Паэт Андрэй Хадановіч у аўтарскай рубрыцы “Верш тыдня” на budzma.by распавядае пра Алеся Разанава, кніга якога 20 верасня была ўзнагароджаная прэміяй імя Наталлі Арсенневай.
Як мы ведаем з антычнай міфалагіі, цар Мідас атрымаў чароўны дар рабіць золатам усё, да чаго дакранаўся. Магічная здольнасць Алеся Разанава – рабіць усё, да чаго ён дакранаецца, чыстай паэзіяй.
Ніколі не чуў ад Разанава прозы. Аднойчы нават прыйшоў паслухаць публічную лекцыю паэта – дай, думаю, а раптам… Гэта было адкрыццё “Беларускага Калегіюму”, і яблыку не было дзе ўпасці, так шмат сабралося інтэлектуалаў, людзей літаратуры і мастацтва (я маю на ўвазе не газету, хоць і яе прадстаўнікі, мабыць, былі.) Большасці прысутных не хапіла месцаў – і яны стаялі, некаторыя на вуліцы, бо не змясціліся ў памяшканні. І наўрад ці яны ўсе (мы ўсе) там стаялі б толькі дзеля інаўгурацыі новай навучальнай установы. Яны (мы) сабраліся, каб паслухаць класіка. А калі пашчасціць, дык нават пачуць з яго вуснаў прозу. Не дачакаліся. Лекцыя “Слова пра спадчыну”, якая была прачытаная, – насамперш (мэтр сказаў бы – “насампраўдзе”) была добрай паэзіяй. Калі не верыце, разгарніце кніжку Алеся Разанава “З апокрыфа ў канон” – і пераканайцеся: “Мы вяртаем спадчыну. Спадчына ёсць тое, што нам належыць спачатку…”
А яшчэ спадар Разанаў проста размаўляе вершамі. На сённяшні момант улюбёны герой маёй маленькай дачкі – магістар-джэдай Ёда з фільма “Зорныя войны”. Не таму, што зялёны й смешны. І не таму, што самы магутны й мудры. А таму, што заўсёды гаворыць вершамі. Што, зрэшты, толькі пацвярджае яго магутнасць і мудрасць. Але мая дачка яшчэ не мела аказіі пачуць Разанава, які інтануе й робіць паўзы ў словах так, што выходзіць чыстая паэзія. Заўсёды. У размовах з калегамі-літаратарамі. З навучэнцамі сярэдніх класаў на школьных сустрэчах. З памежнікамі й мытнікамі на літоўскай мяжы, прад’яўляючы ім пашпарт і багаж. З бабулькамі ў пінскім краязнаўчым музеі, просячы іх размаўляць з ім па-свойму, па-палеску, – а яны нямеюць ад гэтых вершаў і яшчэ доўга потым маўчаць, думаючы пра штосьці касмічнае. Колькі гадоў таму іранічныя аўтары альманаху “Nihil” нават зрабілі містыфікацыю, прыпісаўшы Разанаву й перапісаўшы ягонай строфікай нешта зусім ужо далёкае ад паэзіі. Выйшла паэма“Вытрымкі з асноўных правіл вядзення рознічнай гандлёвай і гандлёва-вытворчай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”:
Пакупнікі
абслугоўваюцца прадпрыемствам
ва ўстаноўлены час
яго працы.
Забараняецца
спыняць доступ пакупнікоў
у гандлёвую залу
ў сувязі з прыбліжэннем
абедзеннага перапынку
ці заканчэннем часу
працы прадпрыемства… І г.д.
Чыталася досыць забаўна, але цуду не атрымалася. Парадыстам проста не ўдалося перанесці на паперу разанаўскія інтанацыі. Не сумняюся, што голас паэта ўсё паставіў бы на свае месцы.
Але ці не пара памяняць танальнасьць на трохі сур’ёзнейшую? Бо жарты жартамі, а для значнай (падрытаванай, гатовай да чытання і ўспрымання паэзіі) часткі нашых чытачоў Алесь Разанаў – галоўны, улюбёны паэт. Або так: улюбёны сучасны паэт. Што ў выпадку сапраўдных шанавальнікаў тое самае, бо ўлюбёны паэт – заўсёды сучасны.
Пра Разанава лягчэй апавядаць парадоксамі. Або парнымі сцверджаннямі, якія толькі на першы погляд адно адно выключаюць ды здаюцца супярэчнасцямі. Так, ён адзін з самых традыцыйных беларускіх аўтараў (калі не разумець пад “традыцыйнасцю” сляпога эпігонства). І ўвадначас галоўны ў нашай паэзіі наватар і эксперыментатар. Паэт, які не менш за Барадуліна слухаў беларускую мову й раскрываў чытачам яе магчымасці (перачытайце разанаўскія вершаказы). Але адначасова стварыў і найбольш універсальныя, незалежныя ад часу й кантэксту паэтычныя формы, што цікавыя не толькі беларускаму чытачу, да таго ж даступныя добраму перакладчыку. (Калі пастараецца, вядома ж.) Літаратурнае імя, якое першым называюць замежнікі-еўрапейцы, калі хоць трохі разбіраюцца ў паэзіі й хоць крыху ведаюць пра Беларусь. І, магчыма, найменш зразумелы, найбольш герметычны беларускі аўтар. Літаратар, які дзіўным чынам мяняецца ў залежнасці ад таго, хто пра яго гаворыць, хвалячы або ганячы. (Розныя аўтары захапляліся Разанавым і вучыліся ў яго, але з якімі ж рознымі для сябе й паэзіі наступствамі!) Чалавек, некалі звольнены з БДУ – за патрабаванне выкладаць па-беларуску. І не так даўно абвінавачаны нашымі маралістамі ад літаратуры ў “здрадзе” – за пісанне вершаў па-нямецку.
І ніякай супярэчнасці ва ўсім гэтым напраўду (насампраўдзе!) няма. Бо Алесь Разанаў – магістар-джэдай беларускай паэзіі, нават калі выпраўляецца ў дабрахвотнае выгнанне (маўчанне), або дзеля эксперыменту засвойвае новую планету іншай мовы. (Хто б яшчэ нядаўна мог сказаць, што Разанаў стане пісаць вершы па-літоўску?) Так што прадказваць, што ён зробіць неўзабаве, – справа няўдзячная. Але гэта з пэўнасцю запярэчыць любой наперад гатовай схеме, выйдзе па-за правілы тых, хто ва ўсім мае рацыю, бо ніякай рацыі для ўсіх не бывае. Бо на кожную рэч ці з’яву можна зірнуць з двух, трох, чатырох розных бакоў. Калі не лічыць уласна разанаўскага.
МАЛАНКА
Тады, калі я ўвайшоў у бажніцу і, зачы-
ніўшы дзверы, стаў гутарыць з небам, з не-
ба раптоўна ўпала маланка і раскалола бажніцу
надвое.
Людзі, якія прыйшлі на світанні, адбудава-
лі з адной яе палавіны бажніцу світання,
а людзі, якія прыйшлі на змярканні, ад-будавалі з другой палавіны бажніцу змяр-
кання.
— Хадзі да нас,— заклікаюць мяне ад-
ны,— гэта ж твая бажніца: ты зноў тут змо-
жаш казаць свае словы да неба…
— Хадзі да нас,— пераймаюць мяне дру-
гія,— гэта твая бажніца: ты зноўку тут змо-
жаш слухаць, што кажа неба…
А я ўсё стаю на тым самым месцы,
здранцвелы,
уражаны,
праяснёны,
не маючы мовы, каб гаварыць,—
з маланкаю ў сэрцы.
Андрэй Хадановіч