Фінал Дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы ўжо блізка. Паспей падаць заяўку!

Дзень роднай мовы бліжэй, чым вам падаецца. Не паспееце вокам міргнуць, а ён будзе тут. Фонд «Tutaka» і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку прапануюць правесці яго разам і ўзяць удзел у V Міжнародным Дэкламатарскім конкурсе для дзяцей, моладзі і дарослых.

Фінал конкурсу адбудзецца 24 лютага 2026 года ў Тэатры лялек у Беластоку. Таксама можна далучыцца анлайн з любой кропкі свету.

Afiša

Каб прыняць удзел у конкурсе неабходна запісаць відэа сваёй дэкламацыі верша або ўрыўка прозы па-беларуску і даслаць арганізатарам праз адмысловую форму да 13 лютага 2026 года.

Дэкламатарскі Конкурс да Дня Роднай Мовы — гэта конкурс аматараў беларускай літаратуры, якія любяць дэкламаваць і хочуць пазмагацца за перамогу ў лепшым выкананні верша ці празаічнай часткі твора. Гэта магчымасць выйсці за межы звыклага чытання, паспрабаваць сябе ў ролі выканаўцы, паэксперыментаваць з настроем і адчуць, як натуральна і сучасна беларускае слова гучыць у кадры ды на вялікай сцэне.

«Заклікаем ўсіх, для каго кожны дзень —  дзень роднай мовы; хто згадвае яе раз на год; хто меў з ёй справу толькі ў школе, —  падрыхтуймася да свята як след!» — заахвочваюць арганізатары конкурсу.

Сёлета конкурс мае міжнародны характар, арганізаваны па гібрыднай сістэме, што дае магчымасць удзельнічаць беларусам з усяго свету.

Узрост удзельнікаў — ад пяці гадоў.

Як прыняць удзел?

1. Выберыце свой любімы верш або частку твора.

2. Здыміце відэа чытання, нават на мясцовай гаворцы.

3. Запоўніце анкету і загрузіце відэа праз адмысловую форму да 13 лютага 2026 года.

4. Будзьце гатовы да фіналу 24 лютага 2026 года.

Усе пераможцы атрымаюць грашовыя ўзнагароды і прыемныя падарункі.