«Вы з'ехалі з краіны, а значыць не маеце права скардзіцца». Што насамрэч адбываецца з беларускамі ў эміграцыі

Воля Кавальская — беларуская актывістка, якая дапамагала ў Польшчы спачатку беларускім уцекачам, а пасля 24 лютага — украінскім. Паўгода таму ў партнёрстве з OEEC (Organisation for European Economic Co-operation) яна правяла даследаванне на тэму «Беларускія жанчыны ў эміграцыі». Пагаварылі з Воляй пра рознае: уразлівасць у эміграцыі для жанчын, дыскрымінацыю і неразуменне паміж тымі, хто застаўся ў Беларусі, і тымі, хто з’ехаў.


— Апошнія 4 гады я сама з’яўляюся жанчынай у эміграцыі, — дзеліцца Воля. — А пасля падзей 2020 года — не маю магчымасці прыязджаць у сваю краіну з-за меркаванняў бяспекі, што накладвае дадатковы адбітак.

У мяне быў досвед жыцця ў самых розных краінах, пра эміграцыю я ведаю шмат. Але тэма вымушанай эміграцыі — гэта нешта зусім іншае, больш складанае і часам невыноснае.

Амаль 80% апытаных жанчын з’ехалі з Беларусі пасля падзей жніўня 2020 года. Гэтая лічба пацвярджае масавую эміграцыю беларусаў і беларусак пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. 193 жанчыны адзначылі, што іх пераезд быў вымушаным.

1 snimok-ekrana-2022-08-03-v-18.00.54-1536x820.png

Даследаванне складалася з апытання 284 беларускіх жанчын і шасці інтэрв’ю з беларускамі ў эміграцыі. Апытальнік распаўсюджваўся ў электронным выглядзе праз сацыяльныя сеткі, чаты і акаўнты ў Instagram беларусак і беларусаў, якія пражываюць за мяжой. Інтэрв’ю былі ўзятыя праз анлайн платформу Zoom, а таксама ў рэжыме афлайн, пры асабістых сустрэчах з жанчынамі. Імёны гераінь змененыя ў мэтах іх асабістай бяспекі.

— Што мяне трывожыць у тэме эміграцыі зараз — гэта размовы пра тое, што людзі ў Беларусі і за мяжой усё менш разумеюць адны адных. Нават мая знаёмая нядаўна сказала:

«Вось вы з'язджаеце і скардзіцеся, як вам цяжка.

Вы не маеце на гэта права.

Цяжка тым, хто застаецца».

— Мэтай даследавання было выяўленне асноўных патрэб і цяжкасцяў жанчын, — распавядае Оля. — А яшчэ наблізіць беларус_ак унутры краіны і за мяжой адных да іншых праз гісторыі, у тым ліку вымушанай эміграцыі.

Калі мы выязджаем з краіны, дзе адчувалі стрэс, новае месца дае адчуванне бяспекі. Але, акрамя гэтага, эміграцыя нясе ў сабе шмат болю, цяжкасцяў і гора, з якімі жанчына часта павінна спраўляцца ў адзіноце.

Я кажу зараз не толькі пра эмацыйныя цяжкасці, хаця гэта вельмі важна. Узнікаюць праблемы са здароўем і атрыманнем медыцынскай дапамогі, матэрыяльным становішчам, легалізацыяй. А таксама сямейныя праблемы — калі жанчына элементарна не можа прыехаць на пахаванне сваіх бацькоў або пабачыцца з бабуляй у апошні раз.

Пры адказе на пытанне пра цяжкасці, якія ўзніклі пры пераездзе, апытаныя жанчыны вылучаюць: сум па доме (175), цяжкасці з легалізацыяй у новай краіне (146), пошук сяброў і кола зносін (146), веданне мясцовай мовы (144), пошук працы (94), фінансы (79), праблемы са здароўем і цяжкасці ў іх вырашэнні (68), цяжкасці з пошукам садка / школы для дзіцяці (12). Таксама 7 жанчын адзначаюць псіхалагічныя цяжкасці, 5 — праблемы з пошукам жылля, 4 — пачуццё віны.

2 sekatsky-owr9cymne4c-unsplash-1536x1024.jpg

У лістападзе 2021-га Лена ехала проста пажыць на тры месяцы ў Грузію. А ў снежні, калі пачалі прыходзіць да назіральнікаў на выбарах 2020 года, да яе дамоў прыйшлі з ператрусам. Лена так і не вярнулася ў Беларусь:

«Для мяне самае цяжкае — гэта прызнаць той факт, што я ў эміграцыі, таму што калі гэта ўсё здарылася, я не эмігравала, а проста з’язджала на зіму. І калі адбыўся ператрус, то я нібыта яшчэ адмаўляла, што я яшчэ не ў эміграцыі, я яшчэ магу вярнуцца. Я не магу прыйсці да сваіх блізкіх, і я ведаю, што камусьці з іх таксама эмацыйна цяжка, а я далёка і не ведаю, калі прыеду. Я сумую і параўноўваю... Сумую па нейкіх рэчах, параўноўваю шмат з Мінскам. І яшчэ складана ад нейкай нявызначанасці. Тыпу што далей рабіць? Недзе якарыцца ці не якарыцца? Дзе жыць, куды ездзіць. Куды падзець рэчы? Увогуле, пытанні без адказаў»

— Пытанне не ў тым, дзе цяжэй — у эміграцыі ці дома. Зусім не, — тлумачыць Воля Кавальская. — Проста эміграцыя бывае рознай і змяшчае вельмі шмат пластоў, часам нябачных. Хочаца зрушыць дыскурс з тэмы «каму горш» і нагадаць, што нам усім цяжка і няпроста, толькі гэта выяўляецца па-рознаму.

Мне здаецца, мы ўсе павінны дапамагаць і падтрымліваць адно аднаго, каб вырашыць агульную праблему.

Ананімны адказ з анкеты:

«Самае цяжкае ў змушаным пераездзе тое, што ты з’язджаеш не „куды“, а „адкуль“, не „у“, а „з“. Твой план заканчваецца на моманце перасячэння мяжы, задача выканана. А далей пачынаецца жыцьцё. Якой ты не асабліва хацеў, да якой не быў гатовы. Без сяброў, сям’і, працы і грошай. Гэтым пераезд змушаны кардынальна адрозніваецца ад пераезду ўсвядомленага, абранага».

Адсутнасць выбару, адзінота, адчуванне сябе чужым

— Вымушаную эміграцыю я б апісала трыма словамі: адсутнасць выбару, адзінота, адчуванне сябе чужым, — працягвае Оля. — Прычым важна разумець, што, з аднаго боку, магчымасць з’ехаць ёсць ва ўсіх, але ў той жа час гэта не заўсёды пра выбар. Я б гэта назвала «выбар без выбару», так больш праўдзіва.

Часцяком эміграцыя разглядаецца як прылада самадапамогі. Калі, напрыклад, жанчына вырашае, што больш не можа знаходзіцца ў такой небяспецы і падвяргаць ёй сваё дзіця. І тады адзіны варыянт — пераезд.

118 жанчын пераехалі з партнёрам/партнёркай, 87 — у адзіночку, 49 — з партнёрам/партнёркай і дзіцём /дзецьмі, 9 — з дзіцём/дзецьмі, 7 — з сям’ёй (бацькі, браты, сёстры), 6 — з партнёрам і жывёламі, 4 − спачатку адна, а пасля прыехаў партнёр, 2 − з сябрамі/сяброўкамі, 1 − з супольнасцю, з якой працуе.

3 snimok-ekrana-2022-08-03-v-18.04.11-1536x825.png

Жанна і яе чацвёра дзяцей пераехалі ў Польшчу восенню 2020 года па палітычных прычынах, і пераезд даўся ёй вельмі нялёгка:

«Мы зараз знаходзімся ў горадзе Быдгашч, і на дадзены момант я працую, а дзеці ходзяць у школы і дзіцячыя сады. Вельмі цяжкі год быў, улетку ў мяне была дзікая дэпрэсія. Тое, што мы з’ехалі з краіны і не змаглі размаўляць з блізкімі, вельмі адбілася на эмацыйным стане, але дзякуючы таму, што я выйшла на працу і ў мяне чацвёра дзяцей, проста больш не было часу дэпрэсаваць, трэба было карміць сям’ю, і я выйшла з гэтага стану да пачатку вайны.

Цяпер усё гэта накрыла, таму што я разумею, што адбываецца з гэтымі жанчынамі, якія з’язджаюць і ў значна горшай сітуацыі, чым я, як гэта цяжка. Хочацца ўсім дапамагчы, але, на жаль, мае фізічныя і фінансавыя магчымасці не дазваляюць зрабіць гэта ў тым аб’ёме, у якім мне б хацелася.

Якую працу знайшла? Гэта ўвогуле мая балючая тэма — я калі з’язджала зь Беларусі, працавала ў банку. Скончыла і вышку, і магістратуру, і хацела працаваць далей па спецыяльнасці, але гэты пераезд, няведанне мовы — і мне прыйшлося выйсці на працоўную спецыяльнасць.

Я зараз працую на складзе, а таксама прыбіраю памяшканні. Гэта б’е па маіх амбіцыях, але я разумею, што гэта часовы перыяд, трэба падвучыць мову. Веру, што паціху я стану на ногі і знайду сябе ў гэтай краіне».

— Адзінота ўвесь час суправаджае цябе ў эміграцыі. Ты губляеш дом, сяброў, сваякоў, — кажа Оля. — Ты проста адна вымушана спраўляцца з усімі пытаннямі, якія сустракаюцца ў тваім жыцці, а з пераездам іх дадаецца нямала.

Пры гэтым эміграцыю немагчыма паставіць на паўзу і адпачыць ад яе. Не, зараз гэта частка твайго жыцця 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень.

Памятаю, калі я жыла ў Беларусі, то ў моманты моцнай стомленасці ехала да бацькоў у госці. Гэта было месца сілы і маёй абароны — там пра цябе могуць паклапаціцца, прыгатаваць смачную ежу і табе не трэба перажываць за аплату жылля. І няхай гэта на пару дзён, але гэтае пачуццё нічым не замяніць.

Але ў эміграцыі ў цябе няма нават секунды на перадышку — ты вымушана змагацца за сваё жыццё, інакш ты апынешся на вуліцы без грошай, і ніхто пра цябе не паклапоціцца.

Жанчыны больш уразлівыя — гэта факт

«Уразлівасць — самае дакладнае апісанне вымушанай эміграцыі. Ты залежыш ад сябе самой, і важна ў гэты час не страціць сябе. Выстаяць» [адказ з ананімнай анкеты]

— Правы жанчын не былі добра абароненыя ў Беларусі, але у эміграцыі сітуацыя пагаршаецца ў некалькі разоў, — кажа Оля. — Асабліва, калі жанчына вымушана эмігравала са сваім партнёрам па яго працоўнай візе. Атрымліваецца, што ўсе дакументы па легалізацыі, а таксама жыллё і сродкі да існавання засяроджаны толькі на партнёры.

У гэтым выпадку жанчына можа патрапіць у татальную залежнасць, бо разрыў адносін прывядзе да страты легалізацыі, дома, грошай да існавання. Гэта вельмі небяспечная сытуацыя.

На пытанне, адкуль ты атрымлівала і атрымліваеш падтрымку, большасць жанчын, а менавіта 211, адказала, што атрымліваюць падтрымку ад сям’і, сяброў ці знаёмых.

40 рэспандэнтак атрымлівалі або атрымліваюць яе ад прымаючай краіны, 40 — ад беларускай дыяспары, 35 — ад фондаў або стыпендыяльных праграм.

26 адказаў былі звязаныя з працай: або фірма аказвае падтрымку, або жанчына проста працуе і забяспечвае сябе сама.

14 чалавек адказалі, што падтрымліваюць сябе самі, а 10 — што не атрымлівалі і не атрымліваюць падтрымкі. 8 чалавек адказалі, што падтрымлівае муж/партнёр, яшчэ 8 — псіхолаг/псіхіятр. 4 жанчыны жывуць з назапашванняў, 1 падтрымлівае ўніверсітэт, а яшчэ 2 — новыя знаёмствы.

4 snimok-ekrana-2022-08-03-v-18.05.17-1536x812.png

— Сітуацыя ўскладняецца і праз гендарную дыскрымінацыю — часта жанчыне могуць адмовіць у працаўладкаванні з-за наяўнасці дзяцей, бо ёй давядзецца часцей браць бальнічны. А таксама яна можа зацяжарыць — а гэта зноў выплаты для працадаўцы.

У Польшчы, самым папулярным кірунку для пераезду, паводле апытання, у жанчын узнікаюць цяжкасці з легалізацыяй: адмова ў ВНЖ (часовы від на жыхарства), адсутнасць інфармацыі, вялізныя чэргі ў консульстве, бюракратыя ў Польшчы, асабліва пасля пачатку вайны, а таксама неразуменне працэсаў з-за моўнага бар’ера.

У Грузіі стала больш складана адкрыць банкаўскі рахунак з-за палітычных прычын. Таксама ў жанчын, якія пераехалі з-за вайны, адсутнічаюць дакументы для легалізацыі, бо яны засталіся ў Кіеве.

Большасць жанчын узгадваюць фінансавыя цяжкасці: доўгі пошук працы, немагчымасць працаваць па прафесіі з-за няведання мовы, паніжэнне сацыяльнага статусу і фізічная праца за нізкую стаўку, цяжкасці з працай у партнёра і зараблянне грошай на дваіх, нелегальная праца, заблакаваныя беларускія карты за мяжой. Таксама вялізная цяжкасць з пошукам жылля з-за вялізнага наплыву людзей і дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце.

Што цяпер рабіць?

— Мне здаецца, важна казаць пра тое, што праблемы беларусак у эміграцыі — гэта не штосьці эфемернае і выдуманае. Ёсць сур’ёзныя пытанні і цяжкасці, а даследаванне паказвае іх сістэмнасць, — тлумачыць Оля.

— Фемінісцкія, праваабарончыя і іншыя арганізацыі робяць вельмі шмат, каб дапамагчы жанчынам у пераадоленні рознага роду цяжкасцяў, аднак даследаванне паказала, што дапамогі недастаткова. А таксама тое, што часта жанчыны не рашаюцца яе папрасіць.

Абсалютная большасць апытаных (91) лічыць, што жанчынам у эміграцыі неабходныя кам’юніці, падтрымка, зносіны, сацыяльныя праекты, мерапрыемствы, жаночыя чаты, групы ўзаемадапамогі і арганізацыі. Гэта ўсё сведчыць аб патрэбнасці ў зносінах і ўзаемадапамозе, а таксама пра тое, што на дадзены момант падобных ініцыятыў існуе ўсё яшчэ недастаткова.

Перш за ўсё, неабходныя суполкі, як жаночыя, так і проста беларускія, у якіх эмігранткі змогуць спытаць парады, знайсці новых сяброў і адчуць сябе часткай чагосьці. Таксама неабходна інфармацыйная падтрымка ў пытаннях, звязаных з жыццём у канкрэтнай краіне ў форме як гатовых гайдаў, так і супольнасці, у якой можна атрымаць неабходныя адказы.

Псіхалагічныя групы падтрымкі, бясплатныя моўныя курсы, дапамога ў пошуку жылля і працы, сістэма ментарства, фінансавая медыцынская дапамога, інтэгравальныя мерапрыемствы — усе гэтыя пункты з’яўляюцца вельмі актуальнымі на сённяшні дзень, і сітуацыя сведчыць пра тое, што яны не страцяць сваёй актуальнасці яшчэ доўгі час.

— Вопыт, атрыманы мной у эміграцыі, паказаў, што чалавеку вельмі важна і трэба дапамагаць іншым. Я веру, што дапамагчы можа кожны, але часам людзі проста не ведаюць, як.

Поўную версію даследавання «Беларускія жанчыны ў эміграцыі» можна спампаваць тут.