У выдавецтве фонду «Камунікат» у Беластоку выйшаў новы раман Андрэя Федарэнкі

Новы раман Андрэя Федарэнкі «Сцэнарыст» працягвае тэму аналізу прыроды творчасці, пачатую ў яго папярэдняй кнізе «Жэтон на метро», піша kamunikat.org.

«Scenaryst»

Падзеі ў рамане, як піша сам аўтар, пачынаюцца «даўно, ледзь не ў даайфонаўскую эпоху, прынамсі, задоўга да Вялікага Каранціну і ўсяго, што затым пачалося», калі «на базе айчыннай кінастудыі вырашылі стварыць нешта кшталту філіяла». Яго героі — малады рэжысёр і пажылы сцэнарыст.

І хаця створаны як філіял ці даччынае адгалінаванне FilmBell — гэта не Галівуд, але сюжэт «Сцэнарыста» закручаны па-майстэрску, а тэкст насычаны жыццёвай філасофіяй, трапнымі выразамі і назіраннямі.

«Сцэнарыст» — сапраўдны дэтэктыў і адначасова — драма з непрадказальным фіналам.

Кнігу ўжо можна замовіць на сайце Kamunikat.shop, а першая сустрэча з чытачамі адбудзецца 15 лютага ў Вільні падчас Міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова, дзе Камунікат будзе анансаваць свае новыя выданні.

Вокладку да кнігі зрабіў беларускі мастак Артур Вакараў.