Арганізатары прэміі імя Ежы Гедройця абвясцілі выбар журы пасля галасавання за доўгі спіс гэтага сезону. Паводле статута, у яго мусяць уваходзіць 12 кніг, аднак сёлета журы выбрала ў спіс 13 выданняў, паведамляе bellit. info.
«У часе пасяджэння, прысвечанага вызначэнню доўгага спіса, журы прэміі Гедройця прыняло рашэнне павялічыць колькасць пунктаў да трынаццаці ў звязку з супадзеннем галасоў за дванаццатую і трынаццатую пазіцыі ў дадатковым галасаванні», — тлумачаць арганізатары.
1. «Мое баба — Діректор морга» — Вольга Аполька (Голя з Ополя) (самвыд);
2. «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» — Вольга Вялічка (выдавецтва Gutenberg Publisher);
3. «Вольнеры. Бясконцы дзень» — Валер Гапееў (выдавецтва «Янушкевіч»);
4. «Гульні Цырцэі. Раман» — Зміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat. org);
5. «Занзібар. Сталенне маладой душы» — Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»);
6. «Стрыжэ і піша» — Сяргей Календа (выдавецтва Gutenberg Publisher);
7. «Перамена месцаў» — Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);
8. «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандр Лукашук (выдавецтва «Вясна»);
9. «Апошняе пакаленне» — Макар (выдавецтва «Янушкевіч»);
10. «Жыццё ў дванаццаці апавяданнях» — Аляксей Правалоцкі (выдавецтва «Янушкевіч»);
11. «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала (выдавецтва Alena Kazlova);
12. «Гвалт» — Аляксандр Чарнуха (выдавецтва «Янушкевіч»);
13. «Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва Audiobooks. by і выдавецтва «Янушкевіч»).
З гэтага спісу будзе сфармаваны кароткі спіс (6 пазіцый), а пасля вызначацца лаўрэаты прэміі — кнігі, што атрымаюць першае, другое і трэцяе месцы.
Журы Прэміі Гедройця традыцыйна аб’ядноўвае вядомых літаратараў і літаратарак, даследчыкаў і даследчыц беларускага пісьменства.
Публічныя сябры журы гэтага сезона:
Катажына Дрозд-Урбаньска — беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта;
Сяргей Кавалёў — літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne»;
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, літаратуразнаўца.
Заснаваная ў 2012 годзе, літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця стала адной з найбольш прэстыжных узнагарод у беларускай культурнай прасторы. Яна адзначае значныя творчыя дасягненні, падтрымлівае аўтараў і аўтарак, фармуе вобраз сучаснай беларускай літаратуры.
Прэмія арганізуецца Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча ў Мінску і Польскага інстытута.