Сёння 12 дзень галадоўкі Уладзіміра Мацкевіча. Сёння філосаф пераходзіць да сухой галадоўкі, піша Беларускі ПЭН-цэнтр.
Мацкевіч быў арыштаваны 4 жніўня 2021 года і знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1 г. Мінска больш за 6 месяцаў. Следчыя органы інкрымінавалі яму «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК), аднак за гэты час не было прад’яўлена ніякіх істотных доказаў яго віны, расследаванне справы зацягваецца, а тэрміны ўтрымання пад вартай пастаянна прадаўжаюцца. Уладзімір Мацкевіч прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітзняволеным.
Нобелеўская лаўрэатка і ганаровая старшыня Беларускага ПЭНа Святлана Алексіевіч звярнулася да Уладзіміра Мацкевіча:
«Наперадзе ў нас доўгі шлях, доўгая барацьба. І вы нам патрэбны жывы, а не сімвал, памерці сёння — слабасць, памылка ад стомы і роспачы, мужнасць — жыць. Жыць дзеля будучыні, якая прыйдзе крыху пазней без кожнага з нас. Нават нельга ўявіць сабе нашу барацьбу без вас, без вашага слова, без вашага голасу.
Вяртайцеся да нас. Мы вас чакаем».
«Пераслед і ўтрыманне Уладзіміра Мацкевіча пад вартай абумоўленыя яго пазіцыяй і публічнай інтэлектуальнай дзейнасцю. Мы выказваем сваю падтрымку законным, лагічным і выканальным патрабаванням Уладзіміра Мацкевіча — змяніць меру стрымання, завяршыць следчыя дзеянні, накіраваць справу ў суд і прызначыць дату суда, дапусціць пастара і лекара. Я перакананая, што пад падпіскамі аб неразгалошванні следства хавае адсутнасць доказаў віны і складу злачынства; грамадскасць мае права ведаць пра тое, як праходзіць следства і што ставіцца ў віну абвінавачаным па грамадска значным справам»,
— заявіла старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.