Вельмі прыемна слухаць гісторыі, як людзі захапіліся нечым у дзяцінстве і так і праносяць гэта захапленне праз усё сваё жыццё. Так здарылася і з нашай гераіняй Вольгай, якая з самага маленства трымае ў руках іголку, а зараз ужо прадумвае, як бы спалучыць тэхнікі французскіх куцюр’е з традыцыйнай беларускай вышыўкай.
Вольга ў спінжаку ўласнай працы
У межах спецпраекта «Сучасная вечнасць» супольна з брэндам Belaruskicry распавядаем пра жанчын, натхнёных вышыўкай.
«Бабуля з татавага боку вышывала ўсё жыццё, нават прымала замовы, зарабляла на гэтым грошы. Яна жыла ў вёсцы, і я памятаю, што ўся хата была аздоблена вышыўкай: прасціны, абрусы, фіранкі. Гэта было вельмі прыгожа! Яна вышывала гладдзю рознакаляровыя кветкі, і мяне гэтыя кветкі проста забралі недзе з сабой», — усміхаецца майстрыха.
«Таму я ўжо з самага дзяцінства была поўнаўкамплектаваная рамесніца. Было адразу зразумела, куды гэта дзіця пойдзе. У мяне проста не было шанцаў», — смяецца Вольга.
Вольга ў вышытай уласнаруч кашулі
Пяцігадовая Вольга ўжо магла вышываць просценькія рэчы крыжыкам, гладдзю і крыху вязаць шыдэлкам. А тут і другая бабуля, з матулінага боку, таксама была «з рукамі» — швачка.
Захапленне вышыўкай стала працай
Любоў да вязання і вышыўкі ніколі не спынялася, Вольга з захапленнем садзілася за працу і ў школьныя, і ў студэнцкія гады.
«Памятаю, што магла проста на занятках дастаць шыдэлак і пачаць вязаць. Мяне гэта заўсёды супакойвала і было як нібыта нейкая медытацыя», — кажа Вольга.
Пасля ўніверсітэта яна пазнаёмілася з беларускімі дызайнерамі, якія прапанавалі паспрабаваць зрабіць вышыўку на іх адзенні за грошы. Гэта была не традыцыйная, а мастацкая вышыўка.
«Я паспрабавала, і неяк усё атрымлівалася добра, таму гэта літаральна стала маёй працай. Калі я зразумела, што на гэтым можна нармалёва зарабляць, то ўсё — ніводнага дня па дыпломе не працавала», — кажа вышывальшчыца.
Вольга скончыла эканамічны факультэт БДУ, паклала дыплом на кніжную шафу і працягнула вышываць. Але лічыць, што гэта быў добры досвед, каб стаць самастойным чалавекам. Менеджарскія навыкі зараз дапамагаюць самаарганізоўвацца і структураваць працу, усталёўваць кошты.
Бясконцая крыніца развіцця і выхад агрэсіі
«Неяк сяброўка сказала: “ты не можешь не делать”, і гэта сапраўды так. Я займаюся творчасцю, таму што не магу не займацца. Зараз я працую ў майстэрні, сяджу тут вышываю і думаю пра тое, што прыйду дадому і, каб адпачыць, — я буду ткаць. Каб адпачыць — мне трэба проста змяніць напрамак. А заўтра зноў пайду ў майстэрню і папрацую — буду вязаць.
Таму гэта і праца, і адпачынак, і самарэалізацыя. Гэта бясконцая крыніца развіцця. Заўсёды можна прыдумаць нешта новае, заўсёды можна перайсці на нейкі новы ўзровень. Атрымліваецца вельмі цікавая гульня, і яна мне падабаецца», — расказвае Вольга.
Спінжак ад Вольгі
Жанчына шмат размаўляла са сваёй псіхатэрапеўткай пра тое, што яна робіць і навошта, шукала ў гэтым сэнс і выявіла цікавую рэч: для яе вышыўка — гэта пра агрэсію. Але пра агрэсію з любоўю.
«Я такі чалавек, якому вельмі складана выражаць агрэсію, а працэс вышыўкі на самой справе даволі агрэсіўны — там вострая іголка, вострыя нажніцы і ўсё накіравана на тое, каб сядзець і вось гэтай іголкай вострай пратыкаць тканіну, вострымі нажніцамі яе рэзаць.
Я ніколі не разумела, чаму я проста павышываю, а потым нібыта іншы чалавек. Мне становіцца так спакойна і лёгка. Канешне, я не вышываю з думкамі аб тым, што я ў кагосьці тыкаю іголкамі, гэта негатыўная энергія праходзіць падсвядома. Я гэта раблю з вялікай любоўю, і ў той жа час я так выражаю сваю агрэсію.
Гэта вельмі цікавае паяднанне дыяметральна розных пачуццяў, і мне падабаецца такое спалучэнне. Можна ж яшчэ на таксістаў крычаць, я спрабавала, і гэта таксама вельмі добра працуе, але ж…», — пасміхаецца Вольга.
«У мяне зялёныя вочы, русыя валасы, і я не магу вярнуцца ў Беларусь»
У Варшаву Вольга пераехала сем месяцаў назад, гэта быў добра падрыхтаваны і ўсвядомлены крок.
«Момант прыняцця і развітання з Беларуссю я прайшла яшчэ ў Беларусі. Таму калі я прыехала ў Варшаву, вось гэтага дэпрэсіўнага перыяду не было. Я рыхтавалася амаль год і пражыла гэты момант страты дома.
Таму ў Варшаве я адразу пачала рабіць нейкія планы, праекты, каб не губляць час», — кажа Вольга
.
Але, канешне, колькі не рыхтуешся, пераезд — гэта вялікі стрэс, і з ім наша гераіня таксама сутыкаецца.
«Па-першае, я стараюся не рамантызаваць боль страты, я ўспрымаю яе як дадзенасць: у мяне зялёныя вочы, русыя валасы, і я не магу вярнуцца ў Беларусь. Я растлумачыла сваёй псіхіцы, што ў мяне няма магчымасці вярнуцца дадому і што пакуль самога дома ў мяне няма. Таму мы прынялі гэта як дадзенасць, і мы пагналі далей», — кажа Вольга.
А яшчэ дадае, што ёй вельмі дапамагае любімая праца і людзі — асяроддзе сяброў і знаёмых, творчыя людзі вакол.
«Мне падабаецца, што ў Варшаве працэс адаптацыі праходзіць крыху прасцей, бо ты заходзіш у бліжэйшую «Жабку» (папулярная сетка крамаў у Польшчы — заўв. рэд.) і абавязкова сустрэнеш свайго менскага сябра. Ты проста ідзеш па вуліцы і з усімі вітаешся. Аказалася, што ў суседнім доме жыве мая сяброўка», — расказвае Вольга.
Майстэрня, дзе зараз працуе жанчына, знаходзіцца ў цэнтры Старога горада ў вялікім будынку «Prześwit». Гэта культурная фундацыя і месца лакалізацыі мастакоў, дзе кожны арандуе сваю прастору і працуе ў сваім закуточку. На першым паверсе — галерэя, дзе час ад часу праходзяць выставы.
«Тут шмат натхнення, і я адразу, калі яшчэ ехала, разумела, што я не буду працаваць дома, мабыць, толькі нейкі першы час. Мне вельмі важна раздзяляць дом і працоўнае месца, мне не падабаецца есці і спаць там, дзе я працую. Я потым не магу заснуць, я не адчуваю смак ежы. Дом — гэта ўтульная нара, куды я прыходжу пасля працы», — разважае Вольга.
Феномен беларускай культуры
«Я лічу, што беларуская культура зараз добра развіваецца, бо носьбіт культуры — не камень. Беларуская культура — гэта мы, куды б мы не паехалі. І пакуль мы развіваемся ў гэтым напрамку, развіваецца і беларуская культура. Але не так хутка, як магла б — гэта цяжкія ўмовы іміграцыі, але мне вельмі цікава за гэтым назіраць», — кажа Вольга.
Майстрыха называе гэта феноменам, калі беларуская культура куды больш ярка і інтэнсіўна развіваецца па-за межамі Беларусі. Шмат людзей пачалі цікавіцца нашай культурай і мовай менавіта пасля таго, як з’ехалі.
«Адна з вельмі важных рэчаў, якая табе неабходна ў эміграцыі, каб не з’ехаць з глузду — нацыянальная самасвядомасць. Табе трэба адчуваць, што ты — беларуска. Каб мець фундамент. Гэта базавае веданне, гэта аснова і апора. Таму каб магутны вецер эміграцыі цябе зусім не разбурыў, трэба за нешта трымацца, і трымацца за нацыянальную прыналежнасць — гэта вельмі клёва», — лічыць майстрыха.
Інстаграм аб’ядноўвае людзей
Ва ўмовах эміграцыі асноўная ўвага Вольгі ідзе на забеспячэнне базавых патрэбаў. Майстрыха зразумела, што пакуль проста не выгадна рабіць нейкія вялікія і грунтоўныя праекты, бо яны займаюць шмат часу і такую працу потым вельмі складана прадаць. Таму зараз майстрыха займаецца ў асноўным маленькімі праектамі: гэта варштаты, невялікія вышыўкі на кашулях, зборка традыцыйных чырвоных караляў і гарлячак з бісеру і пацерак. Але галоўны крытэрый — праект павінен падабацца.
Кашуля, аздобленая Вольгай. На шыі — гарлячка
«Усе праекты, у якіх я ўдзельнічаю, я шчыра лічу клёвымі. Гэта тыя праекты, у якіх мне камфортна, яны не забіраюць усю энергію і пры гэтым даюць магчымасць арганізаваць фінансавую бяспеку.
Некаторы час таму мне напісалі ў інстаграм з праекта Belaruskicry. Гэта было з разраду: “Ой, мне так падабаецца, што ты робіш! — І мне падабаецца, што ты робіш!”. Так мы пачалі разам працаваць. Абажаю за гэта інстаграм — ён аб’ядноўвае людзей», — кажа Вольга.
Куцюрныя тэхнікі і пераасэнсаванне культурнай спадчыны
Планы на будучыню ў майстрыхі маштабныя — зрабіць калекцыю адзення, арганізаваць прыгожы перфаматыўны паказ, прысвечаны беларускім рамёствам у пераасэнсаваным выглядзе. Мара — паехаць вучыцца ў Парыж.
«Там ёсць школа вышыўкі, я вельмі хачу далучыцца, каб навучыцца куцюрным тэхнікам, і ўжываючы іх, неяк інтэрпрэтаваць нашу культурную спадчыну», — расказвае Вольга.
Планы і мары — яшчэ адна рэч, якая дапамагае майстрысе ў эміграцыі. Ведаць, куды ты ідзеш і для чаго гэта ўсё.
«Я люблю ўяўляць сваю будучыню, і ў маіх планах яна выглядае клёва. Таму гэта дае сілы ісці наперад і не спыняцца. Трэба проста трошкі фінансава стабілізавацца, скласці план і прытрымлівацца яго. Гэта зноў мая эканамічная адукацыя — мне патрэбен план, мне трэба разбіць яго на маленькія кавалачкі і проста кіравацца ім. Нічога складанага», — кажа вышывальшчыца.
Таццяна Валошка, budzma.org
Фота прадастаўлены гераіняй артыкула