягоныя вытокі? Экстрэмізм, нацыяналізм, а там ужо — бяры вышэй! — фашызм!
І яшчэ пытаньне: вы ўпэўненыя, што ў школах і ВНУ так ужо неабходна вывучаць беларускую мову й літаратуру? Ну, што, нашыя дзеці так ужо зьбяднеюць бяз гэтых «ростаняў» і «лыжак заціркі»? Ды я вас умаляю! Наадварот, калі застанецца адна мова, мова большасьці, дык вучні перастануць блытацца і рабіць гэтыя вечныя памылкі. Бо цяпер нармальна ня ведаюць ні тую, ні другую. Хопіць азірацца ў змрочнае мінулае, трэба глядзець у сьветлую будучыню, дзе пануе мова міжнацыянальных зносінаў — вялікая й магутная!
І потым — давайце ўжо скажам шчыра: за што ўсіх гэтых Багушэвічаў-Дуніных-Марцінкевічаў уключылі ў хрэстаматыі? Бо яны, гэтыя творчыя адзінкі, змагаліся з царскай уладай, а за савецкім часам гэта было пачэсна — змаганьне з царызмам. Вось за гэтым самым савецкім часам яны ў гэтыя самыя хрэстаматыі і пралезьлі. А цяпер часы зьмяніліся. Мы шануем і паважаем Савецкі Саюз, але мы яшчэ болей любім Русь, самадзяржаўе, праваслаўе і моцную ўладу, сканцэнтраваную ў руках аўгусьцейшага манарха. Таму цяпер патрэбы ў беларускамоўных паэтах-змагарах, ну, проста ніякае няма! Як і ў празаіках, мастаках, музыках і іншых нацыянальнаарыентаваных творчых пэрсанажах.
Што тут самае сьмешнае
Дзеля таго, каб падкрэсьліць вэктар разьвіцьця беларускай дзяржавы, варта было б арганізоўваць публічныя спальваньні кніг беларускамоўных аўтараў. Можна таксама публічна паліць карціны і кружэлкі. Каб людзі, якія зьбіраюцца прысьвяціць сябе творчым прафэсіям, задумаліся: ці варта ствараць па-беларуску? Ці варта абмяжоўваць сябе вузкім колам аматараў — нацыяналістаў-змагароў? Ці лепей арыентавацца на нармальную мову і адзіную зь вялікай Расеяй культурную прастору?
Вось прыкладна такая цяпер сытуацыя з культурай. Прыкладна так мысьляць «мастацтвазнаўцы ў цывільным». Але ведаеце, што тут самае сьмешнае?
Тое, што заўтра вецер зьменіцца, зайграюць сурма і дуда, Беларусь зробіцца беларускай, і гэтыя «мастацтвазнаўцы» на чысьцюткай беларускай мове, сыплючы цытатамі з Багушэвіча і Дуніна-Марцінкевіча, будуць пляжыць тых, хто «недастаткова беларускі», яшчэ не перайшоў на перадавую лацінку і не напоўніцу змагаўся з крывавай уладай у змрочныя лукашэнкаўскія часы.
Лявон Вольскі, budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі