21 красавiка беларуска-амэрыканскi грамадскi дзеяч, сябра Прэзыдыюму Рады БНР і сябра Рады «Бацькаўшчыны» Вячаслаў Бортнiк атрымаў Прэзыдэнцкую срэбраную ўзнагароду за добраахвотнiцкую працу – President's Volunteer Service Award (Silver).
Гэта грамадзянская ўзнагарода, якую штогод уручае Прэзыдэнт ЗША, была заснаваная выканаўчым распараджэньнем Джорджа Буша ў 2003 годзе дзеля ўшанаваньня добраахвотнікаў за сотні гадзінаў валянтэрскай працы.
«Для мяне валянтэрства заўсёды было ладам жыцьця. Шмат рабiў безкаштоўна i ў Беларусi, i калi пераехаў у ЗША, – распавядае Вячаслаў. – Каб атрымаць срэбра, трэба было мець 250-499 гадзiнаў добраахвотнай працы ў мiнулым годзе. Насамрэч, у мяне набралася каля 800, то бок на золата. Але ж атэстацыйная ўстанова маю праваабарончую працу ў Amnesty International USA не залiчыла. Залiчылi менавiта працу ў Беларуска-Амэрыканскiм Задзiночаньнi (БАЗА), а таксама ў некаторых iншых мясцовых арганiзацыях. Дык атрымаў срэбра».
Узнагароду адмiнiструе Савет прэзыдэнта па службе й грамадзянскаму ўдзелу. Узнагарода можа быць уручана прыватным асобам, сем'ям і арганізацыям, якія знаходзяцца па ўсёй тэрыторыі ЗША. У залежнасьці ад колькасьці выкананых валянтэрскiх гадзінаў, людзі могуць атрымаць бронзу, срэбра, золата або прэмію Прэзыдэнта «Заклік да службы» (за валянтэрскую службу цягам жыцьця).
ЗБС „Бацькаўшчына“ шчыра віншуе спадара Вячаслава Бортніка з заслужанай узнагародай! Ведаючы Вас і Ваш падыход да кожнай справы, мы не сумняемся, што яшчэ шмат узнагародаў і прэміяў не змогуць Вас абмінуць.
Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“