Выступ Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага

15 красавіка ў бібліятэцы пасёлка Ждановічы ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбыўся выступ пісьменніцы Аксаны Спрынчан і музыкі Яраша Малішэўскага. Аўдыторыю складалі навучэнцы восьмых класаў.

Падчас імпрэзы Аксана Спрынчан чытала старыя і новыя вершы, а Яраш Малішэўскі граў на разнастайных беларускіх народных інструмэнтах. І самастойна, і акампанементам да вершаў гучалі дуда, акарына, дудкі, пішчыкі, варган. Зацікаўленыя слухачы пачулі аповеды пра паходжанне і адметнасць інструментаў, пра тое, якую ролю яны гралі ў жыцці беларусаў.

Упершыню школьнікі пачулі “Жалейку” Янкі Купалы, даведаліся, як гучыць беларускае жыта. Праілюстравала тое і супольная кніга Аксаны і Яраша – “Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў”, адрасаваная найперш дзецям і падлеткам. Дарэчы кожны ахвотны меў магчымасць пазнаёміцца з ёю, гэтаксама як і з іншымі кнігамі Аксаны, у тым ліку і апошняй – “Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў”. Вядома ж, не засталася ўбаку і прынесеная гітара – Яраш Малішэўскі выканаў колькі песень, некаторыя з іх напісаныя на вершы Аксаны Спрынчан, а таксама іншых беларускіх паэтаў.

Гледачы не заставаліся абыякавымі – прагучала шмат пытанняў і з іхняга боку, а ў некаторых песнях школьнікі і падпявалі. Выступ атрымаўся цёплым і па-хатняму ўтульным, у чым паспрыяла атмасфера, створаная зычлівымі супрацоўніцамі бібліятэкі. На імпрэзе Аксана Спрынчан зладзіла і адмысловую віктарыну, дзе прагучалі пытанні на тэму гісторыі і культуры Беларусі. Пераможцы – а іх выявілася надта шмат, атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.