У Вільні адкрылася выстава пра беларускае жыццё ў 1926 годзе

Віленскі беларускі музэй імя І. Луцкевіча запрашае наведнікаў на новую выставу пад назвай «1926: выстава пра будучыню». На выставе прадстаўленыя выдадзеныя ў 1926-тым беларускія кнігі, напісаныя ў той год любоўныя лісты гімназістаў Віленскай беларускай гімназіі, паштоўкі беларускіх паэтаў.

Afiša

«Насамрэч 1926-ты мала чым адметны, — прызнаюцца супрацоўнікі ВБМ. — Канешне, у Мінску збіраюцца на канферэнцыю ўсе зоркі тагачаснай лінгвістыкі, а Саветы раскашэльваюцца на новыя тыпаграфскія шрыфты, і беларускія кнігі, што выходзяць у Вільні і Мінску з гэтага года ўжо ніколі ня будуць адпавядаць аднаму стылю. Але насамрэч гэты год — чарговы год намагання звярнуцца да нармальнасьці пасля заняпаду першай сусветнай, не падазраючы, які пачварны заняпад чакае ўжо неўзабаве, падчас другой». 

Экспанаты, паказаныя на выставе, даюць магчымасць убачыць, што хвалявала тагачасных беларусаў. 

«Таму мы лічым, што гэтая выстава пра будучыню. Усё, што мы робім, мы робім для будучыні, і адзіны спосаб зразумець мінулае — гэта зразумець, якія будучыні ўяўлялі, якіх баяліся і якіх прагнулі,» — кажуць аўтары выставы.

Такім чынам гледача запрашаюць рэканструяваць тагачасныя ўяўленні пра будучыню паводле падручнікаў па Старому запавету і кашапляценню, здымкаў адкрыцця ў Вільні новых інстытуцыяў кшталту беларускай друкарні імя Скарыны ды інстытута гаспадаркі і культуры.

«1926: выстава пра будучыню»

«Праз сто гадоў зробім выставу пра 2026-ты», — пагрозліва папярэджваюць музейшчыкі, прымушаючы задумацца, што ж на такой выставе будзе паказана.

Выставу можна агледзець у працоўныя дні музея — з серады па нядзелю ў 14:00-20:00. Уваход на вольны. Музей знаходзіцца ў двары па адрасе Vilniaus g. 20. 

Тых, хто не ў Вільні, музей запрашае азнаёміцца з экспанатамі выставы на сваім віртуальным сховішчы, дзе можна пагартаць выстаўленыя кнігі і бліжэй паразглядаць лісты.