9 чэрвеня а 18:00 у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрыецца выстава «Дэпатрыяцыя», прысвечаная захаванню матэрыяльнай спадчыны беларускага дэмакратычнага руху і грамадзянскага супраціву.
Тэрмін «Дэпатрыяцыя» сустракаецца рэдка, але добра апісвае рэальнасць, у якой апынуліся беларусы і беларускі. Калі Радзіма больш не можа абараніць свае знакі. Калі нацыянальныя сімвалы і артэфакты пратэсту вымушаныя пакідаць краіну, каб выжыць.
У межах праекта Музей Вольнай Беларусі супрацоўнічаў з людзьмі ў Беларусі, каб бяспечна эвакуяваць прадметы, звязаныя з беларускай грамадзянскай актыўнасцю, культурным жыццём і пратэстным рухам. Значная частка прадстаўленых на выставе экспанатаў была вывезена з Беларусі праз бяспечныя каналы спецыяльна для далейшага захавання і музеефікацыі.

Экспазіцыя Музея Вольнай Беларусі. Студзень 2025 г.
Неабходнасць такой працы абумоўленая сучаснай сітуацыяй у Беларусі, дзе захоўванне многіх сімвалаў пратэсту, нацыянальнай ідэнтычнасці і грамадзянскай салідарнасці можа стаць падставай для рэпрэсій і крымінальнага пераследу.
За час рэалізацыі праекта «Музеефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі» музей атрымаў каля 170 матэрыяльных экспанатаў, а таксама некалькі тысяч лічбавых фотаздымкаў і відэазапісаў, створаных у перыяд з 1992 па 2026 год. Частка гэтых матэрыялаў прадстаўлена на выставе ўпершыню.
Асобная ўвага падчас падрыхтоўкі праекта надавалася бяспецы людзей, якія перадавалі прадметы або дапамагалі іх эвакуаваць. Таму многія экспанаты дэманструюцца без указання імёнаў аўтараў і ўладальнікаў.
«Дэпатрыяцыя» распавядае не толькі пра лёс асобных музейных прадметаў, але і пра больш шырокі досвед беларусаў, для якіх захаванне памяці і культурнай спадчыны стала часткай барацьбы за свабоду, годнасць і права на ўласную гісторыю.
Дата: 9 чэрвеня
Час: 18:00 (час мясцовы)
Месца: Музей Вольнай Беларусі ul. Foksal 11/1, Warszawa З павагай, Каманда Музея Вольнай Беларусі