Выстава “Жаночы кантэкст” Сяргея Грыневіча ў галерэі “Ў”

03.03.2011 Мастацтва

img_9900_

Да першага дня вясны і да блізкага свята жанчын, якія працуюць, прымеркаваная персанальная выстава гродзенскага мастака Сяргея Грыневіча “Жаночы кантэкст”, якая адкрылася ў галерэі “Ў”.

img_0002_d0b3d180d18bd0bdd0b5d0b2_d187-d0b7-d181d18fd181d182d180d0bed0b9
Сяргей Грыневіч з сястрой

У сваіх працах, а таксама ў адказах на нашыя пытанні мастак раскрыў канцэпцыю выставы і акрэсліў сваё бачанне сучаснай рэчаіснасці і ролю жанчыны ў ёй.

— У чым сутнасць канцэпцыі выставы?

— Хацеў, каб паўсталі некаторыя пытанні. Гэта прыватны, суб’ектыўны погляд на ролю жанчыны ў нашым жыцці. Залішняя візуалізацыя нашага асяроддзя прыводзіць да таго, што мы больш давяраем таму, што бачым на карціне, фотаздымку, чым у адчыненым акне, дзе сапраўдная рэальнасць, дзе змяняецца дзень і ноч, поры года. Мне падаецца, свет больш прыгожы, адметны, чым бутафорыя, якой мы сябе атачылі.

img_0015_

— Якая Вашая роля як мастака ў гэтым працэсе паяднання і прымірэння чалавека з рэчаіснасцю?

— Роля сучаснага мастацтва ў тым, што яно павіннае задаваць пытанні, якія часта не могуць задаць палітыкі, грамадскія дзеячы. А адказваць на іх павінен глядач.

img_0022_d181d183d180d181d0ba_-d0b2d0b0d188d0bad0b5d0b2_d187-d0bcd0b0d0bb_d188d18dd19ed181d0ba_
Сурскі, Вашкевіч, Малішэўскі

— Якія пытанні Вы задаяце гледачу ў сваіх творах?

— Выстава — гэта спроба суб’ектыўнага позірку на наша жыццё і прысутнасць у ім жанчыны. Ці камфортна яна сябе ў ім адчувае? Мне здаецца, што не заўсёды. Паўстаюць моманты сімуляцыі, бутафорыі, выкарыстоўваюцца сучасныя прылады для ўяўлення рэчаіснасці, візуальнай і фармальнай інфармацыі. Мы ўсё часцей успрымаем свет апасродкавана, а не наўпрост, выязджаючы на прыроду ці адчыняючы акно. Замест гэтага мы слухаем спеў птушак у запісе на магнітафон. Хочацца вярнуць нас усіх, і ў прыватнасці жанчын, да рэальнага свету, да сапраўднага.

img_0033_

Што не так з сучаснымі жанчынамі? Адказ на гэтае пытанне ў кожнага свой. Магчыма, усё так, адпаведна часу. А калі параўноўваць, то з кім? З сялянкай ХІХ ст. ці гараджанкай ХХ? Яскравы вясновы вобраз беларусачкі намаляваў краязнаўца Міхаіл Федароўскі ў артыкуле “Сапраўднае каханне” за 26 чэрвеня 1919, надрукаваным у газеце “Беларуская думка”:

“Каханне сарамлівай і скромнай беларускі заўсёды ціхае, глыбокае, гарачае. Пачуццё робіць яе паэтычнай і глыбокай у поглядах. Беларуска, калі мае ўзаемнасць у сваім каханні, траціць галаву, ласіцца, галубіцца да свайго каханка, безупынна дарыць яго пяшчотамі і носіць яму кветкі, каб міламу заўсёды яе прыпаміналі. Беларускі ўмеюць гаварыць аб каханні і кахаць умеюць. Паслухайце ж, што беларуская дзяўчына кажа аб сваім пачуцці: яна за каханне пойдзе на край свету, яна б за яго жыццё аддала, у агонь ускочыла. Яе вочкі ніколі не могуць насыціцца сваім каханкам, а сэрца нацешыцца. Яна сокала свайго так мілуе, што дух і цела аддала б, яна “ад ног да галавы выцалавала б яго, высмактала б”. Чым больш яна кахае, тым больш робіцца нясмелай і сарамлівай. Для яе мілы — прытульны, як кляновы лісток, яна заўсёды аб ім думае — “і ў касцёле, і пры дзеле, і ў пасцелі”…

img_0027_

Біяграфічная даведка: Сяргей Грыневіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў г.п. Рось на Гродзеншчыне. У 1983 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Працуе ў розных тэхніках манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (фрэска, вітраж і г. д.), а таксама ў галіне станковага жывапісу. Сябра Беларускага саюза мастакоў. Карціны майстра захоўваюцца ў шматлікіх прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжою, а таксама ў калекцыях банкаў Cai (Іспанія), Raiffeisen (Швейцарыя), “Приорбанк” (Беларусь).