Беларускія майстры, якіх па загадзе расійскага цара масава вывозілі з беларускіх зямель у час чарговай вайны XVII стагоддзя з Рэччу Паспалітай, прывезлі ў Маскву не толькі інструменты і тэхналогіі, але і стылістыку мудрагелістага еўрапейскага барока, якая найбольш яскрава ўвасобілася ў разных творах — так званай беларускай рэзі.
Выстаўка «Золата іканастасаў. Мастацтва беларускіх майстроў у Маскве» стала вынікам супрацоўніцтва двух музеяў-запаведнікаў на працягу двух гадоў, хоць перамовы пачаліся яшчэ да 2020 года, піша «Наша Ніва».
Выстаўка «Золата іканастасаў. Мастацтва беларускіх майстроў у Маскве» ў Нясвіжскім замку. Фота: Нясвiжскiя навіны
Куратарамі выстаўкі выступілі Алена Фомчанкава, начальніца аддзела экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці Нясвіжскага замка, і Вольга Палякова, намесніца дырэктара і галоўная захавальніца Каломенскага.
Выстаўка «Золата іканастасаў. Мастацтва беларускіх майстроў у Маскве» ў Нясвіжскім замку. Фота: Нясвiжскiя навіны
У Вялікай выставачнай зале палаца Радзівілаў прадстаўлены помнікі мастацкай рэзі і кафлярства, прывезеныя з Маскоўскага дзяржаўнага музея-запаведніка «Каломенскае». Гэта ўнікальныя царскія вароты, канструкцыі іканастасаў, абразы ў шыкоўных рамах і картушах, створаныя ў Маскве беларускімі майстрамі ў канцы XVII стагоддзя. Многія экспанаты дэманструюцца ўпершыню.
Царскія вароты ў тэхніцы беларускай рэзі. Фота: Нясвiжскiя навіны
«Калі калегі прыйшлі і ўбачылі гэтую раскошу пазалочанай рэзі, як струменяцца плады і галіны, выкананыя з дрэва і пакрытыя пазалотай, абразы працы царскіх майстроў — яны былі ў захапленні. Высветлілася, што ў Беларусі такога багацця няма, проста не захавалася»,
— тлумачыць адна з куратарак Вольга Палякова, намесніца дырэктара і галоўная захавальніца музея «Каломенскае», у рэпартажы тэлеканала «Беларусь 3».
Фрагмент царскіх варот, выкананых беларускімі майстрамі ў майстэрні Зброевай палаты ў другой палове XVII стагоддзя. Паходзяць з Мікола-Угрэшскага манастыра пад Масквой. Фота: sobor. by
У выніку было вырашана дапоўніць царскія вароты яшчэ і керамікай. Паліхромная кафля таксама выраблялася беларускімі майстрамі ў другой палове XVII стагоддзя ў Маскве або ў падмаскоўнай Істры, у манастыры Новага Іерусаліма.
Беларускія майстры трапілі ў Расію ў другой палове XVII стагоддзя, падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў, калі маскоўскія ўлады пачалі перасяляць «беларусцаў» з зямель, якія лаяльна ставіліся да цара. Так яны мусілі запоўніць страты ад эпідэміі чумы ў Маскве і аслабіць эканамічна тэрыторыю ВКЛ.
Па загадзе цара спецыяльна пасылалі людзей, каб шукаць гэтых майстроў: разьбяроў па дрэве, сталяроў, токараў, кніжных майстроў, гравёраў, керамістаў. Некаторыя траплялі ў Маскву не заўсёды добраахвотна — іх вывозілі па загадзе цара або пад прымусам баяраў.
Дэталь царскі варот, выкананых беларускімі майстрамі. Фота: sobor. by
На тэрыторыю Расіі перасялілі шмат беларускіх майстроў з Оршы, Віцебска, Вільні, Магілёва і Мсціслава. Часам з беларускіх гарадоў у Маскву дасылалі чалабітныя, што немагчыма аддаць таго ці іншага майстра, бо ён ужо заставаўся адзіным у горадзе.
Многія з гэтых рамеснікаў спачатку працавалі пры патрыярху Нікане ў будаўніцтве Іверскага манастыра на Валдаі і Васкресенскага Нова-Іерусалімскага манастыра ў Істры. Менавіта Нікан першым заўважыў найвышэйшы ўзровень прафесійнага майстэрства беларускіх майстроў. Пазней іх перавялі ў Маскву, і ў 1667 годзе яны былі залічаныя ў штат Збройнай палаты Маскоўскага Крамля, дзе атрымлівалі жалаванне за сваю працу.
«Рускія майстры перанялі ад беларускіх тое, што сёння мы назвалі б „высокімі тэхналогіямі“. Беларусы прывезлі новыя інструменты, якіх у Маскве яшчэ не ведалі, навучылі рускіх майстроў. І менавіта сумеснымі намаганнямі на расійскай глебе расквітнела гэтае высокае мастацтва пазалочанай разьбы, якое стылістычна адносіцца да барока, што панавала ў Еўропе ў той час», — кажа Палякова.
Даследчыкі называюць гэтую разьбу «беларускай рэззю». Гэта была грандыёзная справа для таго часу: дрэва ператваралася ў пластычную масу, золата набыла некалькі адценняў. Кожны пялёстак, выразаны разьбяром, трэба было асаблівым чынам пазалаціць, каб ён меў свой адметны тон.
Царскія вароты XVII стагоддзя, выкананыя беларускімі майстрамі і іх рускімі вучнямі, былі зробленыя ў тэхніцы скразной пазалочанай разьбы. Элементы выразаліся з адзінай ліпавай дошкі з выкарыстаннем складаных інструментаў.
Разьбяныя кранштэйны. Фота: sobor. by
Беларускія майстры прывезлі з сабой новыя інструменты: шархебель (разнавіднасць рубанка), галцель (для жалабкоў), цынубель (з зубчастым лязом), варштат (спецыяльна абсталяваны стол). Яны таксама ўмелі «знаменіць» — наносіць малюнак перад разьбой, — і навучылі гэтаму рускіх вучняў.
Сярод вядомых імёнаў таго часу: віцебскія разьбяры і сталяры Піліп Тарасаў, Кірыл Талкачоў, Самойла Багданаў, Даніла Какотка, Іван Дракула, Давыд Паўлаў, Якуб Пагарэльскі; Андрэй Фёдараў з Оршы; Фёдар Мікулаеў з Дуброўна. Усе яны зрабілі ўнёсак у стварэнне маскоўскай школы пазалочанай рэзі.
Беларускія майстры прывезлі не толькі новыя прылады, але і новыя спосабы разьбы.
Каб паказаць, якім было рускае мастацтва да іх прыезду, на выстаўцы таксама прадстаўлены царскія вароты больш ранняга перыяду з Рускай Поўначы: яны ніжэйшыя, простыя, плоскасныя, з паўтаральным арнаментам, амаль без пазалоты. Гэта выразна кантрастуе з барочнай пышнасцю, што прыйшла з беларускіх земляў.
Беларускія майстры ў 1667–1668 гадах удзельнічалі і ў будаўніцтве грандыёзнага драўлянага палаца цара Аляксея Міхайлавіча ў Каломенскім. Работамі кіраваў старац Арсеній з Оршы, кіраўнік Палаты разьбяных і сталярных спраў Збройнай палаты. За адзін год яны ўпрыгожылі палац багатай драўлянай разьбой, пазалотай і роспісамі, зрабіўшы з яго шэдэўр расійскага дойлідства XVII стагоддзя.
Картуш з іконай «Зняцце з крыжа». Фота: sobor. by
Асобны шэдэўр на выстаўцы — ікона «Зняцце з крыжа» пачатку XVIII стагоддзя са страснога рада іканастаса ў шыкоўным разным картушы. Яна ўпершыню вывезеная за межы музея і спецыяльна адрэстаўраваная для гэтай выставы.
Круціцкі церамок у Маскве, чые фасады аформленыя кафляй беларускіх майстроў-цаніннікаў. Фота: Ludvig14 / Wikimedia Commons
На выстаўцы таксама прадстаўлена мастацкая кафля, выкананая беларускімі майстрамі, якіх называлі цаніннікамі. Шматколерныя вырабы сталі ўпрыгожваць не толькі печы, але і фасады маскоўскіх храмаў і палацаў, як, напрыклад Круціцкага церамка.
Прадстаўлены, між іншым, кафлі 1660-х гадоў з фрыза, які апяразваў суцэльным поясам маскоўскі храм Святога архідыякана Сцяпана за Яузай, разбураны ў 1930-я гады.
Сценная паліхромная кафля беларускіх майстроў XVII стагоддзя. З дэкору царквы Стэфана ў Заяўззі, Масква. Фота: sobor. by
«У Ізмайлаўскім храме разнастайнасць узораў выклікала такое здзіўленне, што стваральніка па-руску празвалі Палубесам. Сцяпан Палубес — сапраўдны цуд», — кажа беларускі мастацтвазнавец Вольга Бажэнава.
Эмалі, якія былі выкананы беларускімі майстрамі маюць асаблівае ззянне, бо пры абпале ў іх дадавалася волава. На нямецкай мове волава — Zinn — уласна ад яго і пайшла назва саміх майстроў — цаніннікі.
Паліхромная кафля беларускіх майстроў XVII стагоддзя. Фота: Нясвiжскiя навіны
«Фарбы цалкам характэрныя, тыповыя для XVII стагоддзя: жоўтая, карычневая, сіняя, белая, а фон — светла-зялёны.
Гэтыя фарбы называюцца эмалямі. І гэта якраз тое новае, што прынеслі беларускія майстры. У Расіі былі вядомыя ў асноўным тэракотавыя або зялёныя кафлі, а тут з’яўляюцца ўжо рознакаляровыя, з прымяненнем эмаляў, — захапляецца Палякова.
— Кожная фарба мае сваю ўласную тэмпературу абпалу. Колькі фарбаў — столькі разоў кафлю клалі ў печ. Яны так добра захаваліся і так блішчаць таму, што былі зробленыя па такой тэхналогіі. Кафля можа раскалоцца — бо гліна ўразлівая, але фарбы не зніклі, бо маюць асаблівую трываласць — гэта сапраўднае майстэрства».
Кафля беларускіх майстроў XVII стагоддзя на выстаўцы. Фота: Нясвiжскiя навіны
Дакументы XVII стагоддзя захавалі і імёны беларускіх цаніннікаў: ураджэнцы Копысі Ігнацій Максімаў, Самошка Грыгор’еў, Павел Буткееў і яго сын Сямён, Восіп Іваноў са Шклова, ужо згаданы Сцяпан Палубес з Мсціслава.
Іх працы заклалі асновы маскоўскай школы кафлярства, якая паўплывала на аздабленне фасадаў храмаў і палацаў XVII стагоддзя.
Экспазіцыя будзе адкрыта для публікі ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» да 1 кастрычніка 2025 года.