У Мінску адкрылася выстава “Шлях да Свабоды. Літва ў 1988–1991 гады”

16.02.2020 Афіша

17 лютага а 18-й гадзіне мастацкая галерэя “Універсітэт культуры” запрашае на адкрыццё выставы фотаздымкаў Зянонаса Някрошуса і Віргіліюса Усінавічуса “Шлях да Свабоды. Літва ў 1988–1991 гады”. Праект арганізаваны сумесна з Амбасадай Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.


Народ жывы, пакуль не толькі ведае сваю гісторыю, але і шануе і захоўвае яе. Прага літоўскіх людзей быць свабоднымі і аднавіць Незалежнасць была жывая цягам усіх гадоў савецкай акупацыі – падчас партызанскай вайны, бяззбройнага супраціву, яна праяўлялася і ў падпольным друку. Гэтая прага да Свабоды, быццам прыліў новай энергіі вясною, прабудзіла Народ да Адраджэння, напоўненыя ёю, мы збіраліся на шматтысячныя мітынгі, акцыі, пікеты, рушылі абняць Балтыйскае мора. Воля народу адлюстравалася ва ўзнятых трохколерных сцягах, у нашых сэрцах і вачах. Адбудоўваючы помнікі, ствараючы цуд Балтыйскага шляху, мы скандавалі словы: “Свабоду Літве!”. Гэтыя непаўторныя імгненні шляха Літвы да свабоды ўвекапомнілі і фатографы, якія разам з Народам перажылі трыумф Праўды і Справядлівасці. Перажытыя ў тыя часы эмоцыі найлепш перадае ўспышка фотаапарата і словы паэта, члена ініцыятыўнай групы Саюдзіса і Рады Сейма Юсцінаса Марцінкявічуса, напісаныя для каталога выставы фотаздымкаў 1991 года: “Глядзіце, вось Літва выходзіць са свету хлусні, гвалту, пакутаў і цемры. Адтуль, дзе яна была асуджаная на смерць, знікненне, пагібель. <...>У святле адраджэння – якая вялікая, прыгожая і адзіная Літва! Яна ўжо апранулася ў свабоду, яна ўжо імкнецца да вагню свабоды, што загарэўся ўвакне гісторыі. Свабода – гэта маці дабра”.

Фотааб’ектыў фіксаваў, як надышоў дзень Свабоды – 11 сакавіка 1990 года. Для Літвы гэта быў дзень надзеі і заваяванай Свабоды, а для дэпутатаў Вярхоўнай Рады – дзень адказнасці і рашучасці, які стаў днём перамогі, калі ў 22.44, пасля таго, як 124 дэпутаты прагаласавалі “за”, шэсць устрымаліся, была адноўленая Незалежнасць Літвы. Гэты пераход з прыгнёту ў свабоду быў увекапомнены на ўнікальных фотаздымках.

Падзея на Facebook

Паводле арганізатараў