Экспазіцыю да 100-годдзя народнага пісьменніка планавалі паказваць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры да 5 мая, але перадумалі. Яна пратрымалася толькі 10 дзён.
Выставу згорнуць 5 лютага. Пра гэта стала вядома чытачу «Нашай Нівы», які тэлефанаваў у музей даведацца пра час працы выставы.
«Самі думалі, што будзе даўжэй, але так выйшла», — патлумачылі яму, не называючы прычынаў для датэрміновага закрыцця выставы.
Афіша да выставы пра Быкава. На ёй пазначана, што экспазіцыю будуць паказваць да 5 мая
Часовую экспазіцыю «Жыццё праз абрысы і лініі», прымеркаваную да 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава, адкрылі 25 студзеня.
Адметнасць выставы ў тым, што яна не толькі раскрывае асобу Васіля Быкава як пісьменніка, але і як мастака. У юнацтве ён хацеў стаць прафесійным мастаком і навучаўся на жывапісным аддзяленні Віцебскага мастацкага вучылішча. Вучобу давялося спыніць, аднак улюбёны занятак Быкаў не кінуў.
Адкрыццё выставы «Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі». Фота: facebook/bellitmuseum
На выставе можна пабачыць больш за 70 графічных і жывапісных работ Васіля Уладзіміравіча. Кожная з іх па-мастацку, дакладна і яскрава распавядзе пра пэўную падзею ці жыццёвы эпізод.
Краявіды, хаткі, падворкі з часоў дзяцінства, успаміны аб вайне, кур’ёзныя здарэнні, самаіранічныя замалёўкі, засваенне аўтамабільнай справы, будаўніцтва дачы ў Ждановічах — усе гэтыя сюжэты можна пабачыць на малюнках Васіля Уладзіміравіча.
Таксама ў экспазіцыі — фотаздымкі, кнігі, рукапісы, лісты, дакументы, асабістыя рэчы, прадметы адзення і аксесуары Васіля Быкава з фондаў музея гісторыі беларускай літаратуры.
Заўважым, што некалькі дзён таму Рада БНР прыняла зварот з заклікам шырока адзначыць 100-гадовы юбілей Васіля Быкава «ды прадэманстраваць нашую еднасьць у абароне нацыянальных каштоўнасьцяў».