Ці быў выхад з СССР незаконным?

19.09.2023 Гісторыя

Днямі расійскі дэпутат ад паноўнай «Адзінай Расіі» і каардынатар так званага «Нацыянальна-вызваленчага руху» Яўген Фёдараў выказаў сумнеўную тэзу аб тым, што былыя савецкія рэспублікі выйшлі з Саюза незаконна і іх трэба абавязкова вярнуць. Давайце паглядзім, а ці адпавядаюць ягоныя словы рэальнасці?


  Карта Беларусі, афіцыйна выдадзеная ў 1924 годзе
Карта Беларусі, афіцыйна выдадзеная ў 1924 годзе

У чым сутнасць пытання

Не так даўно парламентарый ажно двойчы выказаўся наконт таго, што ў перспектыве Расіі давядзецца ваяваць з усімі былымі рэспублікамі Савецкага Саюза, бо тыя выйшлі з яго ў свой час незаконна, што нібыта пагражае расійскаму суверэнітэту. Аднаўляць гістарычную справядліваць адзінарос думае, натуральна, праз вайсковы шлях. Вось літаральная цытата:

«С позиций теории науки все до одного республики, которые вышли из состава Советского Союза незаконно — а это все республики, — будут рано или поздно конфликтовать или воевать с Россией. Это как бы вопрос теории. Некоторые из них будут не сейчас, например, Беларусь, а некоторые уже сейчас — Грузия уже воевала, Украина, и это касается в полном объёме Армении».

Аб якіх менавіта тэорыях і якой канкрэтнай навуцы ідзе гаворка, дэпутат, праўда, не ўдакладніў. Ён пачаў спасылацца на міжнароднае права і законы Савецкага Саюза, якія былі нібыта парушаныя ў 1991 годзе, калі ён распаўся.

На што забывае Фёдараў

На вялікі жаль, Фёдараў забывае, што падпісаныя тады ў снежні Белавежскія пагадненні былі фінальнай кропкай распаду гэтага ўтварэння, але не пачаткам. Цэнтрабежныя працэсы пачаліся значна раней, і на момант дэнансацыі дамовы 1922 года ратаваць ужо папросту не было чаго. Тагачасныя кіраўнікі Расіі, Беларусі і Украіны проста de jure зафіксавалі тое, што было ўжо de facto — першая ў свеце дзяржава з дыктатурай пралетарыяту спыніла сваё існаванне.

Чытайце таксама: А як сам Кітай атрымаў прызнанне?

Забываецца Фёдараў і на тое, што ў часы існавання СССР кожнай з саюзных рэспублік як мінімум на паперы гарантавалася права выхаду з яго. Прынцып гэты быў закладзены яшчэ Леніным — маўляў, калі нейкі суб’ект захоча аддзяліцца, то хай сабе ідуць. Тое было ў тэорыі, а на практыцы ніхто нікога, натуральна, не збіраўся адпускаць. Але гэтае прапісанае права аб выхадзе з Саюза захоўвалася нават за часамі Сталіна, калі ў 30-я гады разгарнуліся шырокія працэсы ўніфікацыі дзяржавы — паўсюдна ўводзіліся адзіныя стандарты, аднолькавыя для ўсіх.

 Агітацыйны плакат часоў ССРБ

 Агітацыйны плакат часоў ССРБ

Напрыклад, у 1938 годзе ва ўсіх рэспубліканскіх школах было ўведзена абавязковае вывучэнне расійскай мовы, што паклала пачатак вяртання да актыўнай палітыкі русіфікацыі, якой не было з часоў праўлення дынастыі Раманавых.

Важная дэталь пра Савецкую Беларусь

Што да тэмы з выхадам, то тут ёсць яшчэ адна важная дэталь, якая непасрэдна тычыцца нашай краіны. Ці не ўсе ведаюць аб тым, што ў 20-я гады адбылося цэлых 2 узбуйненні БССР за кошт усходніх тэрыторый, якія ў свой час адышлі да РСФСР. Адбываліся яны ў 1924 і 1926 гадах, у выніку чаго маладая і маленькая рэспубліка даволі істотна павялічылася тэрытарыяльна. Меркавалася, што будзе яшчэ адно, трэцяе ўзбуйненне 1928 года, але яно ўжо не адбылося…

Першы Усебеларускі З’езд Саветаў
Першы Усебеларускі З’езд Саветаў. Карціна А. Д. Шыбнёва

А вось што Савецкая Беларусь магла атрымаць незалежнасць — ведае далёка не кожны. У 20-я гады існаваў так званы «Мангольскі праект», які актыўна падтрымлівалі нашыя нацыянал-бальшавікі, што стаялі тады на чале рэспублікі. Сутнасць яго палягала ў тым, каб даць намінальную незалежнасць Беларусі, а тая ў сваю чаргу змагла распачаць змаганне за заходнебеларускія землі, якія знаходзіліся ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Гучыць фантастычна, праўда?

Рэч у тым, што бальшавікі прыкладна такім самім чынам паступілі з Манголіяй, калі ў 1924 годзе там была абвешчана Мангольская Народная Рэспубліка. Дзяржава мела фармальную незалежнасць ад Расіі, але там сінхронна адбываліся такія самыя працэсы, што і ў Савецкім Саюзе. Прыкладам у адзін час распачалася калектывізацыя. Пры гэтым мангольскае кіраўніцтва, якое было ў саюзніцкіх адносінах з Масквой, час-почас абвінавачвала Сталіна ў «чырвоным імперыялізме». За што некаторыя высокія чыноўнікі зведалі ў выніку рэпрэсіі. А кіраўнік краіны ў 1936 годзе быў нават пазбаўлены ўсіх пасадаў і адправіўся пад хатні арышт.

Як Савецкі Саюз атрымліваў міжнароднае прызнанне

Савецкі Саюз на той час быў мала кім прызнаны. Яшчэ ў 1919 годзе яго вызнаў Афганістан, які сам у той момант патрабаваў прызнання. Следам былі тры балтыйскія краіны, якія адна за другой прызналі СССР у 1920 годзе. Потым у 1923 годзе пайшлі больш буйныя гульцы — Нямеччына, Польшча, Турцыя і Іран. А ў 1924 годзе ён атрымаў прызнанне і на «калектыўным Захадзе» — першай была Англія, потым Італія, а ўвосень Францыя.

Парадокс, але першай з гэтай плеяды магла б стаць Італія, дзе ў 1922 годзе да ўлады дарваліся фашысты. Рэжыму Беніта Мусаліні востра былі патрэбныя сыравіна і ежа, таму фашысты былі гатовыя прызнаць на дыпламатычным узроўні існаванне першай сацыялістычнай дзяржавы, але, вядома, на выгодных для сябе ўмовах. Таму ад моманту прыходу фашыстаў да ўлады ішла актыўная дыпламатычная праца, бо абодва бакі былі зацікаўленыя ва ўзаемасупрацы.


Італьянскі антыбальшавісцкі плакат

Да ўсяго кіраўнік тагачаснага ўрада быў сам выхадцам з сацыялістычнага руху, таму з некаторай сімпатыяй ставіўся да Леніна. Хаця пасля прыходу да ўлады свае сімпатыі асабліва і не афішаваў публічна. Выгандляваўшы для сябе прывабныя ўмовы, Мусаліні прызнаў 7 лютага 1924 года СССР. Праўда, яго апярэдзіла Вялікабрытанія, якая прызнала Савецкі Саюз троху раней — 1 лютага. І тут другі цікавы момант — савецкія чыноўнікі ад дыпламатыі прапаноўвалі наўзамен такому прызнанню практычныя «бонусы», якія думалі аддаць брытанцам за першынство. Але хітры італьянец і тут паспрабаваў абыграць усіх — прапанаваў бальшавікам абмяняцца амбасадарамі адразу пасля падпісання дамовы.

Маючы за плячыма такі дыпламатычны багаж, які быў сабраны цяжкой працай, Саветы не маглі пайсці на тое, каб зноў страціць яго ў адно імгненне. Кіраўніцтва краіны імкнулася вырвацца з ізаляцыі і атрымаць шырокае міжнароднае прызнанне, каб можна было гандляваць ужо проста зараз. Але пры гэтым не губляла і надзеі на сусветную пралетарскую рэвалюцыю, увасабленне якой запавёў яшчэ Карл Маркс. Таму і пачалі распрацоўвацца розныя «мнагахадовачкі» ды гібрыдныя аперацыі.

Італьянскі плакат супраць бальшавікоў
"Бальшавізм супраць сям'і" - яшчэ адзін італьянскі плакат, які скіраваны супраць бальшавікоў

Чаму згасла ідэя беларускай рэканкісты

Нашай краіне ў гібрыдных аперацыях Савецкага Саюза адводзілас хутчэй роля статыста. Савецкі Саюз быў нарэшце вызнаны Польшчай, таму наноў пачынаць вайну з палякамі не мела ніякага сэнсу. Ды і ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій у яго да суседкі нібыта і не было. Чаго нельга сказаць пра БССР, якая з поўным правам магла б заявіць аб сваім жаданні вярнуць Заходнюю Беларусь, што апынулася ў складзе Польшчы.

Вялікае жаданне рэваншу над палякамі, якія здолелі адбіцца ад бальшавікоў у 1920 годзе на Вісле ды пагналі іх назад, ідэальна клалася на нацыянальнае пытанне — беларусы ў Другой Рэчы Паспалітай пачуваліся людзьмі другога сорту, таму актыўна адгукаліся на воклічы з савецкага боку мяжы. І КПЗБ, і іншыя беларускія ініцыятывы падобнага кшталту былі выразна левымі паводле ідэалогіі, але разам з тым глыбока нацыянальнымі арганізацыямі. У іх ішлі маладзёны, якія мроілі аб незалежнай Беларусі. А з чырвонага Мінска дасылаліся інструктары, якія таксама верылі ў тое, што робяць карысную справу.

Увасоблены «Мангольскі праект» так і не быў — Беларусь не атрымала нават фармальнай незалежнасці, не стала таксама і дзяржавай з так званым абмежаваным суверэнітэтам. Бо занадта многа часу пайшло «на раскачку» і падрыхтоўку неабходных кадраў. А ў канцы 20-х было ўжо позна, бо распачаліся працэсы ўніфікацыі Саюза, ініцыяваныя Сталіным.

Сталін і Варашылаў у Крамлі
Сталін і Варашылаў у Крамлі. Карціна А.М. Герасімава, 1938 год

Так, у 1929 годзе рэспубліку наведала цэлая камісія па даследаванні практыкі нацыянальнай работы ў БССР, якая фактычна займалася выкрыццём «нацыяналістаў». Яе старшыня Уладзімір Затонскі па выніках падрыхтаваў даволі аб’ёмную справаздачу, дзе пад крытыку трапілі літаральна ўсе — і палітыкі, і пісьменнікі, і чыноўнікі. Пазней многія з іх будуць рэпрэсаваныя і забітыя. Ідэя беларускай рэканкісты канчаткова згасла і адышла на другі план.

У 1991 годзе Беларусь скарысталася сваім законным правам паставіць кропку ў гісторыі дзяржавы, якая фактычна ўжо спыніла сваё існаванне. Пры чым для справядлівасці варта азначыць, што рабілася гэта з беларускага боку без асаблівага жадання — на перадзе крочылі балтыйскія краіны, а таксама сама Расія, якую ачольваў тады Барыс Ельцын. Таму сённяшнія заявы расійскіх дэпутатаў аб нейкім «незаконным» выхадзе з СССР выглядаюць даволі дзіўна і ставіцца да іх без іроніі нельга.

Сяржук Загорны, budzma.org