Вершасказы і фотаздумы

Народны паэт Беларусі і амерыканскі фатограф даюць адказы на адвечныя пытанні жыцця і часу, шчасця і дабра ў  кнізе вершасказаў Рыгора Барадуліна з фотаздымкамі Джона Кунстадтэра “Навошта”, якую прэзентавалі ў Купалаўскім музеі 15-ага студзеня.

fota-12

“Навошта”

У кнізе вершаваныя афарызмы Рыгора Барадуліна разбаўлены фотавобразамі Беларусі ад Джона Кунстадтэра. Фотамайстэрства і філасофія, кароткія выказванні вобразаў у тэксце і іх мастацкае адлюстраванне ў здымках ствараюць малюнак шматграннага роздуму над адвечнымі пытаннямі жыцця.

fota-22

Рыгор Барадулін

Народны паэт Рыгор Барадулін не здолеў прысутнічаць на вечарыне па стане здароўя. Падрабязней пра кнігу распавёў яе ўкладальнік і рэдактар, Алесь Камоцкі:

— Гэта кніжка, якую трэба гартаць. Для зручнасці ў ёй няма нумарацыі старонак. Калі сёння нейкае выслоўе не выклікае эмоцыяў, то заўтра абавязкова выкліча. Не кожны афарызм змяшчае гучную філасофію, некаторыя з іх  асацыятыўныя, некаторыя выдзяляюць толькі адну эмоцыю, як усё ў жыцці.

fota-32

Алесь Камоцкі

Здымкі Джона Кунстадтэра — праваднікі па абшарах мудрасці, запаветаў, разваг і думак Барадуліна. Крыжы і буслянкі, бабулькі-сялянкі, вясковае жыццё беларускай вёскі, што адкрывае вачам чытачоў сутнасць і глыбіню беларускай культуры і прыроднай прыгажосці. Джон Кунстадтэр працаваў у амерыканскай дыпламатычнай службе, у тым ліку і ў Беларусі ў якасці намесніка амбасадара ў 2000-2001 гадах. Зараз Джон на пенсіі, а вольны час прысвячае фатаграфіі.  Здымкі, якія ўвайшлі ў кнігу зроблены ў перыядзе з 2006-ага па 2009 гады падчас падарожжаў фотамастака па беларускіх мясцінах.  Некалькі разоў на год Джон прыязджае ў Беларусь, каб спраўдзіць фотасесію для беларускіх краявідаў, а таксама вяскоўцаў, носьбітаў цікавай для фатографа культуры.

fota-42

Джон Кунстадтэр

Джон Кунстадтэр:

—  Мы вандравалі па сярэдняй Прыпяці. Гэта цудоўныя вёскі. Яны не выміраюць, а нават растуць. Аднойчы я здымаў, а мае сябры пачалі размаўляць з жанчынай, сапраўднай паляшучкай. Яна распавядала пра свае справы, калі яе сын вярнуўся дамоў, яна вельмі ветліва і ціха загадала яму нешта зрабіць. Ён адразу пайшоў выконваць загад маці. Я здзівіўся і запытаўся, чаму ён яе адразу паслухаў. Яна патлумачыла ўсё адным словам: “Мусіць”. Я адчуў у гэтым моманце сэрца Беларусі.

Разам з прэзентацыяй кнігі адкрылася фотавыстава Джона Кунстадтэра — трэцяя па ліку персанальная выстава фотамастака ў Беларусі, якая налічвае больш за двух дзесяткаў твораў аўтара.

fota-52

fota-62

Фотавыстава

Прэзентацыя кнігі апанавала фае музею, пасля яе можна было перанесціся ў чароўны свет фатаграфіі пад касмічную музыку ад гурта “Дзівасіл”, а таксама атрымаць аўтограф ад Джона Кунстадтэра.

fota-72

Аўтограф-сесія

fota-82

Гурт “Дзівасіл”

На дзень народзінаў новай кнігі народнага паэта завіталі літаратары, паэты, музыканты.

Паэтэса Людміла Хейдарава пра кнігу Рыгора Барадуліна:

–Рыгор Барадулін у сваёй творчасці штурхае чалавека да тых вышынь, дзе ён яднаецца з яго думкай, з яго паэтычным словам, з яго мастацкім светаўспрыманнем. У гэтых вершасказах Барадулін запрашае чытача да сутворчасці.

“Дарога расце ўсё жыццё.”

Рыгор Барадулін.

Прэзентацыя кнігі і адкрыццё выставы сабралі  ахвотных да паэтычнай мудрасці і мастацкай фатаграфіі.

fota-94

Наведвальнікі

Арганізацыйную дапамогу ў выданні кнігі аказала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Фотаздымкі Джона Кунстадтэра можна глядзець тут.