Літара Ў — адзін з самых пазнавальных сімвалаў беларускай мовы. Мы прывыклі лічыць яе адным з выключна нашых сімвалаў, але — сюрпрыз! — літара Ў ёсць і ў некаторых іншых мовах. Хаця і не выключана, што беларусы маюць да гэтага дачыненне, піша тэлеграм-канал «Годная гісторыя».
У беларускую кірыліцу гэты знак прыйшоў яшчэ ў ХІХ стагоддзі для перадачы гука [w], які адрозніваецца ад звычайнага «у». Ён афіцыйна замацаваўся ў правапісе Браніслава Тарашкевіча ў 1918 годзе і з таго часу стаў неад’емнай часткай беларускай графікі. Але далей яго гісторыя выйшла за межы Беларусі — і ў вельмі нечаканую лакацыю.
У 1920-х гадах савецкі ўрад перавёў пісьменнасць некаторых народаў Цэнтральнай Азіі з арабіцы на лацініцу. А ў 1939-1940-х у гэтай уніфікацыі пайшлі далей — лацініцу пачалі замяняць на кірыліцу. Але савецкія лінгвісты сутыкнуліся з праблемай: для гука [w], якога не існуе ў рускай мове, не было асобнай кірылічнай літары.
Таму вырашылі скарыстаць гатовы сімвал — беларускую Ў, бо яна абазначала амаль такі ж гук. Так літара Ў з’явілася ва ўзбекскай, таджыкскай, каракалпакскай і яшчэ некаторых цюркскіх мовах. І там яна праіснавала да пачатку 1990-х, пакуль краіны не вярнуліся да лацінкі. Хаця ў побыце дагэтуль жыве кірыліца.
А ў карачаева-балкарскай мове літару Ў вырашылі выкрасліць з пісьменнасці ў 1964 годзе. Хаця некаторыя лінгвісты настойваюць на яе выкарыстанні і сёння. Бо па выніку гук [w] як толькі не запісваюць — і звычайным У, і У́ з націскам, і зноў жа Ў.
Сёння літара Ў застаецца актыўнай у беларускай кірыліцы, але працягвае сустракацца ў кірылічных тэкстах узбекскай, каракалпацкай, таджыкскай савецкага перыяду. Яна прайшла доўгі шлях ад беларускага правапісу да міжмоўнага знака для перадачы гука [w], стаўшы прыкладам таго, як адзін нацыянальны сімвал можа атрымаць міжнароднае жыццё.