Кніга — інтэрактыўная, не проста зборнік лепшага з беларускай паэзіі для дзяцей, у ёй ёсць і дадатковыя заданні. «Каток-пестунок» — яшчэ і дапаможнік для вывучэння ці знаёмства з мовай, карысны не толькі дзеткам, але і іх бацькам, кажа кіраўнічка выдавецтва Вольга Татарчык.
У інтэрв’ю Budzma.org Вольга Татарчык распавядае, як цэнтр вывучэння моваў Słowianka перайшоў яшчэ і на выдавецкае поле, і чаму варта замовіць кнігу «Каток-пестунок».
— Фірма зарэгістраваная ў Варшаве яшчэ 10 год таму як моўны цэнтр. Ясна, што да пандэміі мы працавалі больш стацыянарна, а цяпер і стацыянарна, і анлайн. Мы выкладаем славянскія мовы (адсюль і назва «Славянка») — беларускую, украінскую, рускую і часам польскую — для іншаземцаў. Асноўныя нашы кліенты — гэта палякі. Мо таму ў беларускамоўным абшары пра нас мала ведаюць, бо мэтавая аўдыторыя была, зразумела, польскай. І ў апошнія гады, я вам скажу, пашырылася выкладанне ўкраінскай мовы і беларускай таксама. У чэрвені, да прыкладу, мы плануем, што да нас прыедуць студэнты з ЗША вывучаць украінскую. На жаль, яны не могуць зараз прыехаць у Кіеў, то прыедуць на інтэнсіўныя курсы да нас.
— І зараз яшчэ з’яўляецца выдавецтва Słowianka?
— Выдавецтвам пакуль гэта назваць для мяне складана, я б гэта назвала выдавецкай дзейнасцю, бо ад кнігі для дзяцей «Каток-пестунок» мы толькі пачынаем, гэта — дэбют нашай выдавецкай дзейнасці. Шчыра кажучы, думала, ці ўтвараць новую назву выключна для выдавецтва, але, мне падаецца, што слова і назва «Славянка» таксама адпавядае і гэтаму кірунку — выданню беларускай літаратуры. Таму пашырым сваю дзейнасць, але назву пакуль змяняць не будзем.
— Чаму Вы вырашылі выдаваць кнігі?
— Ідэя пачаць выдавецкую дзейнасць узнікла з маёй унутранай патрэбы. У мяне нарадзілася дачка, ёй хутка будзе чатыры гады. Натуральна, калі з’яўляюцца дзеці, ты пачынаеш цікавіцца дзіцячай літаратурай. Так і ў мяне атрымалася. І вось паўстала пытанне: якія ж кніжкі чытаць? Мы знаходзімся ў Польшчы і прыйсці ў польскую кнігарню і купіць польскія кнігі на польскай мове — гэта не праблема. Я бачыла дзясяткі кніг падобнага зместу, кнігі з класікай, з народнымі творамі, з традыцыйнымі вершамі. Выбар і канкурэнцыя між кнігамі велізарныя — адрозненні толькі ў ілюстрацыях, фармаце, таўшчыні і дызайне.
Пачала шукаць беларускія кнігі для сваёй дачкі — не скажу, што іх зусім няма, яны ёсць, але, як мне падалося, беларускіх кніг з фальклорам для дзяцей або класікі дзіцячай беларускай літаратуры не хапае.
Таму з’явілася мэта стварыць якасную сучасную кнігу, якая была б цікавая і дзецям, і бацькам. Тым больш, я адразу магла тэставаць будучую кнігу на дзецях — вось проста на сваёй дачцэ. Магу з пэўнасцю сказаць, што «Каток-пестунок» паспяхова прайшоў выпрабаванні.
— Вам пашанцавала з зорнай камандай для дэбюта. Укладальнік — літаратуразнаўца Васіль Дранько-Майсюк, ілюстратарка — Надзея Бука, дызайнер — Анатоль Лазар, добра вядомы беларускай аўдыторыі як Вецер Механічны...
— Я лічу, што калі ствараць якасную кнігу ці якасны прадукт, то трэба працаваць з прафесіяналамі, і таму гэта была мая мэта — знайсці такіх адмыслоўцаў, людзей, якія спецыялізуюцца ў чымсьці. Ведала, што ў Варшаве працуе літаратар і выкладчык беларускай мовы і літаратуры Васіль Дранько-Майсюк, мы былі не знаёмыя яшчэ, я да яго звярнулася з прапановай стаць укладальнікам кнігі.
Васіль падабраў творы, але апрача гэтага мы з ім таксама абмеркавалі канцэпцыю гэтага выдання. Бо акрамя проста твораў, ёсць тут таксама тлумачэнні. Гэта гісторыі ад імя Катка, якія ён распавядае. Узнікае сувязь паміж вершамі, і яшчэ дадатковыя заданні інтэрактыўныя для дзяцей дастасаваныя. Гэта была ідэя Васіля, каб узбагаціць кнігу. То-бок кніга стала яшчэ і дапаможнікам і для вывучэння, і для знаёмства з беларускім светам. Простыя, але вельмі разнастайныя, цікавыя і забаўляльныя заданні, якія падабаюцца дзецям. З пэўнасцю кажу, што гэта ўзбагаціла кнігу, яна стала насамрэч інтэрактыўнай.
Васіль Дранько-Майсюк і Вольга Татарчык
Надзею і Анатоля таксама я не ведала. Калі мы з Надзеяй дамовіліся, што яна будзе маляваць ілюстрацыі для кнігі, то яна сама яшчэ знаходзілася ў Мінску — то-бок ілюстрацыі мусілі дасылацца адтуль. Але ў хуткім часе аказалася, што Надзя таксама прыехала ў Варшаву і цяпер знаходзіцца тут. Такі вось збег акалічнасцяў, што першую працу яна выканала ў Мінску, а працягвала ўжо ў Варшаве. Дарэчы, не так даўно, на мінулым тыдні, у Надзі была выстава ў Варшаве, якая мела вялікі поспех. Нам спадабаўся адметны стыль Надзі. Мы думалі, шчыра кажучы, якія гэтыя малюнкі павінны быць — камп’ютарныя ці акварэльныя. І тут таксама на дапамогу нам прыйшлі дзеці, мы ў іх спыталіся, і галасаваннем дзяцей вырашылі, што традыцыйныя акварэльныя малюнкі, жывыя, поўныя розных колераў, будуць адпаведныя.
Што да Анатоля — у сферы беларускага дызайну ягонае імя прадстаўляць і не трэба. Для мяне асабіста было важна стварыць прафесійную каманду. Я ведала, што калі кожны на сваім месцы, кожны будзе ведаць сваю працу, мы створым добрую кнігу. І вы добра заўважылі, што гэта зорная каманда атрымалася.
Вольга Татарчык
— А вось сам апавядальнік Каток, гэта праўда, што гаспадыня яго знайшла ў Лазенках?
— Калі вы паглядзіце на старонку ў Інстаграме Надзі Букі, то вы можаце пазнаёміцца з мамай Катка. Яна сказала, што яе котка падобная да нашага Коціка-Варкоціка і стала прататыпам. Таму вырашылі так, што яна мама нашага Катка.
Надзея Бука і Вольга Татарчык
— Які наклад у «Катка-пестунка»?
— Тысяча асобнікаў. Я ведаю, што гэта нямала. Але і не многа. Я прааналізавала рынак і ведаю, што гэта аптымальны наклад, каб запрапанаваць пакупніку больш-менш адэкватны кошт за адзін асобнік. Адначасова разумеем гэтую ўсю рызыку, якая ёсць. Але калі штосьці рабіць, то рабіць трэба добра і верыць ў сябе і ў свае сілы.
Пакуль ёсць перадзамова, і на сёння яе можна зрабіць у Польшчы.
Мы ўжо бачылі вокладку, кніга ўжо паехала ў друкарню — чакаем на яе. Па выхадзе, зразумела, будзем супрацоўнічаць з рознымі кнігарнямі, крамамі і інтэрнэт-крамамі.
— Што ў планах новага беларускага выдавецтва?
— Так, планы ёсць, і вялікія. Планую пакуль застацца ў дзіцячай беларускай літаратуры на бліжэйшы час, бо бачу тут вялікую нішу, дзе месца хопіць шмат каму. Я глядзела старыя выданні дзіцячых кніг, якія былі выдадзеныя, напрыклад, Ларысай Геніюш, ці іншымі пісьменнікамі — там наклад сягаў 20 тысяч асобнікаў! Для мяне гэта было сігналам, што калі раней 20 тысяч асобнікаў маглі прадацца, то і цяпер таксама так можа быць, толькі трэба стварыць добрую кнігу і добры прадукт. Таму мяркую, што застанемся ў дзіцячай беларускай літаратуры і выкарыстаем шмат ідэй, які ёсць і ў Васіля, і ў Надзі, і ў Анатоля. Хацела б застацца з гэтай камандай, бо працавалася нам цудоўна разам усім. На будучыню, я спадзяюся, што мы вернемся да сур’ёзных лічбаў.
***
Тры прычыны, чаму варта набыць кнігу «Каток-пестунок»
Стваральнікі «Катка-пестунка» так тлумачаць прычыны, па якіх кніга павінна быць у чытача:
1. Класіка дзіцячых беларускіх вершаў. Тут вы знойдзеце творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Дудара, Валерыя Маракова, Тодара Кляшторнага, якія любілі вашыя бабулі і дзядулі, таты і мамы, і якія вам чыталі перад сном. Таксама тут змешчаны рэдкія вершы, якія былі несправядліва забытыя, бо друкаваліся 100 гадоў таму.
2. Развіваючыя заданні і гульні. На старонках сярод дзівосных ілюстрацый Надзеі Букі схаваныя цікавыя заданні і шмат дэталяў, якія можна разглядаць бясконца. Чытайце, гуляйце, малюнкі разглядайце!
3. Бездакорная беларуская мова.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org