Верш Валярыны Куставай “У маёй краіне вайна”

У маёй краіне вайна.
Кроў на душах,
кроў на сьнягах.
І балюча нават у снах.
Ад таго і сноў больш няма.

У маёй краіне вайна.
З ночы і
ажно давідна.
І ніяк ня сыйдзе зіма,
і ніяк не пачнецца вясна,
бо ў маёй краіне вайна.

Гэткіх зімаў ня помніць ніхто.
Не было шчэ жалезнай зімы.
Каб сьняжынкі лавілі ў сіло.
Каб, як турмы, стаялі дамы.

І на голы лес гром упаў.
Быць бядзе, браце, быць бядзе.
Той хто шчасьця свайго ня знаў,
той чужое сабе ўкрадзе.

Пасярод краіны сьцяна,
за сьцяною з табою мы –
пілігрымы тае вайны –
прычакаем канец зімы.