У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі да 13 студзеня працуе выстава Вольгі Якубоўскай «Малюю наша жыццё». Вольга — аўтарка серыі «Коцікі свабоды», якую ведае і любіць, бадай, большасць беларусаў. Мы наведалі творчую сустрэчу з мастачкай.
Вольга цяпер жыве ў Рызе, а ў Варшаву прыехала адмыслова на адкрыццё сваёй выставы. Экспануюцца прынты знакамітых работ, дзе адразу зразумела, на чыім баку дабро: белыя (і бел-чырвона-белыя) коцікі змагаюцца за свабоду супраць чорных ваўкоў.
Разам з вядомай серыяй «Коцікі свабоды» ў Музеі Вольнай Беларусі можна пабачыць таксама серыю «Анёлы» і работы, прысвечаныя Украіне. Там некаторыя коцікі сталі з белых чорнымі. Але не перасталі быць добрымі.
Вольга Якубоўская да 2020 года малявала ілюстрацыі да дзіцячых кніжак, а пасля перажытага эмацыянальнага ўзрушэння ілюструе жыццё беларусаў, каб псіхалагічна дапамагчы сабе і іншым.
Мастачка распавяла, што малюе акрылам на паперы. «І добра, што я ад пачатку абрала паперу, а не холст, — кажа Вольга. Інакш работы было б складана вывезці з Беларусі». Адзін малюнак яна стварае два—тры дні: «Калі раблю партрэты, то шукаю інфармацыю пра чалавека ці гурт, шмат чытаю». Падчас творчай сустрэчы Вольга падзяквала свайму мужу Сяргею за тое, што ён узяў на сябе забеспячэнне сям’і: гэта дазваляе жанчыне цалкам прысвяціць свой час мастацтву.
У выглядзе коцікаў ужо выяўлена шмат вядомых беларусаў. Арыгіналы партрэтаў Вольга імкнецца па магчымасці перадаваць тым, хто на іх выяўлены, а копіі малюнкаў жывуць уласным жыццём: спачатку з’яўляюцца ў Instagram мастачкі, а потым іх часта выкарыстоўваюць беларусы па ўсім свеце. Напрыклад, з Мінска Вользе паведамілі, што копія яе работы ўжо доўгі час упрыгожвае сцяну ў адным двары, дзе яе не заўважаюць камунальнікі.
Работа «Вясна блізка!» трапіла на бланкі пасведчання аб шлюбе, якія выдае Народная амбасада Беларусі ў Швецыі. Яе копію з выставы ў Варшаве Вольга перадала на дабрачынны аўкцыён у Познань. У гэтым горадзе, дарэчы, адбылася папярэдняя выстава мастачкі.
У Музеі Вольнай Беларусі можна купіць сувеніры і рэчы з выявамі аўтарства Вольгі Якубоўскай.
Знойдзецца прадукцыя на любы густ: паштоўкі, значкі, футболкі, календары, шкарпэткі.
Частка работ Вольгі Якубоўскай прысвечана не асобным дзеячам, а абагульненым вобразам: дваровыя партызаны, пратэстоўцы, вернікі, абаронцы Курапатаў, беларуская дыяспара, спевакі і музыкі... У гэтых вобразах лёгка пазнаць сябе звычайным людзям.
Некаторыя малюнкі натхнёныя іншымі мастацкімі творамі: раманам «1984» Джорджа Оруэла, песнямі «Wind of Change» гурта Scoprions і «На Родине моей беда» магілёўскага барда Аляксандра Баля.
Мастак Яраслаў Кірвель намаляваў партрэт Вольгі Якубоўскай.
На сустрэчу завітала спадарыня Галіна, якая сабрала калекцыю беларускага пратэснага мастацтва ў Берліне.
Вольга Якубоўская нарадзілася ў Расіі, доўга жыла ў Наваполацку, вучылася ва Універсітэце культуры ў Мінску. На творчай сустрэчы яна размаўляла па-руску, аднак з вялікай цеплынёй казала пра беларускую мову. Паведаміла, што спрабуе камунікаваць па-беларуску ў сям’і, часам піша, але публічна выступаць ёй пакуль складана.
Выстава «Малюю наша жыццё» працуе да 13 студзеня ў Музеі Вольнай Беларусі (Варшава, Foksal 11). Уваход вольны!
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Фота аўтаркі