Музыкі гурта Irdorath Воля і Антон Шніп стварылі новы бэнд і ўжо сёння даюць канцэрт у Варшаве. Першыя спробы стварыць гурт Воля ажыццявіла яшчэ ў Беларусі: тады яе муж, Антон Шпін, знаходзіўся за кратамі па справе гурта Irdorath. Пасля вызвалення музыкі з’ехалі ў Польшчу, дзе на творчай рэзідэнцыі распачалі новы праект. Budzma.org паразмаўляла з Вольгай, а таксама з каардынатарам Дома Творцаў у Варшаве Сяргеем Доўгушавым пра тое, як ствараўся Olia Shnip BAND і чаго чакаць ад канцэрта.
Сяргей Доўгушаў — кіраўнік Дома творцаў і заснавальнік творчай рэзідэнцыі ў Варшаве. Яго мэта — дапамагаць тым, хто вымушаны быў з’ехаць з краіны.
«Асноўная наша задача — гэта псіхалагічная рэабілітацыя. Таксама мы дапамагаем з творчай рэалізацыяй. Вынік кожнай рэзідэнцыі — гэта стварэнне нечага новага. Напрыклад, пасля 8-й рэзідэнцыі запланаваны вялікі музычны канцэрт, дзе будзе выступаць больш за 20 выканаўцаў, — распавядае Сяргей Доўгушаў. — На папярэдняй рэзідэнцыі мы працавалі з гуртом Irdorath. Гэта быў іх пачатак вяртання на сцэну. Мы дапамаглі запісаць новую песню, зрабіць кліп.
Таксама мы рабілі мастацкую рэзідэнцыю, а пасля арганізавалі выставу на фестывалі ТUTAKA. Яшчэ мы рабілі мерапрыемства у памяць Алеся Пушкіна: беларускія мастакі выстаўлялі свае працы ў гонар загінуўшага калегі».
Праект Olia Shnip BAND таксама быў створаны на адной з творчых рэзідэнцый. І вынік гэтай працы можна пабачыць ужо сёння на канцэрце ў Варшаве: музыкі выступяць разам з Вольным аркестрам.
«Пасля таго, як Воля і Антон з’ехалі з Беларусі, мы запрасілі іх на рэзідэнцыю. Больш за два месяцы адбывалася праца. Гэта вельмі рознабаковы праект, у ім шмат эксперыментаў са стылем, жанрамі. Цяпер у бэнда ўжо ёсць цэлая праграма, якую сёння можна будзе пачуць на канцэрце.
Асноўны гурт складаецца з шасці чалавек. Калектыў сабраўся таксама вельмі разнастайны: кагосьці мы ведаем з The Toobes, кагосьці з Серебрянной свадьбы».
Воля Шніп
Воля Шніп згадвае, што яе творчы шлях пачаўся даўно, яшчэ са школьных гадоў.
«Я заўсёды любіла музыку, удзельнічала ў розных секцыях: танцавальных, тэатральных. Я хадзіла ў музыкальную школу, і ўжо ў 11 гадоў напісала сваю першую песню пад гітару. А У 16 гадоў у мяне з’явілася кам’юніці: мы збіраліся з сябрамі з музычанага вучылішча, і час ад часу гралі»
У кансерваторыі Воля пазнаёміліся з будучым мужам — Антом Шніпам. Хутка яны сталі не толькі парай, але і творчым тандэмам.
«Нам вельмі хацелася стварыць свой гурт, але мы ніяк не маглі знайсці калектыў. Бо музыка ў нас няпростая.
А потым Антон трапіў за краты. І мне вельмі хацелася нешта зрабіць. Аднойчы нават атрымалася сабраць людзей: чатыры чалавекі, што гралі на струнных, адзін на флейце і адзін на фартэпіяна. І мы адыгралі канцэрт.»
Антона Шпіпа вызвалілі ў 2022 годзе, і хутка пара з’ехала ў Польшчу. Тут музыкі працягнулі займацца творчасцю.
«У нас з Антонам назбіралася вельмі шмат музыкі. Як мы жартуем, хапіла б на ўсе жыццё. Мы пачалі граць, і захацелася, каб людзі яе пачулі. Тут, у Польшчы, мы бліжэй пазнаёміліся з музыкамі з Вольнага аркестра. Так наш праект стаў пашырацца.
У нас атрымалася такая моцная музыка, што захацелася ёй падзяліцца. Хочацца, каб іншыя таксама адчулі дабрыню, чысціню, якую яна нясе. Мне падаецца, беларускаму мастацтву гэтага зараз вельмі не хапае».
Вольга сама піша музыку і тэксты да сваіх песен. Астатнія музыкі дапаўняюць творы праз імправізацыю.
«Склад гурта зараз такі: я спяваю, а Антон выступае у якасьці саундпрадзюсара. Ён зводзіць музыку, робіць з яе завершаныя творы. Андрэй Козік грае на клавішах, а таксама спявае на бэк-вакале. Філіп Петчанка — на бас гітары і кантрабасе. Вова Міхновіч — клавішы і саксафон. А на бубунах — Стас Мурашка.
Стас Мурашка
Мы граем у вельмі розных жанрах: гэта і фанк, і рок, і госпел, і штосьці ад оперы. Мы не абмяжоўваемся адным напрамкам у музыцы. Кожная песня жыве сваім жыццём. Кожны знойдзе нешта сваё ў нашай творчасці.
Асабіста я вельмі люблю госпел. Для мяне гэта віртуознае праяўленне музыкі. Увогуле няма кепскіх жанраў, паўсюль можна знайсці якасныя творы. Мы з мужам, напрыклад, вельмі шмат што слухаем: ад рока да хіп-хопа. І ў нашай творчасці мне падабаецца развівацца ў розных напрамках».
Вова Міхновіч
Як і многія беларусы ды беларускі, Воля на ўласным досведзе ведае, што такое вымушаная эміграцыя. Тым не менш, яна не губляе моцы і працягвае ствараць.
«У эміграцыі бываюць розныя дні: бывала і такое, што нічога не хацелася рабіць. Але зараз я адчуваю нейкую светлую энергію, якой хочацца падзяліцца. Пакуль што я магу аддаваць нешта іншым, я раблю гэта.
Я ведаю, што ва усіх досвед розны. Але нам пашанцавала. І палякі, і беларусы нас вельмі моцна падтрымлівалі і дапамагалі»
Воля прызнаецца, што сама ў шоку: ёй не верыцца, што ў іх атрымалася арганізаваць канцэрт з такой вялікай праграмай.
«Палову песень там будзе на расейскай мове, бо не ўсе атрымалася перакласці так, каб не згубіўся сэнс. Але другая палова — на беларускай. Будуць цікавыя перформансы музычныя. Канцэрт называецца «Там дзе святло». І мы запрашаем усіх далучыцца да гэтага святла».
Марта Радушкевіч, Budzma.org
Фота: Daniil Karatysh