Беларуская нацыянальная адметнасць — Артысты, Якіх Няма

20.08.2025 Музыка
«Ні адна краіна сьвету ня можа павыхваляцца такой цікавосткай, такой нацыянальнай асаблівасьцю, такім здабыткам! Гэта ёсьць толькі ў РБ, болей нідзе». Лявон Вольскі піша пра беларускую нацыянальную адметнасць — існаванне Артыстаў, якіх няма. Узнікла гэтая з’ява даволі даўно. Такіх артыстаў у Беларусі ўжо некалькі генерацый. Апошняя хваля з’явілася пасля 2020 года.

Lavon Volski
Лявон Вольскі

Золак беларускага шоў-бізнэсу

Нядаўна мне даслалі запіс канцэрту гурта «Мроя». Гэта быў магілёўскі фэстываль «Дыялёг», 1988 год. Так-так, у гэтым годзе ў беларускім савецкім горадзе Магілёве праводзіўся рок-фэстываль. Я скажу болей, гэтых фэстываляў было два ці тры, дакладна ўжо ня памятаю, мы ўдзельнічалі ў двух першых. Я думаю, што яго назвалі «Дыялёг», каб падкрэсьліць ідэйны складнік — праца з моладзю, з нефармальнымі плынямі, контркультурай. Тады кіпела «Перабудова», і камсамольцам было загадана працаваць з «моладзю і падлеткамі». Вось і загрымелі па краіне (тады яна сарамліва звалася «рэспублікай») рок-фэсты — «Рок-крок» у Гародні, «Рок-рэвю» ў Бабруйску і гэты самы «Дыялёг» у Магілёве. Толькі грай!

Трэба аддаць ім належнае, камсамольскія лідэры займаліся арганізацыяый фэстываляў з задавальненьнем. Было відаць, што ім падабаецца гэтая музыка, падабаецца арганізоўваць канцэрты, падабаецца фэстывальны працэс — прыезд гасьцей — харчаваньне — засяленьне — саўнд-чэк — канцэрт — разьвітаньне — ад’езд.

Гэта быў золак беларускага шоў-бізнэсу. Усё імкліва расло й разьвівалася. На тым самым «Дыялёгу» мы гралі страшна непрафэсійна — па-за тэмпам і нотамі, а ўжо літаральна праз год абсалютна ўпэўнена трымалі ў руках інструмэнты.

гурт "Мроя", 1987 г.«Мроя» ў Полацку, 1987 год: Лявон Вольскі (другі зьлева), Алег Дземідовіч (трэці зьлева), Уладзя Давыдоўскі (шосты зьлева), Юрась Ляўкоў (сёмы зьлева), фота з сайту ggau.by

Незалежнасьць і новыя схемы музычнае дзейнасьці

Потым прыйшоў час незалежнасьці, зьніклі камсамольскія правадыры, кіроўная роля КПСС, зьдзьмулася перабудова. Зьявіліся новыя, іншыя схемы музычнае дзейнасьці, усё камэрцыялізавалася, зьявілася замежжа (мы пасьпяхова выступалі ў Польшчы і Францыі), зьмянілася рэчаіснасьць, і некаторыя песьні страцілі актуальнасьць. 

Mroja_basowiszcza_2009.JPG"Мроя" на фэстывалі «Басовішча-2009» у Польшчы

Калі раней было фэноменам ужо тое, што ты ёсьць і сьпяваеш рок па-беларуску, дык у новыя часы трэба было зьвяртаць увагу на «ўпакоўку» ды «падачу» — нават калі ты граеш панк-рок, твая рытм-сэкцыя мусіць жалезна трымаць тэмп, а гітарыст беспамылкова граць смачныя рыфы. Пры гэтым нельга было страціць першапачатковы імпэт і ператварыцца ў шараговы шэры хард-рок ці пост-панк гурт.

Ну, вось. Гэткія ж працэсы адбываліся ў кожнай постсавецкай краіне (якія да гэтага сарамліва зваліся «рэспублікамі»). Цяжка, празь недахоп сродкаў, праз неплацежаздольнасьць патэнцыйных гледачоў-слухачоў, праз ломкі старых стэрэатыпаў, у гэтых краінах фармаваўся новы незалежны нацыянальны шоў-бізнэс.

Чорныя спісы

На пачатку 2000-х усё амаль сфармавалася. Зьявіліся топ-артысты, якія заўсёды зьбяруць залу, зьявіліся мэнэджэры, здольныя арганізаваць шоў любога маштабу, зьявіліся прадусары, якія генэравалі ідэі. Зьявілася абсталяваньне, дарагія дасканалыя інструмэнты, асьвятленьне і мікшэрныя пульты. 

Як назлосьць, у Беларусі паралельна з усім гэтым зьявіліся чорныя сьпісы. У гэтых сьпісах, акурат, фігуравалі топ-артысты — гурты, здольныя сабраць любую залу, якія мелі за сьпінаю канцэртовыя туры (на радзіме й за мяжою), папулярныя ў народзе пэрсоны.

Выканаўцы, якіх раней круцілі па радыё і тэлевізіі, зь якімі гутарылі папулярныя газэты й часопісы, на якіх увесь час зьвяртала ўвагу дзяржаўная прэса, раптам апынуліся ў поўнай ізаляцыі.

Хіба што застаўся інтэрнэт, але ён у тыя часы быў яшчэ ня надта разьвіты. 

Гэтых артыстаў выразалі з плэй-лістоў ФМ-станцыяў, выкінулі з усіх магчымых этэраў і канцэртовых заляў. Атрымалася, што гэтых выканаўцаў у Беларусі, нібыта няма. Не, яны жывыя-здаровыя і нават пішуць новыя песьні і запісваюць альбомы, але на іхны канцэрт можна патрапіць адно за мяжою. Далёка ня кожны слухач вырашыцца на такую вандроўку дзеля нават улюбёнага сьпевака — візы, амбасады, шматгадзінны пераезд (пералёт), межы, памежны й мытны кантроль — ай, гары яно гарам! 

Такім чынам, для вялікае часткі публікі ў Беларусі гэтыя былыя «зоркі» зрабіліся пасьля забаронаў «Артыстамі, Якіх Няма» — «Вось я хадзіў калісьці, калі студыяваў, на канцэрты гэтага гурта, а потым ён недзе зьнік. Перастаў выступаць. Распаўся, відаць. Але песьні былі добрыя. Я дагэтуль захоўваю касэту з подпісамі музыкаў».

І гэта, бадай, адрозная рыса беларускае музычнае прасторы (язык не паварочваецца назваць гэта «шоў-бізнэсам») — Артысты, Якіх Няма.
Гэтыя Артысты, Якіх Няма раптам уваскрасалі ў якім менскім клюбе падчас чарговае адлігі, а потым зноў зьнікалі з поля зроку, патрапіўшы пад чарговыя рэпрэсіі...

Новая хваля Артыстаў, Якіх Няма

Malunak Lavona Volskaha
«Артысты, якіх няма».
Малюнак Лявона Вольскага

А потым, пасьля 2020-га, зьявілася новая хваля, новая генэрацыя Артыстаў, Якіх Няма. 

Гэтыя выканаўцы жывуць у Беларусі (такі іхны выбар) і некаторыя зь іх нават раз-пораз выступаюць на радзіме. Маюць яны некаторы попыт і за мяжою. Таму (навошта губляць магчымасьць?) даюць канцэрты і на Захадзе. Але гэтыя акцыі ахутаныя заслонаю таямнічасьці — пра канцэрт ведаюць толькі наведнікі засакрэчанае інтэрнэт-супольнасьці, на гэтых канцэртах нельга весьці відэа і фотаздымкі, забаронена карыстацца нацыянальнай сымболікай і крычэць патрыятычныя лёзунгі. Бо артысту ж трэба вяртацца на радзіму, а раптам у сеціва патрапяць кампрамэнтацыйныя кадры ягонага выступу з бел-чырвона-белымі сьцягамі і воклічамі «Жыве Беларусь!»? Такога ня трэба, шануйце бясьпеку! 

То бок, акцыя адбылася, але для большасьці публікі яе не было. Артыст прыяжджаў, але такі засакрэчаны, такі зашыфраваны, што яго практычна і не было. Чалавек-невідзімка. Артыст, Якога Няма.

«Вось сымбаль твой, забыты краю родны!»

Ні адна краіна сьвету ня можа павыхваляцца такой цікавосткай, такой нацыянальнай асаблівасьцю, такім здабыткам! Гэта ёсьць толькі ў РБ, болей нідзе. Часы ідуць, нешта недзе зьмяняецца, а беларуская стабільнасьць нараджае ўсё новыя і новыя генэрацыі ІХ — таямнічых, загадкавых, прывідных... Артыстаў, Якіх Няма.

Лявон Вольскі, Budzma.org