Паэт Андрэй Хадановіч у аўтарскай рубрыцы “Верш тыдня” на budzma.by распавядае пра Юлія Таўбіна.
Калі я буду паміраць і рабіцца дакучным целам…
А я хачу, каб гэта было не хутка, – таму
Я цяпер хачу жыць, жыць, –
жыць жыццём, аднаму мне зразумелым,
Жыццём, уласцівым толькі мне аднаму.
Бачыць, як сонца смяецца на брудным акне,
Акунаць сваё цела ў халодныя ўлонні рэчак,
Плысці на моры ў рыбачым чаўне,
Хадзіць па полі сярод цнатлівых грэчак.
Я хачу спатыкаць сяброў і таварышак, маладых і сталых;
Хачу даверлівых жаночых пацалункаў
і поціскаў моцных мужчынскіх рук,
Каб адчуванне жыцця ніколі мяне не пакідала, –
Поўнае і шматкаляровае, як вясёлкавы паўкруг.
Я хачу наведаць аграмадныя гарады,
Далёкія краіны з мовамі чужымі, –
Я хачу, каб свет паветра, сухазем’я і вады
Жыў, дрыжаў у кожнай, самай дробнай маёй жыле.
Каб мяне хвалявалі
страты, здабыткі, развітанні і стрэчы,
Каб я мог сказаць пра сябе:
“Я жыў, пакуль тэрмін мой не прайшоў…
Каб мяне праціналі сваёю магутнасцю рэчы
Блізкіх маіх спадарожнікаў-таварышоў.
Хачу жыць, падаючы, – але не занепадаючы.
Высока паднятым сілай часоў,
здабыць сталае месца на гале зямной.
Ведаю свае заганы.
Але гэта – мая задача.
Мне – дваццаць першы год.
Жыццё не за, а перада мной”.
Аўтару гэтых радкоў сапраўды няма яшчэ дваццаці аднаго. І ён піша пра свой скон, прычым нават не адзін верш, а цэлую вялікую нізку з пяці твораў, першы з якіх я тут працытаваў. І большасць радкоў потым выявяцца прарочымі (вось толькі, на жаль, не гэты: “Жыццё не за, а перада мной”). Бо, трохі перафразуючы класіка, не толькі паэт пільна ўглядаўся ў смерць, але і яна пачынала прыглядацца да яго. І прыведзеныя тут радкі – адны з апошніх, напісаных аўтарам па-беларуску. Далей будзе першы арышт “нацдэма” і высылка ў Цюмень, дзе паэт будзе працаваць у мясцовым тэатры і яшчэ пару гадоў пісаць па-руску. Пакуль яго не арыштуюць другі раз – і ўжо незваротна, бо потым толькі допыты, катаванні ў “амерыканцы” і фатальная для нашай культуры ноч з 29-га на 30-га кастрычніка 1937-га. Калі разам з дзясяткамі іншых дзеячаў беларускай літаратуры будзе расстраляны геніяльны паэт і выдатны перакладчык Юлі Таўбін.
Можна ганарыцца, што ў Беларусі быў свой Рэмбо (я пра фенаменальную адоранасць і раннюю сталасць аўтара, які ўсю сваю “нятленку” стварыў у 17-21 год.) Можна толькі ўяўляць, чаго дасягнуў бы гэты творца, не знішчы яго на самым узлёце сталінскі механізм масавых забойстваў. Але трэба сказаць неабходнае: творчасць паэта вартая самай пільнай увагі нават і без папраўкі на ўсе гэтыя трагічныя акалічнасці, бо ён паспеў-такі напісаць некалькі твораў, якія абавязкова зоймуць пачэснае месца ў нашым літаратурным каноне. Варта толькі належным чынам перачытаць аднаго з самым недаацэненых у нас лірыкаў.
Яго “паўзабытасць” пачынаецца ўжо з вымаўлення прозвішча. Рэдка хто ў нас правільна паставіць у ім націск. А націск падае на першы склад – Таўбін. (Бо прозвішча, паводле сямейнай легенды, паходзіць ад нямецкага “die Taube” – “галубка”.) Юлі (ці Юдаль, сын Абрама) Таўбін нарадзіўся ў Расіі (у Астрагожску Варонежскай губерні), у габрэйскай сям’і. “Мой бацька, – расказваў Таўбін маладому Лужаніну, – быў маленькі аптэкар, належаў да партыі эсэраў. Аднойчы, у першыя гады рэвалюцыі, знік без следу. Я амаль не помню яго”.
А яшчэ імя паэта рэдка згадваюць само па сабе, часцей – разам са Змітраком Астапенкам – у складзе так званай “амсціслаўскай плеяды”, як дадатак да творчасці “галоўнага” з трох аўтараў, народнага паэта Аркадзя Куляшова, што быў адзіным з іх, хто перажыў сталінскія рэпрэсіі і ваенныя катаклізмы, а таму было каго ўзнагароджваць ганаровым званнем. Між тым Куляшоў быў самым маладым з сяброў-паэтаў. І Таўбін, які ў дзесяць гадоў пераехаў з Расіі ў Мсціслаў, а потым вучыўся там у педтэхнікуме, быў адным з тых, хто прывёў будучага класіка ў літаратуру. Ва ўспамінах Аляксея Зарыцкага “Жылі-былі паэты” чытаем: “Таўбіна звалі – Юлька, Куляшова – Аркашка, толькі Астапенка нязменна заставаўся Змітраком. У 1969 годзе напісаў я маленькую паэмку “Сонца скрозь лісце”, героямі якой былі паэты-мсціслаўцы. У гэтай паэмцы былі такія радкі: “Аркашку, як малодшага, паслалі / Мы па віно, каб улагодзіць сум”. У рэдакцыі аднаго з нашых часопісаў “Аркашку” адразу ж пераправілі на “Аркашу”. “Як жа гэта, народны паэт і раптам – Аркашка…”
Праз шмат гадоў Куляшоў згадае сваіх пабрацімаў у нізцы вершаў “Маналог”. Там шмат не зусім праўды, ёсць нават зусім няпраўда, як бывае з савецкімі мемуарыстамі. Але па-за сумневамі – любоў да сяброў ды неспакойная памяць пра іх:
Маўчыць нябыт каменных пліт паважных,
Дзе з надпісаў дажджы змываюць пыл,
Там я блукаў, але імёнаў вашых
Не адшукаў на вокладках магіл.
Няма куды сваю жалобу ўскласці
Ні жонкам, ні знаёмым, ні бацькам.
Сябры мае, хіба аб гэтым шчасці
У маладосці марылася нам?
Вяло нас музы строгай блаславенне
На шлях цяжкі, ды што казаць аб тым…
Я – ваша памяць, вы – маё сумленне,
Я – дрэўка, вы – трывалы сцяг на ім.
Менавіта культ сяброўства – першае, чым звяртаюць на сябе ўвагу вершы самога Таўбіна. Гэта перадусім творы, прысвечаныя сябрам па “амсціслаўскай плеядзе”. “Яны былі неразлучныя, – пісаў Рыгор Бярозкін, – і бачылі іх заўсёды разам… Многае звяртала на сябе ўвагу ў гэтай садружнасці: бескарыслівая ўлюбёнасць пачынаючых вершатворцаў у абранае імі вясёлае i цяжкое рамяство, іх шчырая, хоць і трохі наіўная, вернасць высокаму культу сяброўства…”. Таўбін прысвячаў вершы і Астапенку, і Куляшову з Астапенкам разам, і Заіру Азгуру, і Уладзімеру Хадыку, і многім іншым. Пазней, пасля цюменскай высылкі, апынуўшыся на кароткі час у Маскве, ён паспрабуе наладзіць кантакт з тоўстымі часопісамі і нават надрукуе ў “Знамені” верш “Сябрам”, які максімальна ўвасабляе, можна нават сказаць, закрывае тэму сяброўства ў Таўбіна:
Я многіх сустракаў людзей, і кожны меў даволі спраў,
Ды мне ўсміхаліся, і я іх цеплыні часцінку браў.
Кладуся спаць – а сну няма. І я на досвітку пішу,
Каб песня новая мая сагрэла хоць адну душу.
Бо што такое ў свеце я – і ты, мой сябра па пяры, –
Без файных песень, па якіх сумуюць нашыя сябры?
Бо разарвуся, ды знайду (а не знайду – зусім бяда!)
Вясёлых песень для сяброў, якім і сэрца не шкада!
(пераклад з рускай мой – А.Х.)
На колькі гадоў раней Таўбін напісаў па-беларуску прысвечаны Зм. Астапенку шчымлівы верш “Ты помніш”, які летась выбраў Лявон Вольскі, зрабіўшы з яго песню для праекта “(Не)расстраляная паэзія”:
Нячутна шамацела лісце,
Саткалі зоры з срэбра ніць…
У тую ноч мы пакляліся
Жыць і любіць…
Любіць і жыць.
І мы жылі… І мы любілі…
І неслі прагу і любоў…
Часы дзяціных сноў-ідылій
Да нас не вернуцца ізноў…
Другая выразная рыса Юлія Таўбіна – яго урбанізм. На фоне тагачасных беларускіх аўтараў Таўбін – бясспрэчна гарадскі паэт. Ён не гадаванец вёскі, які асцярожна адкрывае для сябе горад. Наадварот, горад камфортна пачуваецца ў таўбінскіх вершах ужо ад моманту старту. Спачатку ў нечым правінцыйны, але бязмежна дарагі і тонка дэталізаваны Мсціслаў, потым – мінскія урбаністычныя краявіды. “І ля бліжняй да нас трансфарматарнай вежы / Электрычных праменняў дуга”. Горад найбольш цікавіць паэта ў яго памежных, пераходных станах. Раніца і асабліва гарадскі вечар, як некалі ў Бадлера, – сталы прадмет натхнення і ў нашага аўтара.
Даверлівы – зусім не скептык –
Ўсяму я веру, ўсё цаню…
Як толькі ноч накіне кепку,
Лаўлю і шум, і цішыню. (…)
Завулкаў ціш і вуліц шумы,
Недатыкальнай сіні гладзь,
І гэты дом, і сіні нумар
На ім:
16/45.
Вёска ж – хутчэй прадмет стылізацыі, эпізадычны досвед. Тут Таўбін – збольшага ў гасцях. Цікава, што паэт, зрабіўшы крок у бок вёскі, сустракаецца з Міхасём Стральцовым, які праз дзесяцігоддзі прагне прымірыць горад і вёску ў вобразе “сена на асфальце”. У Таўбіна – “сялянская фурманка на гарадскім бруку”:
І вось яна мінае
Манто і паліто,
Спакойныя трамваі
І дзёрзкія аўто.
І ў вуліц ліхаманку,
І ў спёку, ў пыл і дым
Імчыць мая фурманка
Па бруку гарадскім.
Яшчэ адна важная рыса творчасці паэта – яго культурацэнтрычнасць (у спалучэнні з фантастычнай віртуознасцю). Юлі Таўбін – паэт надзвычайнай культуры, вельмі глыбокай начытанасці, таленавіты паліглот, што чытаў розныя літаратуры ў арыгінале, а таму па самім характары свайго таленту – літаратурацэнтрычны аўтар.
“Пухлагубы Юлі Таўбін, – згадвае Зарыцкі, – быў увесь ва ўладзе паэтычнай стыхіі. Ён то пісаў свае вершы, то ў вольную хвіліну паціху напяваў на розных мовах чужыя, і так у старасвецкім доме на мінскай ускраіне гучалі строфы то Купалы і Багдановіча, то Пушкіна і Міцкевіча, то Беранжэ і Верлена, то Байрана і Шэлі, то Шылера і Гейнэ… Тут не было імкнення паказаць сваю надзвычайную вучонасць і начытанасць. Не, аніяк не! Проста радкі і строфы любімых паэтаў зрабіліся арганічнай часткай духоўнага свету Таўбіна, увайшлі ў кроў і плоць, і ўслухоўвацца ў іхняе гучанне стала ў юнака-паэта неадступнай жыццёвай патрэбай…”. І яшчэ: “Таўбін чытаў нам вершы нямецкіх, французскіх і англійскіх паэтаў. Звычайна свае і чужыя вершы ён чытаў спакойна і не вельмі выразна – нараспеў, часам нават мармычучы. Але, калі пачынаў чытаць вершы свайго любімца Верлена, то вокамгненна рабіўся нейкім іншым, не падобным да сябе. Ён ускокваў на расхістаны табурэт і пачынаў чытаць выразна і зычна, падмацоўваючы натхнёнае чытанне мімікай і жэстыкуляцыяй”.
Вось жа, няма чаму дзівіцца, што скразны ў творчасці Таўбіна – вобраз паэта, які стварае паэзію пра саму паэзію, якую да яго стваралі іншыя паэты, і гэта не таўталагічнае “масла масленае”, а свядомы творчы прынцып! Што аўтар мог закончыць свой верш пачаткам Шылеравай п’есы “Падступнасць і каханне”: “Einmal für allemal” (“Раз і назаўсёды”). Што ў вершы “Вячэрнія радкі” ён размаўляе са шматлікімі паэтычнымі папярэднікамі: “От, я чую гоман оды, / Мяккасць плаўную элегій, – / То сышліся карагодам / Паэтычныя калегі. // Гэты – з арфай, гэты – з лерай, / Той з пяром гусіным з намі, / Гэты – з белаю паперай / І алоўкам фірмы “Hammer”. Гэта і Андрэ Шэнье, што гіне на гільяціне, і Тарквата Таса, і Пушкін з Багдановічам, і французскі паэт эпохі барока Сірано дэ Бержэрак, які аж двойчы ўрываецца ў творчасць Таўбіна, рытмікай і вобразнасцю як бы абяцаючы будучыя балады Караткевіча: “За мною з палаца імчалі ганцы, / Я шпагаю іх калоў… / І ведаў я многа прыгожых жанчын, / А болей – прыгожых слоў”.
З часоў Арыстоцеля нас вучылі, што жыццё über alles, а мастацтва – толькі яго перайманне. А тут сама рэчаіснасць бачыцца праз прызму мастацтва, і яшчэ невядома, што з іх больш рэальнае: “Трамвай праляцеў, як двухстопны анапест, / І іскры дрыжаць за акном”.
Нават развітваючыся з кумірам (і апанентам) Маякоўскім, паэт “шукае трэцяга” – літаратурнага пасрэдніка, амерыканца Ўолта Ўітмэна, што дапамагае яму звярнуцца да рускага самагубцы як да аднаго з “Таварыства мёртвых паэтаў”:
Вы жыццю аддаліся суздром,
Лупцавалі пяснярыкаў куцых,
У асілкавым пафасе строф
Вы падслухалі шум рэвалюцый. (…)
З Вамі разам мы будзем вітаць
Нашы новыя вёсны і ранкі…
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Капітан, капітан, капітан!
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
У газетах жалобныя рамкі…
Але наймацней тэма смерці праходзіць у паэта праз “габрэйскія” вобразы. Наагул габрэйская тэматыка ў Таўбіна вартая спецыяльнага грунтоўнага вывучэння. Найбольш яскрава яна выяўленая ў вялікай паэме “Таўрыда”, апублікаванай у 1932 годзе асобнай кнігай. З таго часу большасць яе фрагментаў не перавыдавалася (надта ж нязручныя для савецкіх часоў!). Кампазіцыйным ключом да паэмы можа служыць “Боская камедыя” Дантэ з яе падзелам песень на тры часткі: “Пекла”, “Чысцец” і “Рай”. Жахлівыя пагромы ў Расійскай імперыі пачатку стагоддзя – як яшчэ мог уяўляць пекла габрэйскі паэт, якому не суджана было дажыць да халакосту?
Пагром пачынаецца так:
на рынку
п’яны салдат, невядомы нікому
(падрана кашуля,
ў крыві барада ўся),
крычыць:
“апо-ошнюю…
хлеба…
скарынку…
апошнюю…
хлеба…
і тую абважылі хрыстапрадаўцы!..”
Ролю чыстца выконваюць эпізоды, звязаныя з эміграцыяй у Амерыку часоў Першай сусветнай вайны. А потым, зразумела, савецкі “рай”, а калі трохі канкрэтней, то запланаванае Сталіным масавае перасяленне габрэяў у Крым. Такая сабе габрэйская калектывізацыя. Вядома, што Таўбін не першы, хто карыстаўся такой аналогіяй. І Бальзак сваю “Чалавечую камедыю”, і Гогаль сваю паэму “Мёртвыя душы” планавалі як трохчасткавы адпаведнік Дантэ. Вядома таксама, што ўсім ім “пекла” ўдавалася лепш за “чысцец”, а паказ “раю” быў увогуле праблематычным. Не стаў выключэннем і Таўбін, чые “пекла” і “чысцец” нашмат больш пераканаўчыя з мастацкага гледзішча за “яўрэйскі калгасны рай” у Крыме. Таму пакінем яго ў спакоі і завершым нашу размову фрагментам з другой часткі паэмы, з вобразамі эміграцыйнага чыстцу. Каб скончыць тым, з чаго пачыналі, – радкамі пра смерць:
Толькі сонца праменняў крыж
акуне ў акіянаў соль –
капітаны ідуць на брыдж
і ўзіраюцца на бусоль.
Як палошча дзікун-пасат
гумаваныя іх плашчы!..
Пасажыры глядзяць назад –
там іх бацькаўшчына ляжыць…
Вы, што слёз пралілі струмкі,
смерць пабачылі сам-на-сам, –
праваджаюць вас мерцвякі
і ківаюць здалёку вам.
Выплываюць з-пад хваль густых,
наплываюць на параход…
Капітан, ты не бачыш іх?
Капітан, паглядзі на ўсход!
Капітан загарнуўся ў плашч.
(Моцны вецер яго прабраў…)
Ён не чуе, як ціхі плач
падымаецца з морскіх траў.
Ён не бачыць,
як дзіды рук
расстаўляе над морам смерч, –
як вядзе гэты дзікі рух
маладая красуня –
Смерць.
Андрэй Хадановіч