У Гомелі ўвечары 10 верасня адбылася прэзентацыя кнігі вершаў Іосіфа Бродскага ў перакладзе на беларускую мову.
Вадзім Болбас, фота svaboda.org
Творы нобелеўскага лаўрэата пераклаў сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар кнігі «Забытыя прывіды мрояў» Вадзім Болбас. Кніга «Туга і спакой» выдадзена за прыватныя сродкі невялікім, 250 асобнікаў, накладам. У прадмове да выдання гаворыцца, што ў кнізе самы вялікі збор перакладаў на беларускую мову ранняй паэзіі Іосіфа Бродскага. Выданне прымеркавана да 75-годдзя з дня нараджэння паэта.
На прэзентацыі аўтар перакладаў пачытаў вершы з новай кнігі, а таксама свае ўласныя. Ідэя перакласці Бродскага на беларускую мову нарадзілася ў Болбаса прыкладна дзесяць гадоў таму, калі па стане здароўя ён быў вымушаны ляжаць у ложку. Тады пераклаўся першы верш. Праца над кнігай заняла каля двух гадоў.
«Вершы Бродскага захапілі мяне сваёй імклівай, хуткай рытмікай. Вядома, былі складанасці пры перакладзе, таму што лад беларускай і рускай моў розны. У Бродскага вельмі своеасаблівы паэтычны стыль. Праца была нялёгкай, але я набраўся смеласці і нейкага авантурніцкага нахабства. Калі захапляешся, то і піетэт перад геніем не замінае працы», – пракаментаваў Болбас.
Ён дадаў, што да канца года ў выдавецтве «Логвінаў» павінна выйсці трэцяя яго кніга – зборнік празаічных твораў пад назвай «Футбол з шайбай». Выданне будзе складацца з навэл і настальгічнай аповесці.