У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, зніклых, забойства Тарайкоўскага, выбух у мінскім метро разважае Алег — мастак і настаўнік.
Пра плакат. У маім плакаце («Навошта пакрыўдзіў Эву? Беларусы мусяць цярпець толькі ад Амура стрэлы») адлюстраваныя некалькі падзей, якія я намагаўся звязаць. Гэта арышт калекцыі карцін Бабарыкі, якія ён выстаўляў на агульны агляд у музеі. Другая частка — пра падзеі жніўня, калі па людзях проста так стралялі гумовымі кулямі, і многія пацярпелі.
Пра забойства Тарайкоўскага. Калі кадры смерці Тарайкоўскага трапілі ў інтэрнэт, я быў агаломшаны, што такое магло адбыцца ў маім родным Мінску. Калі я выходзіў на пратэсты ў канцы жніўня разам з гэтым плакатам і некалькі месяцаў пазней, з гэтай нагоды так і не была заведзеная крымінальная справа. Мірных беларусаў арыштоўвалі, давалі ім неймаверныя штрафы, суткі, а па такой справе, як смерць чалавека, наогул ніякай рэакцыі. Гэта жахлівы факт несправядлівасці.
Пра сферы, якія сёння цярпяць у Беларусі найбольш. Многія мае знаёмыя і нават я ў некаторай ступені звязаныя са сферай адукацыі. І гэта вельмі нізкія заробкі за тую працу, якую яны робяць. На гэтыя грошы немагчыма жыць, утрымліваць сям'ю. Калі настаўнікі — тыя людзі, якія выпускаюць усіх астатніх спецыялістаў, то і заробкі ў іх мусяць быць адпаведныя. Многія мае знаёмыя вытрымлівалі толькі перыяд адпрацоўкі пасля самой вучобы, а далей сыходзілі ў іншыя сферы. Бо ў іх з'яўляліся сем'і, якія немагчыма было забяспечыць на тыя грошы, якія яны атрымлівалі за працу ў школе.
Гэтаксама магу згадаць сферу медыцыны, дзе сітуацыя падобная. Так, мой стрыечны брат адвучыўся шэсць гадоў, у яго з'явілася сям'я, малое дзіця. Трэба было думаць, як забяспечваць сям'ю. Ён не бачыў такой магчымасці ў медыцыне і сышоў у праграмаванне.
«Обязаловка». Не сыходзячы далёка ад сферы адукацыі, магу назваць абсурдным тое, што ў нас цяпер, як у савецкія часы, існуе “обязаловка”. У прыватнасці, хаджэнне дзяцей на не надта цікавыя для іх мерапрыемствы, хакейныя і іншыя мерапрыемствы падобнага кшталту, дзе з іх проста робяць масоўку. За кошт людзей з бюджэтных сфер ствараецца масоўка многіх мерапрыемстваў, нібыта яны камусьці цікавыя.
Стыль кіравання краінай. Вельмі страшнай падзеяй быў выбух у мінскім метро. Думаю, усім зразумела, што да выбуху не датычныя тыя два хлопцы, якіх асудзілі на смяротнае пакаранне за гэта. Такіх выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат. За 26 гадоў з іх склаўся дастаткова вялікі спіс: як палітзняволеных, так і зніклых без вестак людзей, якія ўдзельнічалі ў палітыцы. Такі стыль кіравання былога прэзідэнта жахлівы тым, наколькі гэта падобна на бандыцкія разборкі.
Пратэст. Лічу, што кожнаму беларусу варта было б на некалькі дзён выйсці і выказаць свой пратэст. Менавіта такім чынам, дзейна, выйсці і мірна выказаць сваю нязгоду з тым, што адбываецца.
Кірыл Стаселька, budzma.org