2 красавіка — дзень яднання народаў Расіі і Беларусі. Так званае сьвята адзначаюць і прымушаюць ідэёлягаў і прапагандыстаў распавядаць аб тым людзям у Беларусі і суседняй краіне, піша Павел Хадзінскі ў «Новым Часе». Яднаюць, яднаюць, усё ніяк не заяднаюцца. Прычыны таму простыя: тысяча гадоў варажнечы і цывілізацыйнай розьніцы паміж намі і імі. Зьвернем увагу на самыя значныя эпізоды.
Рагнеда і Ўладзімер
Рагвалод і Ўладзімер. 978 год
Першым дакумэнтальна засьведчаным фактам супрацьстаяньня народаў Беларусі і Расеі безумоўна зьяўляецца забойства расейскім князем з Ноўгарада Ўладзімерам беларускага князя з Полацка Рагвалода ў 978 годзе. Афіцыйная савецкая і пазьней беларуская гістарыяграфія спрабуе паказаць гэты эпізод як звычайны і распаўсюджаны элемент міжасабовай барацьбы ў перыядзе феадальнай раздробленасьці. То-бок адзін князь вырашыў свае справы з суседам, няхай сабе і крывавым чынам, але такія былі ўжо сярэднявечныя часы. Гэта плаўна кладзецца ў вымаляваную канцэпцыю адзінай Русі, у дадзеным выпадку з назвай «Кіеўскай», дзе паасобныя кіраўнікі дазвалялі сабе шмат і больш чым шмат у пэўных абставінах.
Малюнкі з летапісу
Але ці было так насамрэч? Узгадаем сам эпізод. Да крывіцкага князя Полацкага княства Рагвалода вырашылі пасватацца два суседнія князі — з Кіева Яраполк і з Ноўгарада Ўладзімер. Адзначым, што абодва яны былі роднымі братамі, паміж якімі была кроўная нянавісьць і зьнявага. Уладзімер з наёмным войскам зрынуў намесьніка кіеўскага князя ў Ноўгарадзе і як паведамляе летапіс: «Ідзіце да майго брата і скажыце: Уладзімер ідзе на цябе, будзь гатовы зь ім біцца».
Яраполк у сваю чаргу прапанаваў хаўрус Рагвалоду, чым той і карыстаўся. Паміж Полацкім княствам і наўгародзкай тэрыторыяй былі па-сутнасьці нічыі абшары, якімі і спрабаваў авалодаць Рагвалод у сваіх паходах на Ўсход.
Яраполк такім чынам атрымаў падтрымку і згоду на шлюб з дачкой полацкага князя — Рагнедай. Рагвалод, паводле запісаў у летапісу запытаўся дачку: «Ці хочаш за Уладзімера?», — а яна адказала:
«Не хачу разуць рабычыча, а хачу Яраполка».
Гэтая хрэстаматыйная ўжо фраза і стала афіцыйна падставай для вайны. Рабычыч значыць сын рабыні. Менавіта ад такой кабеты быў народжаны Ўладзімер, у адрозьненьні ад «законнага сына» Яраполка.
Уладзімер увайшоў на тэрыторыю нашай дзяржавы, яго з войскам сустрэў Рагвалод, але быў разьбіты ў полі, таму схаваўся за сьценамі сталіцы. Сын рабыні ўзяў Полацак, а далей дамо слова летапісу:
«і паланілі Рагвалода і сыноў яго, і жонку яго, і дачку. І зьневажаў Дабрыня (дзядзька Уладзімера) яго, і прыгадаў Рагнедзе, як назвала князя рабычычам, і загадаў Уладзімеру быць зь ёю перад бацькам і маці. Пасьля Уладзімер забіў бацьку, братоў і маці яе, а саму ўзяў у жонкі».
Такім чынам, паўторым, адбылося наступнае: князь Уладзімер на вачах Рагвалода і яго жонкі згвалтаваў Рагнеду, якой было, як сьведчыць летапісец, 12 гадоў. Пасьля гэтага Ўладзімер забівае Рагвалода з жонкай і ўсіх спадкаемцаў мужчынскага полу, братоў Рагнеды, а яе гвалтам бярэ ў жонкі. Ужо потым той самы Ўладзімер пераможа свайго кроўнага брата Яраполка, захопіць Кіеў і стане яго князем. Дзіця, якое народзіць Рагнеда — Ізяслаў — стане пачынальнікам новай дынастыі Полацкага княства.
Што да Полацкага княства і дачыненьняў яго з так званай «Кіеўскай Русьсю» — летапісец адназначна піша, што ў Полацку была свая дынастыя князеў, а не намесьнік з Кіева, як было зь іншымі гарадамі.
Альгерд грукае ў Крэмль. 1368-1372 гады
Гэта быў вельмі цікавы перыяд, у якім у двубоі сыйшліся дзьве краіны ў барацьбе за геапалітычны ўплыў у рэгіёне. Вялікае Княства Літоўскае і Масковія імкнуліся паставіць адно аднаго пад свой кантроль. Наш вялікі князь Альгерд узяў шлюб з дачкою цьвярскога князя Ўльлянай, і таму меў уплыў на гэтую зямлю. Вялікая незадаволенасьць расла ў сувязі з гэтым у іншай дзяржаве — Масковіі.
Вялікі князь Альгерд
У 1368 годзе маскавіты скіравалі свае войскі на Цьвер, чый князь паклікаў на дапамогу мужа сваёй дачкі — Альгерда. Той зьнішчыў маскоўскія войскі, ваяводы былі пазабіваныя ў бітве. Маскоўскі князь Дзьмітры, які пазьней атрымае мянушку Данскі, спалохаўся не на жарт, што спаліў свае ж драўляныя пасады і зачыніўся ў Крамлі. Пасьля гэтага паходу ВКЛ вярнула ў свой склад Ржэў, які папярэдне акупавала Масковія.
У 1370 годзе войска Альгерда і Вялікага Княства Літоўскага зноў падыйшло да самых сьценаў Крамля. Маскоўскі князь зноў літасьціва прасіў аб замірэньні і прапанаваў вялізны выкуп. Дагэтуль у той Маскве існуе гістарычнае месца — Паклонная гара, дзе мясцовыя баяры прыносілі дары вялікаму князю Альгерду і пакланяліся яму.
Каб засьведчыць поўную перамогу над Масквой князь Альгерд на кані пад’ехаў да Крамля і дзідай ударыў у яго.
Альгерд у Маскве 1370 год
Праз два гады гісторыя паўтарылася ў трэці раз. Маскоўскі князь зноў паказаў зубы цьвярскому, на што Альгерд, як відавочны лідар у рэгіёне зноў спустошыў маскоўскае войска
Лівонская вайна. 1558-1582 гады
Маскоўскі тыран Іван IV Жахлівы імкнуўся дасягнуць заходняй часткі Эўропы, бо адчуваў адсталасьць сваёй краіны ў тэхналёгіях і больш шырока — у культуры. Адзіны магчымы шлях вёў праз балтыйскія землі, што тады складалі канфэдэрацыю з пяці княстваў, пад началам Лівонскага Ордэну.
Як гэта спрадвек павялося, маскавіты, спасылаліся на тое, што ў часы дапатопныя гэтыя землі нібы належылі іх продкам, а тагачасная ўлада Лівонскага Ордэна не плаціла даніну Маскве — вырашылі прымусіць гэта рабіць з дапамогай мяча. Маскавіты захапілі Нарву, Дэрпт і падыйшлі да Рэвеля. Ордэн, у сваю чаргу, вырашыў шукаць дапамогі ў мацнейшых суседзяў.Маскоўскі тыран Іван IV Жахлівы імкнуўся дасягнуць заходняй часткі Эўропы, бо адчуваў адсталасьць сваёй краіны ў тэхналёгіях і больш шырока — у культуры. Адзіны магчымы шлях вёў праз балтыйскія землі, што тады складалі канфэдэрацыю з пяці княстваў, пад началам Лівонскага Ордэну.
Першымі адмовілі Данія і Швэцыя, якія не жадалі быць уцягнутымі ў вайну. Тады ў 1559 годзе магістр Ордэна зьвярнуўся да Жыгімонта ІІ Аўгуста, караля Польшчы, і той таксама адмовіў у дапамозе. А далей адбылася цікавая рэч: магістр зьвярнуўся да Жыгімонта ІІ Аўгуста ўжо як вялікага князя літоўскага, і на гэты раз атрымаў тое, чаго прагнуў. Тут крыецца вялікая геапалітычная гульня, што разгортвалася ў тыя часы. Разам з тым, што Лівонскі Ордэн пераходзіў пад пратэктарат беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага 31 жніўня 1559 года, станавілася відавочным, што вялікая вайна з маскавітамі была непазьбежнай.
ВКЛ было ўцягнутае ў вайну, што прывяло да Люблінскай вуніі 1569 года, калі нашая дзяржава і польскае каралеўства зьядналіся ў Рэч Паспалітую. Пры гэтым Польшча ўсяляк устрымлівалася ад вайны і дапамогі Вялікаму Княству.
Вернемся да вайны. Войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла Рудога было скіраванае ў Лівонію, але атрымала паразу ў 1561 годзе. У хуткім часе спыніў і фармальнае сваё існаваньне Лівонскі Ордэн. У Рызе іх магістр перадаў знакі дзяржаўнай улады Вялікаму Княству, і працягваў кіраваць тэрыторыяй ужо ад імя вялікага князя літоўскага.
Асада Полацка
Гэта дало падставу для расейскага Івана зрабіць напад на нашую дзяржаву. Было сабранае вялікае 80-тысячнае войска і ў 1563 пасьля працяглай аблогі быў захоплены Полацк. Іван Жахлівы абвесьціў палоннымі не толькі жаўнераў, але і ўсіх жыхароў горада! Ён вывеў з горада 50 тысячаў нявольнікаў. Расейцы забілі ў Полацку ўсіх каталікоў, а габрэяў ад немаўлятак да старых — патапілі пад лёдам Дзьвіны.
Пад Глыбокім атрымала паразу 40-тысячнае войска ВКЛ. Адбыліся перамовы, дзе маскоўскі тыран патрабаваў, каб яну была перададзеная значная частка Вялікага Княства: уся Лівонія і Полацкая зямля. З такім нахабствам не маглі пагадзіцца, і вайна працягнулася. Расейцы вырашылі захапіць Менск і Навагародак. Аднак пасьпяховыя дзеяньні Мікалая Радзівіла Рудога здолелі гэтаму зяпярэчыць.
У наступныя гады Іван Жахлівы выбудоўваў шэраг крэпасьцяў на Полаччыне. Займаліся гэтым зразумела нашыя жыхары пад акупацыяй. Яны мусілі здабываць і дастаўляць будаўнічыя матэрыялы і выконваць усю неабходную працу.
Тым часам памірае Жыгімонт ІІ Аўгуст, а на яго месца вялікага князя і караля абіраецца француз Генрых Валуа, а пасьля яго ўцёкаў на французскі трон у 1575 годзе — вугорац Стэфан Баторы. Менавіта яму належыла перамагчы расейскую навалу ў будучыні.
6 студзеня 1582 года, недалёк ад Пскова было падпісанае Ям-Запольскае замірэньне на 10 гадоў. Гэта адбылося пра пасрэдніцтве Папы Рымскага Урбана VII, да якога зьвярнуўся Іван Жахлівы з просьбай аб мірных перамовах.
Па ўмовах дакумэнту, у Вялікае Княства Літоўскае вярталіся ўсе захопленыя з пачатку Лівонскай вайны землі ў тым ліку Полацк і Веліж, а таксама былы Лівонскі ордэн, які станавіўся часткай нашай дзяржавы. Аднак заваяваныя тэрыторыі ў маскоўскай дзяржавы перадаваліся ёй. У 1583 адбылася яшчэ адно мірнае пагадненьне, паводле якога паўночная частка сучаснай Эстоніі з гарадамі Нарва, Іван-горад і іншыя перадаваліся Швэцыі.
6 студзеня прынесла нашай дзяржаве мір, але разам з тым яно засьведчыла і катастрафічныя наступствы. Безьліч спустошаных гарадоў і вёсак, дзясяткі тысячаў забітых расейцамі нашых грамадзянаў, вялікая колькасьць палонных, лёс якіх пераважна застаўся невядомым. Вялікае Княства Літоўскае перамагло ў вайне, але не атрымала ад гэтага выгодаў. Наадварот — вынікам стаў і эканамічны заняпад краіны. Партнэр па Рэчы Паспалітай таксама карыстаўся становішчам і станавіўся ўсё больш галоўным у хаўрусе двух народаў.
Глядзіце яшчэ:
Невядомая вайна 1654-1667
Гэта была самая страшэнная вайна ў гісторыі Беларусі. Больш спусташальная, чым Другая сусьветная. Кожны другі жыхар Вялікага Княства быў забіты. Гэты горыч і боль прынес так званы брат і вечны аб’яднальнік з усходу. Расея — гэта вайна, як адзначыў тры дзясяткі гадоў таму Зянон Пазьняк.
Бітва пад Ляхавічамі
Вечнай ганьбы заслугоўвае кожны, хто імкнецца ў дзёсны цалавацца з крывавым суседам. Ён вырве язык і таму, хто лезе з пацалункамі. Хіба гісторыя не вучыць раз за разам, раз за разам аб сьмяротнай небясьпецы гэтых адносінаў?
Глянем на самую дзікую вайну ў нашай гісторыі.
Маскавіта хлебам не кармі, а дай паабараняць веру праваслаўную. З такімі лёзунгамі і пачалося новае ўварваньне на Беларусь. На тэрыторыю Вялікага Княства рынуліся тры вялікія арміі, а таксама шматлікія казакі Багдана Хмяльніцкага, што ўжо прысмактаўся да крамлёўскай цыцкі. Дзіўнымі выглядаюць назвы беларускіх вуліцаў у гонар гэтага відавочнага антыбеларускага гетмана.
Войска ВКЛ пасьля папярэдняй вайны з казакамі, хаця і было армія пераможцаў, але было саслабленае і стомленае. У хуткім часе былі захопленыя Полацак, Віцебск, Крычаў, Мсціслаўль, Рэчыца, Ворша, Гомель і іншыя гарады на ўсходзе дзяржавы. Тыя гарады, што адмаўляліся ад капітуляцыі на загад расейскага цара, былі зьнішчаныя і спаленыя, а насельніцтва — забітае, альбо вывезенае ў страшэнны расейскі палон. У 1655 годзе была ўзятая сталіца нашай дзяржавы — Вільня.
У гэтую вайну адбыўся гераічны ўчынак жыхароў акупаванага Магілёва, калі ў 1661 годзе гараджане цалкам выразалі ў ноч увесь варожы гарнізон расейцаў — 7 тысячаў чалавек. Народнае змаганьне супраць усходняй навала давала плён, і ў тым жа 1661 годзе была адваяваная Вільня.
У 1667 годзе адбыліся перамовы, па выніках якіх Вялікае Княства Літоўскае страчвала Чарнігаўскае і Смаленскія ваяводзтвы, а таксама ўкраінскія землі да Дняпра.
Насельніцтва краіны скарацілася за час вайны з 2,9 мільёнаў чалавек да 1,4 мільёнаў. Сапраўды, братэрскія адносіны.
І давайце ўжо забудзем пра яднаньні народаў Беларусі і Расеі. Даў Бог такога суседа — будзем побач, але пад сыгналізацыяй.
Глядзіце яшчэ: