У лістападзе мінулага года Гродзенскі шклозавод адзначыў 100-годдзе. Як зараджалася шкларобства ў Гродна, піша гісторык Васіль Герасімчык для «Вячэрняга Гродна».
У сярэднія вякі шкларобства распаўсюджваецца на тэрыторыях Старажытнай Русі. У летапісным Горадзене ў ХІІ-ХІІІ стст. сярод майстроў сустракаліся і шкловыдзімальнікі. Пацверджанне таму -знойдзеныя археолагамі на Замкавай гары бранзалеты з зялёнага, жоўтага і чорнага шкла. Да моманту з’яўлення ў Гродне каменнага замка адносяцца знаходкі фрагментаў аконнага шкла светла-зялёнага колеру. У дакументах Вялікага Княства Літоўскага ў 1524 годзе згадваецца імя гродзенскага «шкляра» Шчэпана.
У Гродне з’явілася першая на тэрыторыі Беларусі шкляная гута (майстэрня) і другая пасля Віленскай, створанай у 1547 годзе. 15 лютага 1599 года кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ дараваў прывілей на яе будаўніцтва падскарбію і пісару Вялікага Княства Літоўскага Гераніму Валовічу, каб той «Шкло ўсякае мог рабіць». У горадзе вылучаўся «пляц, які блізка да вады на месцы пабудовы гуты і будаўніцтва гутніка Адмераўшы». Акрамя гэтага ў прывілеі асобна агаворвалася права на ўзвядзенне спецыяльнай печы для гуты.
У XVII-XVIII стст. у Гродне атрымлівае шырокае распаўсюджванне шкляны сталовы посуд. У 1770 годзе Антоніем Тызенгаўзам на Гарадніцы была створана каралеўская мануфактура. Там вырабляліся мастацкае шкло, у тым ліку куфлі. Шэсць куфляў з зялёнага шкла насычанага колеру, якія маюць форму «нямецкіх ромераў», захоўваюцца ў Гродзенскім абласным гісторыка-археалагічным музеі.
Пасля таго як тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расійскай імперыі, адной з галоўных галін прамысловасці Гродна стала броварная, для патрэб якой выкарыстоўваліся прывазныя шкляныя бутэлькі. Сярод прадпрыемстваў былі спіртавы завод РАІ Рахіма Андэрса, піваварны завод Кунца і заснаваны ў 1865 годзе завод Хаі-Леі Фішэлеўны Яфэ на занёманскім фарштаце, якім пасля развалу Расійскай імперыі валодаў Абрам Яфэ (1875 г.н.). Падчас савецка-польскай вайны ў ліпені 1920 года піваварны завод Яфэ быў разрабаваны.
Пасля таго як Заходняя Беларусь па ўмовах Рыжскага дагавора 1921 года апынулася ў складзе Польшчы, замест піўзавода Яфэ заснаваў фабрыку гарэлкі і лікёраў, для патрэбаў якой адкрыў шкляную гуту. З ініцыятывай адкрыцця фабрыкі па вытворчасці шкла ў Беластоцкім ваяводстве, у якую ўваходзіў Гродна, у студзені 1922 года выступілі амерыканскія прадпрымальнікі. Але Яфэ, які належаў да адной з заможных гродзенскіх сем’яў і ўваходзіў у Часовы гарадскі камітэт з 36 чалавек, здолеў не толькі перахапіць ідэю, але і рэалізаваць яе ў самыя кароткія тэрміны. 6 верасня ў Гродне яшчэ паступае транспарт са шкляной прадукцыяй з Петрыкава, але ўжо 11 лістапада 1922 года газета «Dziennik Bialostocki» паведаміла пра пачатак працы гуты Яфэ, якая атрымала назву «Ласосна» (Łososna).
Прадпрыемства размяшчалася на гарадской плошчы, на скрыжаванні Беластоцкай і Царкоўнай вуліц, побач з Уладзімірскай царквой, і займала 447 квадратных сажняў (1 сажань — 2,16 метра). Гута складалася з шасці гаспадарчых пабудоў і трох фабрычных дамоў. Непадалёк былі чыгуначныя шляхі і спіртавы завод Абрама Сцежак-Крынскага (Беластоцкая вул., 45).
«Ласосна» ўвайшла ў склад Саюза шкляных гут (Związek Hut Szklanych), які аб’яднаў 47 прадпрыемстваў. 21 з іх, у тым ліку «Ласосна», вырабляла бутэлькі. На 20 чэрвеня 1923 года там працаваў 91 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці да 14 гадоў. У жніўні 1924 года — 150 чалавек. Некаторыя з іх прапрацавалі на заводзе ўсё жыццё і ўдзельнічалі пасля вайны ў яго аднаўленні.
З моманту з’яўлення гута «Ласосна» будавалася па прынцыпе калектыўнага валодання: 40 станкоў былі набыты 40 майстрамі, для якіх Яфэ пастаўляў сыравіну і ў якіх закупляў гатовую прадукцыю.
25 жніўня 1924 года адначасова з лесапільным заводам Аркіна на прадпрыемстве павінна была прайсці першая эканамічная забастоўка. Але яна не адбылася з прычыны кампрамісу паміж працоўнымі і кіраўніцтвам. Уладальнік абавязаўся запатрабаваць ад іншых гут дадзеныя аб сярэдняй зарплаце і ўвесці яе ў сябе, на што рабочыя ахвотна пагадзіліся. Але, даведаўшыся аб узроўні аплаты ў шкляной галіны, адмовіліся ад выступленняў. Рабочыя, якія атрымлівалі за штодзённую працу 2 злотых 20 грошаў, патрабавалі 50% надбаўкі.
31 ліпеня 1924 года была заснавана польская спіртная манаполія, для якой «Ласосна» пачала пастаўляць свае вырабы. У 1927 годзе прадпрыемства ўваходзіла ў аб’яднанне «Наднёманскія прадпрыемствы будаўнічай прамысловасці Станіславова», якое ўключала 19 прадпрыемстваў і належала князю Друцкаму-Любецкаму (Nadniemeńskie Zakłady Przemysłu Budowlanego Stanisławów). Штогадовая вытворчасць гродзенскіх бутэлек ацэньвалася ў суму каля 100 тысяч злотых.
У 1929 годзе гута была прадстаўлена ў Познані на ўсеагульнай Нацыянальнай выставе, для якой быў узведзены спецыяльны павільён, які з’яўляўся адным з найбольш арыгінальных аб’ектаў выставы. Прадукцыя Аб’яднаных шкляных гут у Гродна была згаданая ў буклеце з пералікам прадпрыемстваў, вырабляючых алкагольныя бутэлькі.
Пачаўся сусветны эканамічны крызіс і закрануў шкляную галіну. Колькасць прадпрыемстваў у Польшчы скарацілася з 84 да 35. Павялічылася цана паліва і асноўнай сыравіны. Востра паўстала праблема аплаты працы рабочых, інтарэсы якіх на гродзенскім заводзе абараняў Францішак Балдыг. 30 чэрвеня 1930 года кіраўніцтва звольніла актывіста і пагражала звольніць яго бацьку і брата. У адказ 150 работнікаў прадпрыемства пасля праведзенага сходу пад кіраўніцтвам рабочага Найнерта вырашылі абвясціць страйк. 2 ліпеня з кіраўніцтвам удалося дамовіцца пры ўмове, што члены сям’і Балдыга не будуць звольненыя.
У 1931 годзе прадпрыемства ўпершыню сутыкнулася з праблемай рэалізацыі выпускаемай прадукцыі. Адзіным пакупніком гуты да таго часу выступала польская спіртная манаполія, якая назапасіла на складах гатовай прадукцыі ў памеры каля 70 млн літраў. Гэта было звязана з катастрафічным падзеннем попыту, асабліва на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Украіны, дзе жыхары ў якасці аднаго з элементаў барацьбы з польскімі ўладамі адмаўляліся ад куплі дарагіх алкагольных напояў з высокімі акцызамі, замяшчаючы патрэбу самагонкай. Выхад спрабавалі знайсці за кошт запуску з 11 лютага 1932 года ў продаж 90%-нага спірту, разліваючы у ёмістасці аб’ёмам 0,1 л (кошт — 1,35 зл.). Але гэта не выправіла сітуацыю.
18 ліпеня 1931 года на шклозаводзе ўпершыню адбылася аварыя, з-за чаго прадпрыемства, на якім да таго часу працавала 180 чалавек, было ненадоўга спынена. У лютым 1932 года прайшла эканамічная стачка, якая вымусіла ўмяшацца гарадскога інспектара па працы.
Пра ролю прадпрыемства ў жыцці горада ў гэты час сведчыць з’яўленне ў 1932 годзе ў Гродне дзвюх новых вуліц — Гутнічай (Hutnicza) і Шкляной (Szklana). Пра сувязь Аб’яднанай шкляной гуты з аптэкай а.Троп-Крынскага на Беластоцкай, 54а сведчыць тое, што ў іх быў агульны нумар тэлефона — 103.
Вясной 1933 года шкляная гута ў Гродне была спыненая — на гэты раз з-за адсутнасці заказаў. Пасля доўгіх перамоў кіраўніцтва прадпрыемства ў ліпені 1934 года вырашыла пашырыць асартымент прадукцыі. Было набыта дадаткова некалькі сотняў метраў на тэрыторыі Беластоцкай вуліцы. Да 2 ліпеня скончылі будаўніцтва новай печы даўжынёй 9 м і шырынёй 4 м, прызначанай для вырабу шкла памерамі 2×1 м.
Працу на прадпрыемстве планавалі пачаць з сярэдзіны ліпеня. Нанялі каля сотні спецыялістаў з Петрыкава, Граева, Ясла і іншых мясцовасцяў, дзе меліся гуты. З-за цяжкіх умоў працы і высокай тэмпературы печы працоўны дзень абмежавалі шасцю гадзінамі пры чатырох зменах у суткі. Работнікі гуты выступалі ў ролі вучняў, каб пасля ад’езду спецыялістаў заняць іх месца. На 15 ліпеня запланавалі пуск другой печы для вырабу бутэлек. Нарэшце, 23 ліпеня гута прыступіла да вытворчасці аконнага шкла, памеры якога даходзілі да 3 кв. м.
Аднак у кастрычніку сутыкнуліся з нечаканай праблемай: некалькі сем’яў высокакваліфікаваных спецыялістаў адправіліся ў Палестыну, дзе будаваліся новыя шкляныя заводы з абяцаннем штодзённай аплаты 25 злотых. Пасля іх ад’езду кіраўніцтва вырашыла панізіць зарплату рабочым, якія 22 кастрычніка на сходзе дамовіліся не дапусціць гэтага.
9 лістапада 1934 года дырэкцыя спіртнай манаполіі замовіла ў Гродне вялікую партыю бутэлек, для чаго на прадпрыемства прымаліся 100 рабочых. Да 16 лістапада бутэлечны цэх быў цалкам запушчаны, рабочых стала 162 чалавекі.
Святочны настрой цягнуўся нядоўга. Напярэдадні Калядаў звольнілі 100 рабочых, якія выраблялі аконнае шкло. У іх падтрымку бутэлечны цэх спыніў працу. У адказ кіраўніцтва наняла рабочых з Варшавы, але пасля іх прыезду гродзенцы страйк спынілі. Пры гэтым Варшаўскім рабочым не было заплачана, і на кіраўніцтва гуты падалі справу ў суд з патрабаваннем выплаціць 1500 злотых.
Да сакавіка 1935 года сітуацыя на прадпрыемстве палепшылася. У тры змены працавала каля 200 чалавек. За васьмігадзінны дзень мужчына атрымліваў 2 злотых, жанчына — 1 злоты 50 грошаў. Але 10 чэрвеня спыніліся на рамонт пашкоджанага пакрыцця ванны. Звольненым не была выплачана заработная плата. У снежні зноў сталі на рамонт.
У 1938 годзе ўваходзілі ў Саюз шкляных гут, які аб’ядноўваў 36 прадпрыемстваў з агульнай колькасцю рабочых 16 588 чалавек. Важным дасягненнем саюза стаў Нацыянальны калектыўны дагавор, заключаны 24 верасня 1937 года, які рэгуляваў умовы працы рабочых (46 гадзін у тыдзень) і аплату. Апошняя дыферэнцыявалася у адпаведнасці з чатырма рэгіёнамі, у якіх было сканцэнтравана вытворчасць шкла. Гродзенскі завод разам з прадпрыемствамі ў Любартаве і Радаме ўваходзіў у трэцюю, Беластоцкую зону, дзе дзённая аплата працоўнага вар’іравалася ад 1,8 зл. (насільшчык) да 4, 4 зл. (каваль ці слесар). На кожнага працоўнага зімой давалі па 50 кг вугалю і 30 кг дроў штомесяц, вясной і восенню — па 30 кг вугалю і 18 кг дроў. Аказвалася грашовая дапамога на жыллё — 12 зл. для майстроў і жанатых, 6 зл. — для халастых майстроў і жанатых памочнікаў.
Слабым месцам шкляной прамысловасці Польшчы ў міжваенны час стала адсутнасць падрыхтоўкі прафесійных кадраў. Практыкі не валодалі элементарнай тэорыяй шкларобства, хіміі і тэхналагічнага працэсу. Толькі ў 1938 годзе Саюз шкляных гут прапанаваў з восені 1939 года на дзяржаўным узроўні пачаць навучанне прафесійна-тэхнічных кадраў. Да гэтага часу ў Гродне на машынах «Owens» выраблялі бутэлькі аб’ёмам 1 л, 0,5 л, 0,25 л, 0,1 л.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 года шкляны завод быў нацыяналізаваны і працягнуў выпуск бутэлек.